Беларуская Служба

Армяне пратэстуюць супраць бяздзейнасці расіян, якія не ў стане аднавіць рух праз калідор, што спалучае Нагорны Карабах з Арменіяй

09.01.2023 14:24
У выпадку, калі расійскія міратворцы не будуць рабіць актыўных дзеянняў, дэманстранты гатовыя аб'явіць іх «акупантамі».
Аўдыё
  • Арменія захрасла ў саюзе з Расіяй
 ,
Лачынскі калідор, які спалучае Нагорны Карабах з Арменіяйфота: Bourrichon/https://commons.wikimedia.org/wiki/File:NK-Map.svg, CC BY 2.5, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=29810285

Надоечы ў Арменіі затрымалі каля 100 чалавек на мітынгу непадалёк расійскай ваеннай базы ў горадзе Гюмры. Прычынай пратэсту стала незадаволенасць армянскай апазіцыі бяздзейнасцю расійскіх міратворцаў. Апазіцыя з’ядналася ў адмысловую структуру, названую «Супраціў». Пра гэтую структуру і генезіс канфлікту распавядае палітолаг Павел Усаў.

- Узнікла яна пасля таго, як скончылася вайна за Нагорны Карабах (паміж Арменіяй і Азербайджанам – рэд.). Яна скончылася практычна паразай Арменіі, было зроблена шмат саступак з боку Арменіі, яна павінна была вярнуць усе тэрыторыі вакол Нагорнага Карабаху. Наступным ударам было тое, што Лачынскі калідор (яднае Арменію і Нагорны Карабах – рэд.) павінен быў быць вернуты пад кантроль Азербайджану. Яго да гэтага кантралявалі расійскія міратворцы, якія ў снежні сышлі. Гэта перакрала магчымасці паставак з Арменіі ў Нагорны Карабах, паколькі шлях перакрылі азербайджанскія эколагі, якія пратэставалі, што Арменія займаецца здабычай прыродных рэсурсаў у Нагорным Карабаху, што шкодзіць экалогіі. Азербайджанскі бок перакрыў адзіную транспартную артэрыю, што пагражае гуманітарным крызісам. Нагорны Карабах не прызнаны ніводнай краінай свету, відаць, цяпер Азербайджан намераны цалкам зачысціць гэтую тэрыторыю, што стане для Арменіі катастрофай.

Арменія зрабіла стаўку на Расію, якая цяпер практычна «здае» сваіх саюзнікаў, паколькі яна занятая на вайне ва Украіне, дзе расійскія войскі ўсё больш знясільваюцца. А супернік Арменіі – Азербайджан – мае за сабою такіх магутных саюзнікаў, як Турцыя, якая адыграла важную ролю ў канфлікце Азербайджану з Арменіяй за спрэчныя тэрыторыі.

- Тады ўпершыню былі ўжытыя турэцкія беспілотнікі, якія нанеслі сур’ёзныя ўдары па пазіцыях Арменіі. Турцыя, якая з’яўляецца членам НАТА, узбройвае Азербайджан. А Расія не развівала войска Арменіі, хаця тая і ўступіла ў АДКБ. Карупцыя з’ядала ўсе сродкі, прызначаныя на армянскуую армію. На саміце АДКБ было заяўлена, што арганізацыя не будзе ўмешвацца ў канфлікт, пра што казаў і Лукашэнка. Усё гэта спрыяе антырасійскім настроям (у Арменіі – рэд.), але іншых гарантыяў у гэтай краіны няма. Яна аддала сябе Расіі, не развівала супрацы з Еўропай, баючыся справакаваць Расію. І зараз, відавочна, Расія будзе намагацца цалкам падпарадкаваць Арменію.

Нездарма нядаўна беларускі амбасадар у Арменіі Аляксандр Канюк заявіў, што ў Саюзе Беларусі і Расіі не хапае Арменіі – маўляў, калі ўступіце ў саюзную дзяржаву, мы вас зможам абараніць. Магчыма, ужо пачалася падрыхтоўка да ўцягнення Арменіі ў саюз.

нг

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі