Беларуская Служба

Старшыня Саюзу палякаў Беларусі атрымае званне ганаровага грамадзяніна Познані

07.06.2023 12:04
За сваю дзейнасць Анжаліка Борыс атрымала шмат узнагарод.
Анжаліка Борысфота: ZPB

Анжаліка Борыс стане Ганаровай грамадзянкай гораду Познань. Дэпутаты гарадской рады прынялі рашэнне пра прысваенне ёй дадзенага звання. Ганаровае грамадзянства атрымаюць таксама педагог Януш Хелер, баскетбалістка Івона Яблоньска, пісьменнік-сатырык Лех Канапіньскі, музыкантка Уршуля Сіпіньска і Фонд гуманітарнай дапамогі Redemptoris Missio – адна з найбуйнейшых польскіх няўрадавых арганізацый, якія аказваюць гуманітарную дапамогу развіваючымся краінам - чытаем на сайце Познані poznan.pl.

На сесіі 6 чэрвеня дэпутаты вырашылі, што Анжаліка Борыс атрымае званне Ганаровага грамадзяніна гораду Познань. Яна – шматгадовая старшыня Саюзу палякаў Беларусі. Ганаровае грамадзянства – а таксама званні «Выдатнік гораду Познань» – будуць уручаны падчас урачыстай сесіі, якая адбудзецца 29 чэрвеня.

Анжаліка Борыс нарадзілася ў 1973 годзе ў польскай сям'і ў БССР. З 1995 года яна была сябрам Саюза палякаў Беларусі, а ў 2005 годзе была абраная яго старшынёй, што было негатыўна ўспрынята ўладамі Беларусі. За дзейнасць у карысьць беларускіх палякаў яе неаднаразова прыцягвалі да крымінальнай адказнасці, дапытвалі ў КДБ, пракуратуры і міліцыі, каралі высокімі штрафамі і пазбаўленнем волі. За сваю дзейнасць Борыс атрымала шмат узнагарод, у тым ліку прэмію «Fidelis Poloniae» за абарону свабоды слова, прысуджаную Сусветным форумам СМІ палякаў, якія пражываюць за мяжой Польшчы. У 2011 г. за выдатны ўклад у папулярызацыю Польшчы ў свеце атрымала Ганаровую грамату міністра замежных спраў.

нг