Беларуская Служба

Арменія пераасэнсоўвае свой геапалітычны выбар

04.09.2023 19:12
Доўгія гады Арменія лічылася самай прарасійскай краінай на Паўднёвым Каўказе. Цяпер палітыкі ў Ерэване кажуць пра тое, што саюз з Расіяй быў «стратэгічнай памылкай».
Аўдыё
  • Арменія шкадуе хаўрусу з Расіяй
Nikol Paszynian
Nikol Paszynian Asatur Yesayants / Shutterstock.com

Доўгія гады Арменія лічылася самай прарасійскай краінай на Паўднёвым Каўказе. Ерэван удзельнічаў ва ўсіх расійскіх палітычных праектах на постсавецкай прасторы, а таксама захаваў расійскую вайсковую базу на сваёй тэрыторыі. Аднак хаўрус з Масквой не дапамог падчас сутыкнення з Азербайджанам, які вярнуў сабе тэрыторыю Нагорнага Карабаху, якую пасля распаду Савецкага Саюза кантралявалі армяне. Цяпер палітыкі ў Ерэване кажуць пра тое, што саюз з Расіяй быў «стратэгічнай памылкай». 

На днях армянскі прэм'ер-міністр Нікол Пашынян у інтэрв'ю La Repubblica заявіў нечакана, што  залежнасць Арменіі ад Расіі ў сферы бяспекі стала «стратэгічнай памылкай». Маўляў Расія ўсё больш аддаляецца ад Паўднёвага Каўказа, і Арменіі не варта было разлічваць толькі на яе пры выбудоўванні архітэктуры сваёй бяспекі. Пашынян патлумачыў, што «архітэктура бяспекі Арменіі на 99,999% была звязана з Расіяй, у тым ліку ў сферы набыцця зброі і боепрыпасаў». Сённяшняя Расія, калі б нават захацела, не зможа забяспечыць патрэбнасці Арменіі ў сферы бяспекі, заявіў армянскі прэм’ер.

Апроч таго Пашынян раскрытыкаваў расійскі міратворчы кантынгент у Нагорным Карабаху, заявіўшы, што той не выконвае сваю задачу, у тым ліку не кантралюе Лачынскі калідор — адзіную дарогу, якая звязвае гэты рэгіён з Арменіяй, хаця гэта было прапісана ў дамоўленасці Масквы, Ерэвана і Баку аб заканчэнні баявых дзеянняў у 2020 годзе. «Чаму? Прычын можа быць дзве: альбо Расійская Федэрацыя не можа, альбо не жадае захоўваць кантроль над Лачынскім калідорам. І тое і іншае, на наш погляд, праблематычна», - сказаў ён.

Што азначаюць гэтыя словы для краіны, якая была залежная цалкам ад Расіі, і для рэгіёну, які пакутаваў да маскоўскай палітыкі распальвання канфліктаў для захавання кантролю. Пра гэта мы паразмаўлялі з нашым аглядальнікам палітолагам Паўлам Усавым.

- Пашынян выказаў настроі ды думкі армянскага грамадства, якое моцна расчараванае паводзінамі Масквы. Менавіта Расія мелася гарантаваць бяспеку Арменіі, асабліва ў пытанні Нагорнага Карабаху ды Лачынскага калідору. Сваіх абавязкаў Масква не выканала, ніякая дзейнасці расійскіх міратворцаў няма. Мы бачым, што Азербайджан павялічвае сваю вайсковую прысутнасць у рэгіёне Нагорнага Карабаху і фактычна дэкларуе, што рэгіён цалкам пяройдзе да Азербайджану. Арменія апынулася ў тупіковай сітуацыі, застаўшыся без саюзнікаў у Каўказскім рэгіёне.  

Хто ім дапаможа цяпер, ці Арменіі можа пагражаць страта суверэнітэту?

- Суверэнітэт Арменіі пад пагрозай, і ў першую чаргу праз узмацненне прарасійскіх груповак у самой Арменіі, дзе можа адбыцца змена хай кепскага, але дэмакратычнага рэжыму – на абсалютна недэмакратычны. Адзінае, што застаецца Арменіі, - цалкам пераарыентавацца на Захад і прасіць гарантыі бяспекі ад ЗША.   

Што на гэта Масква, Расія звычайна не сыходзіць добраахвотна з захопленых, кантраляваных тэрыторый?

- Вядома, што не. Тут трэба палітычная воля армянскага кіраўніцтва, каб у краіне з’явілася амерыканская вайсковая прысутнасць. Потым, абапіраючыся на гэта, можна будзе паступова выціскаць з рэгіёна Расію. Апроч Захаду і НАТА Арменія нідзе не знойдзе саюзнікаў. Галоўны выклік для Арменіі – Масква, якая будзе зліваць Нагорны Карабах, будзе дэстабілізаваць палітычную сітуацыю ў самой Арменіі. Крамлю важна цалкам зрабіць Арменію васальнай краінай і паступова праглынуць, як гэта робіцца з Беларуссю.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі