Вашынгтон рыхтуе планы на выпадак, калі вайна ва Украіне ператворыцца ў шматгадовы замарожаны канфлікт, які доўжыцца гадамі ці дзесяцігоддзямі, як вайна на Карэйскім паўвостраве, паведамляе сёння Niezalezna.pl са спасылкай на амерыканскі партал Politico. Амерыканцы спасылаюцца на афіцыйных асоб адміністрацыі ЗША.
Сітуацыя, пры якой вайна ва Украіне становіцца замарожаным канфліктам, здаецца ўсё больш верагоднай, і такую магчымасць абмяркоўваюць розныя міністэрствы і ведамствы адміністрацыі прэзідэнта Джо Байдэна.
Такі сцэнар выглядае тым больш верагодным, што ні адзін з бакоў канфлікту не гатовы прызнаць сваю паразу. Акрамя таго, у адміністрацыі ЗША пачынае пераважаць меркаванне, што ўкраінскае контрнаступленне не стане «смяротным ударам» для акупанта, піша Politico.
Нельга выключаць, што замарожаны канфлікт быў бы палітычна прасцейшым рашэннем для Злучаных Штатаў і іншых краін, якія падтрымліваюць Украіну, паколькі гэта знізіла б выдаткі на падтрымку Кіева.
Дыскусіі аб такім доўгатэрміновым канфлікце нізкай інтэнсіўнасці знаходзяцца «на ранняй стадыі», адзначае Politico. Амерыканцы мяркуюць, што яшчэ некаторы час будзе працягвацца «гарачая вайна», і адміністрацыя Байдэна мае намер працягваць ваенную падтрымку Кіева, каб падтрымаць магчымасць вярнуць як мага больш украінскай тэрыторыі, тлумачыць партал.
Але нават меркаванне, што такія планы існуюць, можа падарваць веру ўкраінскіх лідараў у нязменную прыхільнасць Амерыкі іх справе.
Большасць прадстаўнікоў амерыканскага ўрада пазбягае публічных заяў аб тым, як будзе развівацца вайна ва Украіне, але старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў генерал Марк Мілі неаднаразова заяўляў, што гэты канфлікт не скончыцца ваеннай перамогай аднаго з бакоў, але перамовамі, нагадвае партал Politico.
яс