Беларуская Служба

Бандытаў Прыгожына могуць выкарыстаць у Беларусі дзеля правакацый на мяжы

27.07.2023 14:30
Апошнімі днямі з Расіі ў Беларусь прыбыла чарговая калона наёмнікаў з «Групы Вагнера».
. .
"Вагнераўцы". Ілюстрацыя.фота: Shutterstock/Andrey Sayfutdinov

Выданне Gazeta Polska Codziennie закранае тэматыку наёмнікаў ПВК «Вагнер» у Беларусі. Бандытаў на чале з Яўгенам Прыгожыным могуць выкарыстаць дзеля правакацыі на польска-беларускай мяжы, – папярэджвае ў інтэрв'ю выданню прадстаўнік Пераходнага кабінета Павел Латушка.

Апошнімі днямі з Расіі ў Беларусь прыбыла чарговая калона наёмнікаў з «Групы Вагнера». У краіне ўжо некалькі тысяч наёмнікаў. Беларускае мінабароны паведамляе, што яны займаюцца падрыхтоўкай беларускіх вайскоўцаў. На думку Латушкі, вагнераўцы ў Беларусі ствараюць цэнтр лагістыкі, адкуль іх будуць перакідваць у Афрыку. Мэта іх прысутнасці – таксама стварыць пагрозу і напружанне суседнім дзяржавам, у тым ліку Польшчы і Украіне. На прыклад, яны могуць праводзіць дыверсіі на тэрыторыі Украіны, што прымусіць Кіеў выслаць на мяжу з Беларуссю больш войскаў.

Латушка нагадвае, што на мяжы Беларусі з Польшчай ды Літвой пастаянна адбываюцца інцыдэнты пры ўдзеле мігрантаў. Магчыма, рэжым Лукашэнкі можа скарыстаць вагнераўцаў дзеля правакацыі супраць Польшчы: некалькі чалавек заходзіць на польскую тэрыторыю, пачынае страляць у беларускіх пагранічнікаў, кагосьці забівае. Людзі Прыгожына могуць трапіць у Польшчу пад выглядам мігрантаў. Лукашэнка і Пуцін абвінавацілі б у канфлікце Польшчу. Па словах Латушкі, такі сцэнар быў напісаны некалькі гадоў таму, а цяпер ён чакае толькі загаду. Мэта правакацыі – паказаць, што НАТА не будзе ў стане адэкватна адказаць на такі выклік. Іншая мэта правакацыі пад фальшывым сцягам – зменшыць прыхільнасць польскага грамадства да Украіны і дапамогі ёй.

нг