Беларуская Служба

Ці беларускі народ заслужыў тэрор, які навёў Аляксандр Лукашэнка?

26.04.2023 16:00
37 гадавіна выбуху на Чарнобыльскай АЭС і сэнс сённяшніх Чарнобыльскіх шляхоў у замежжы; Што маглі б зрабіць з Астравецкай АЭС новыя ўлады Беларусі? Ці беларускі народ заслужыў тэрор, які навёў Аляксандр Лукашэнка і яго памагатыя? – пытаем у палітолага Паўла Усава.
Аўдыё
  • Ці беларускі народ заслужыў тэрор, які навёў Аляксандр Лукашэнка?
Павал Усаў.

Сёння 37 гадавіна выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў замежжа выходзіць на чарнобыльскія маршы там дзе яны жывуць. Чарнобыльскі шлях цяпер набывае новыя сэнсы.

Павел Усаў, палітолаг: Перш за ўсё такія акцыі павінны прыцягнуць увагу да праблемы Беларусі ў двух кантэкстах: перш за ўсё, да той трагедыі, якая адбылася ў 1986 годзе і чым яна сталася дла Беларусі і для беларусаў – спрычынілася да забруджвання вялікай часткі тэрыторыі з насельніцтвам больш за 1 млн чалавек. Другі момант гэта тое, што сёння адбываецца ў Беларусі – намаганні Расіі і лукашэнскаўскага рэжыму ўсталяваць у краіне ядзерную зброю, пакуль тактычную, але ў перспектыве, магчыма, з'явіцца і стратэгічнае ядзернае ўзбраенне. І, магчыма як вынік гэтых двух аспектаў – гэта яшчэ раз паказаць праблему, з якой сутыкнулася Беларусь – гэта Лукашэнка і Пуцін. Таксама нейкім чынам паўплываць на ўлады еўрапейскіх краінаў, каб Беларусь была прызнаная краінай акупаванай.

У Беларусі працуе Астравецкая АЭС. Яна атрымлівае шмат крытыкі і за тое, як яна працуе – што пастаянна адбываюцца нейкія збоі – і за наўпростую ці ўскосную падпарадкаванасць яе Расіі. Давайце ўявім, што ў Беларусі мяняюцца ўлады, наводзіцца новы парадак у краіне. Што новае кіраўніцтва краіны можа зрабіць з Астравецкай АЕС?

П.Усаў: Астравецкая атамная электрастанцыя можа быць выкарыстана новымі беларускімі ўладамі як інструмент энергетычнай бяспекі. Неабходна будзе вырашыць некалькі ключавых момантаў, перш за ўсё, правесці пашыраную праверку агульнай бяспекі атамнай электрастанцыі, запрасіць замежных спецыялістаў у межах МАГАТЭ, каб даць адказ, чаму ўвесь час адбываюцца нейкія збоі. Станцыя пабудаваная расіянамі і выкарыстоўваецца Расіяй як інструмент дадатковага ўплыву і кантролю за Беларуссю. Расійскае кіраўніцтва выдала 11 млрд долараў крэдыту на пабудаванне гэтай электрастанцыі. У перспектыве ў рамках кампенсацыі, якіх мы можам патрабаваць у Расіі за акупацыю Беларусі, мы можам нацыяналізаваць гэтую АЭС і не выплочваць ніякіх крэдытаў Расіі. А што яшчэ рабіць? З боку літоўскага кіраўніцтва і часам з боку польскага часам чуваць галасы, што атамная станцыя ў Астраўцы пагражае бяспецы экалогіі Літвы і Польшчы. Я лічу, што аптымальным будзе стварыць нейкае абʼяднанае кіраўніцтва гэтай АЭС Літвой, Польшчай і Беларуссю і каб яе працай карысталіся нашыя тры народы. Я лічу, што гэта быў бы добры, паспяховы праект.

У Беларусі працягваецца дзяржаўны тэрор супраць уласнага народу. Кожны дзень арыштоўваюцца людзі па надуманых прычынах, кожны дзень зʼяўляюцца новыя вязні і палітвязні. Гэты тэрор на практыцы ажыццяўляе не сам Лукашэнка, а шараговыя супрацоўнікі сілавых структур, начальнікі ўстаноў, суддзі, пракуроры. Чаму сярод беларусаў так шмат подлых людзей? Ці беларускі народ заслужыў тэрор, паколькі пагаджаецца на катаванні, не бунтуецца?

П.Усаў: Подлыя людзі ёсць, былі і будуць паўсюль і заўсёды. Гэта не датычыць толькі беларусаў. Але ў Беларусі гэта вынік трохсотгадовай гісторыі геапалітычнага нявольніцтва, вынішчэнне беларускай нацыі, беларускага сумлення расійскай імперыяй, потым бальшавікамі. Гэта няспеласць нацыянальнай свядомасці ў 1990-я гады, вынік русіфікацыі і саветызацыі Беларусі. Нават у 2020 г. беларусы паглядалі на Расію і чакалі, што яна дапаможа вырашыць пытанне Лукашэнкі. Той факт, што некаторая колькасць беларусаў удзельнічае ў рэпрэсіях, у катаваннях гэта вынік абесчалавечвання, дэгуманізацыі часткі людзей, якія працуюць у сістэме, якія гатовыя выконваць любы загад для меркантыльных мэтаў: для заробкаў, статусу, камфорту. Я ўпэўнены, што толькі праз стварэнне дэмакратычных інстытутаў, праз трансфармацыю агульнай сістэмы можна чакаць, што гэта не паўторыцца. Аднак патрэбны даволі доўгі час адукацыі, самаадукацыі, грамадскага выхавання праз школу, праз універсітэты, праз сямʼю. На жаль, гэта не адбудзецца хутка. Беларусаў чакае вельмі доўгі шлях да ўнутранай трансфармацыі.

Гутарыла Яланта Смялоўская


Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка