Супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымалі ў Польшчы яшчэ аднаго чалавека, які выконваў заданні Расіі. Ён з'яўляецца грамадзянінам Украіны. Арышт адбыўся ў Коніне.
Падазраванага затрымалі 21 чэрвеня. Гэта ўжо пятнаццаты чалавек, які абвінавачваецца ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе ў сувязі са шпіёнскай дзейнасцю.
Падазраваны прыехаў у Польшчу ў 2019 годзе, уступіў у кантакт з каардынатарам шпіёнскай сеткі. Як паведамляе RMF FM, затрыманы шпіён дзейнічаў пераважна ў Паморскім ваяводстве.
Мужчына сфатаграфаваў ваенны порт у Гдыні, ваенны аэрапорт, а таксама сфатаграфаваў тэхніку, якой карысталіся польскія вайскоўцы. Ён перадаў фота расійскай выведцы і атрымаў за гэта грошы.
Акруговы суд у Любліне прыняў рашэнне аб часовым трохмесячным арышце мужчыны.
Пракуратура не выключае новых арыштаў па гэтай справе.
Нагадаем, у сакавіку Акруговая пракуратура ў Гданьску паведаміла аб арышце чалавека, які падазраецца ў шпіянажы на карысць расійскай вайсковай выведкі. Паводле вынікаў следства, гэты падазраваны дзейнічаў у інтарэсах расійскай разведкі, атрымліваючы і збіраючы інфармацыю, у тым ліку пра крытычную інфраструктуру ў Паморскім і Куяўска-Паморскім ваяводствах і пра дзейнасць службаў і органаў, адказных за бяспеку.
wyborcza.pl / вх