Беларуская Служба

Павал Усаў: Ствараецца ўражанне, што нехта выкарыстоўвае беларусаў для сваіх палітычных амбіцый

26.07.2023 14:16
Зараз не адпаведны час, калі такія фільмы трэба даваць у адчыненым доступе, гаворыць палітолаг Павал Усаў пра публікацыю літоўцамі фільму пра беларускія пратэсты.
Аўдыё
  • Павал Усаў: Ствараецца ўражанне, што нехта выкарыстоўвае беларусаў для сваіх палітычных амбіцый
Павал Усаў.

У фільме паявіліся твары ўдзельнікаў пратэстаў, а прадстаўнік ГУБАЗІКа ўжо паспеў паінфармаваць, што матэрыялы з фільму могуць быць выкарыстаны для прыцягнення да адказнасці. Сітуацыя ўскалыхнула беларусамі, асабліва тымі, хто раней не засвяціўся на фота і відэа і працягвае заставацца ў Беларусі. Для іх гэта можа быць рэальнай пагрозай.

-Улічваючы неабмежавана цынічны падыход уладаў Беларусі, яны прынцыпова могуць выкарыстаць гэтыя матэрыялы, каб падняць узровень гневу ў дачыненні да літоўцаў. Тым больш, што гэта адбываецца не толькі на фоне рэпрэсіяў і вайны, але і на фоне пашыраных абмежаванняў і дыскрымінацыі, якую ўводзяць літоўцы ў дачыненні да беларусаў. Літоўцы, з аднаго боку фільмам, з другога рознымі праблемамі на мяжы і ўнутры краіны робяць з беларусаў ворагаў. Усё разам стварае ўражанне, што нехта выкарыстоўвае беларусаў для сваіх палітычных амбіцый, нехта для задавальнення сваіх творчых патрэб. Так ці інакш ахвярамі становяцца простыя людзі, – гаворыць Павал Усаў.

У Беларусі ўнесены змены ў закон «Аб мовах», які з 1990 года рэгламентуе моўную палітыку дзяржавы. Сярод іншага зараз адмяняецца права на атрыманне адукацыі на мове нацменшасці ў школах. Але дзяржава спрабуе кантраляваць і менш значныя сферы жыцця, я маю на ўвазе патрабаванні да экскурсаводаў. Акрамя тэм экскурсій, патрабавання «фарміраваць уяўленне аб Беларусі як аб краіне, прывабнай для турыстаў», патрабавання не дапускаць на экскурсіях суб'ектыўных некарэктных адзнак і выказванняў аб Беларусі і іншых краінах, паявіліся і нормы, як экскурсаводы павінны апранацца: «мець ахайны знешні выгляд, выключаць любыя формы правакацыі ў адзенні і знешнім абліччы».

-Гэта дадатковае сведчанне таталітарызацыі грамадскасці і дзяржавы: увядзенне формы, уніфікацыі. Паволі ўводзяць форму для настаўнікаў у школах, прычым гэта жудасная форма нейкіх рэлігійных сектантаў, чорная з белымі каўнерамі. Такая ўніфікацыі і дэперсаналізацыя грамадства, дзе ўсе павінны быць аднолькавымі, гэта практыкі савецкіх часоў. Думаю, што гэта будзе набіраць абароты, бо толькі праз адпаведныя рытуалы можна змяняць свядомасць, каб усе думалі згодна з адной лініяй, якую ўсталёўвае дзяржава, – кажа палітолаг.

Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка