Беларуская Служба

Павал Усаў: Прапановы вяртацца ў Беларусь - выключна змена палітыкі ў працэсе рэпрэсій

25.01.2023 16:28
Беларускія ўлады паабяцалі стварыць адмысловую камісію, якая будзе вызначаць, ці ўдзельнікі пратэстаў, якія вымушана ўцякалі з краіны, могуць вярнуцца назад, пры гэтым вядома пакаяцца, а нават, як сказаў Лукашэнка, стаць яшчэ большымі ябацькамі, чым ябацькі ў краіне.
Аўдыё
  • Павал Усаў: Прапановы вяртацца ў Беларусь - выключна змена палітыкі ў працэсе рэпрэсій
Павал Усаў.

Вядомыя ўжо прыклады, калі супрацоўнікі службаў выходзілі на канкрэтных людзей, угаворвалі іх вярнуцца, абяцаючы, што ім нічога не пагражае, а пасля вяртання такі чалавек адразу трапляў за краты.

Палітолаг Павал Усаў гаворыць, што прапановы вяртацца ў Беларусь - выключна змена палітыкі ў працэсе рэпрэсій.

-З такой заявы вынікае некалькі аспектаў. Па-першае, Лукашэнка разумее, што па прычыне рэпрэсій адбываецца вымыванне спецыялістаў, найбольш эканамічнага класу. Пэўныя злагоджанні, хоць іх так цяжка назваць, на яго думку павінны спыніць гэты працэс. З другога боку, яны разумеюць, што апазіцыя пачынае ўваходзіць у фазу сістэмнага крызісу, а таму лічаць, што гэта добры момант на іх карысць. Трэцяе: думаю, што Лукашэнка адчувае перспектыву паразы Расіі, таму спрабуе падрыхтаваць прадумовы для магчымага дыялогу з Захадам. Аднак, гэтыя прапановы нельга назваць сур’ёзным працэсам змены падыходу ва ўнутранай палітыцы. Паралельна з гэтым гаварылася, што кантроль і рэпрэсіі будуць працягвацца, каб не дапусціць 2020 год. Гэта выключна змена палітыкі ў працэсе рэпрэсій.

Сам прапанаваны механізм я называю механізмам таталітарнай еўгенікі, механізм перафарматавання псіхалагічнага вобліку чалавека, які выступаў супраць рэжыму. Гэта будзе адбывацца праз шэраг прыніжальных палітычных рытуалаў. Такія камісіі зробяць усё, каб маральна і псіхалагічна падавіць чалавека. Такі чалавек будзе абясшкоджаны, ён адмовіцца ад сваіх прынцыпаў.

Тым не менш, было сказана, што ў дачыненні да тых, хто ваюе ва Украіне, да палітычных лідараў, ніякага злагоджання не будзе.

Неабходна нагадваць, што не варта верыць уладам. Прыкладаў затрыманняў пасля вяртання з-за мяжы ёсць шмат. Варта разумець, што калі нехта ўсё ж вырашыцца прайсці праз усе прыніжальныя працэдуры, то няма ніякай гарантыі, што ўлады стрымаюць слова.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка