Са слоў дарадцы прэзідэнта Украіны Міхаіла Падаляка, саміт «Расія-Афрыка», які завяршыўся ў суботу, стаў яшчэ адным доказам таго, што пазіцыі Уладзіміра Пуціна слабеюць. Нават афрыканскія краіны не ўспрымаюць яго як моцнага лідара. З гэтым меркаваннем не згодны наш эксперт – Расія ўмацоўвае свае пазіцыі ў Афрыцы ды стварае там праблемы для Захаду.
На саміце, які прайшоў 27-29 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу, прынялі ўдзел толькі 7 з 54 запрошаных кіраўнікоў афрыканскіх дзяржаў. Іншыя краіны прадстаўлялі міністры ці амбасадары. На саміт не прыехалі дэлегацыі 5 краін.
Ва Украіне гэта ўспрынялі, як дэманстрацыю слабасці Расіі ды асабіста Пуціна. Прэзідэнцкі дарадца Падаляк заявіў, што «шматлікія лідары афрыканскіх краін не прыехалі на саміт, а тыя, хто прысутнічаў, нават тыя, што залежаць ад Расіі ў фінансах і ўзбраеннях, адкрыта адхілялі прапанаваную ім «міласціну+» і выступалі з пазіцый дыктату, асабліва ў кантэксце Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы.
«Падумайце, тры дні Пуцін ні пра што ўпрошваў афрыканскіх лідараў. Гэта паводзіны чалавека прыніжанага, разгубленага і ў паніцы, які больш не з'яўляецца моцным лідарам», - сказаў украінскі палітык.
Наш аглядальнік, палітолаг Павал Усаў мае іншае меркаванне.
- Расія ўмацоўвае свае пазіцыі ў Афрыцы. Масква выкарыстоўвае слабую зацікаўленасць Захаду Афрыкай і наяўныя праблемы: старыя каланіяльныя ды новыя, звязаныя з беднасцю, эксплуатацыяй прыроды. У шэрагу афрыканскіх краін прысутныя расійскія ПВК. У Нігеры яны нават зладзілі нядаўна чарговы пераварот. Гэта ніяк не ёсць сведчаннем слабасці Расіі.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце поўную размову ў аўдыёфайле