11 ліпеня беларусаў скалыхнула жудасная навіна. Памёр палітвязень, вядомы мастак Алесь Пушкін.
Крыніца, знаёмая з абставінамі смерці Алеся Пушкіна, расказала выданню MOST, што адбылося ў гродзенскім шпіталі, дзе памёр палітвязень. У Алеся Пушкіна была прабадная язва, яму своечасова не дапамаглі ў турме.
Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў лякарню 11 ліпеня, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.
– Пушкіна прывезлі ў лякарню фактычна пры смерці. У яго быў развіты перытаніт, быў скептычны стан і поліарганая недастатковасць. Калі сказаць простай мовай, у яго была дзірка ў страўніку. Практычна не было шанцаў на выратаванне.
У сённяшняй рубрыцы «Палітычнае люстэрка» мы пацікавіліся ў палітычнага аглядальніка Паўла Усава, ці гэта трагічная гісторыя зможа паўплываць на стан беларускай апазіцыі і шырэй беларускага грамадства:
-Даволі скептычна стаўлюся да таго, што смерць Алеся Пушкіна і агулам стан беларускіх палітвязняў нейкім чынам паўплывае на стан рэчаў унутры беларускай апазіцыі.
Па-першае, варта разумець, што няма нейкай адзінай стратэгіі датычна санкцый. Офіс Ціханоўскай прытрымліваецца пазіцыі захавання і ўзмацнення заходніх санкцыі, а каманда Віктара Бабарыкі заклікае да правядзення прынамсі нейкіх абмежаваных перамоваў з рэжымам аб долі палітвязняў. На розных міжнародных сустрэчах, куды запрашаюць прадстаўнікоў беларускай апазіцыі гэты раскол робіцца відавочным.
Па-другое, трэба ўсведамляць, што заходнія санкцыі не маюць такога вялікага значэння для рэжыму Лукашэнкі, як гэта было ў 2006 ці 2010 годзе, а ўсё праз татальную залежнасць ад Масквы.
І па-трэцяе, гэта тыя ўмовы, якія Лукашэнка паставіў захаду для аднаўлення адносінаў і нейкага прынамсі мінімальнага аблягчэння долі вязняў сумлення: адмена ўсіх санкцый, прызнанне яго легітымным прэзідэнтам і спыненне якой-небудзь падтрымкі беларускіх апазіцыйных структур за мяжой. Таму нават, калі будзе адноўлены нейкі дыялог, я не веру, што гэта паўплывае на сітуацыю ў Беларусі. (...)
А пра тое, чаму Павел Усаў лічыць заявы прэзідэнта Літвы Гітанаса Науседы аб тым, што «Беларусь – гэта губерня Расіі», слухайце ў далучаным гукавым файле!
эж