Беларуская Служба

Павел Усаў: Гэты візіт найперш меў іміджавы характар і быў патрэбны Пуціну

18.09.2023 17:55
Паўночнакарэйскі дыктатар Кім Чэн Ын завяршыў свой візіт у Расію.
Аўдыё
  • Кім Чэн Ын наведаў Уладзіміра Пуціна
Павал Усаў.

Кім Чэн Ын наведаў Уладзіміра Пуціна. Візіт пачаўся 13 верасня і зацягнуўся да 17 верасня. Візіт не выйшаў за межы Далёкага Усходу. Цырымонія развітання адбылася ў нядзелю 17 верасня на чыгуначным вакзале ў горадзе Арцём, адкуль у зваротны шлях адправіўся бронецягнік, на якім Кім Чэн Ын прыбыў са сваёй краіны.

Паўночнакарэйскі дыктатар Кім Чэн Ын завяршыў у нядзелю свой некалькідзённы візіт у Расію, дзе ён наведаў, сярод іншага, заводы па вытворчасці знішчальнікаў у Камсамольску-на-Амуры, а таксама расійскую Базу ВПС пад Уладзівастокам.

Кім Чэн Ын сустрэўся з Уладзімірам Пуціным і мінабароны Сяргеем Шайгу. Ён запрасіў Пуціна ў сваю краіну «ў зручны час».

Паўночнакарэйскі лідар не ад'ехаў з пустымі рукамі. Як паведамляе французскае агенцтва AFP, Кім Чэн Ын атрымаў на развітанне падарункі: бронекамізэльку, пяць беспілотнікаў-камікадзэ, тып якіх СМІ не паведамляюць, і яшчэ адзін беспілотны лятальны апарат – як паведамлялася, Geran-25.

Ваенныя падарункі маюць асабліва сімвалічнае значэнне ў кантэксце заходніх асцярог адносна патэнцыйнага ваеннага альянсу паміж Масквой і Пхеньянам, падкрэслівае AFP.
Інфармацыя аб прыбыцці Кім Чэн Ына ў Расію зʼявілася 11 верасня – у гэты дзень яго цягнік адправіўся з Пхеньяна. Тады заходнія агенцтвы паведамлялі, што паміж Кімам і Уладзімірам Пуціным плануюцца перамовы, тэмай якіх могуць стаць пастаўкі зброі. Яны сустрэліся ў сераду на касмадроме Усходні ў Амурскай вобласці.

Як адзначае Reuters, ЗША і Паўднёвая Карэя асцерагаюцца, што адраджэнне дружбы Масквы з Пхеньянам можа даць Кіму доступ да некаторых расійскіх ракет і іншых ваенных тэхналогій, а Расіі – падтрымку зброі ў вайне ва Украіне.
Як адзначае CNN, Кім Чэн Ына наведаў ключавыя ваенныя абʼекты на расійскім Далёкім Усходзе.

Назіральнікі сумняваюцца, ці выліліся гэтыя перамовы, накіраваныя на прыцягненне ўвагі свету, да нейкай канкрэтнай дамоўленасці, – паведаміла ў пятніцу BBC у каментары да візіту.

Амерыканскі генерал Марк Мілі сказаў у суботу, што Паўночная Карэя здольная павялічыць пастаўкі артылерыйскіх боепрыпасаў у Расію для вайны супраць Украіны, але гэта, верагодна, не зменіць сітуацыі на полі бою.

Па дадзеных адміністрацыі ЗША, Масква і Пхеньян пакуль не заключылі пагаднення аб пастаўках, але перамовы на гэтую тэму ідуць.
Сеул і Вашынгтон заявілі ў пятніцу, што ваеннае супрацоўніцтва паміж Паўночнай Карэяй і Расіяй парушыць санкцыі ААН у дачыненні да Пхеньяна. Яны запэўнілі, што такі крок будзе сустрэты цвёрдай рэакцыяй.

Палітычны аглядальнік Павел Усаў, лічыць што гэты візіт адлюстроўвае слабасць самой Расіі, бо дамаўляцца аб пастаўках паўночнакарэйскай зброі зʼяўляецца сведчаннем таго, што Расія перажывае настолькі моцны ўпадак у развіцці ўласнага прамысловага комплексу, у наяўнасці неабходных узбраенняў, што вымушана шукаць падтрымкі ў трэціх краінах свету: у Афрыцы, у Іране і цяпер у Паўночнай Карэі.

Павел Усаў мяркуе, што Паўночная Карэя хутчэй будзе каналам перакідання кітайскай зброі ў Расію, бо Кітай непасрэдна пастаўляць узбраенне не вырашыцца, каб не напружваць і так напружаныя адносіны з ЗША.

Паводле палітолага, візіт Кім Чэн Ына насіў рэкламны характар для Расіі. Гэты візіт быў для ўнутранага электарату. Улады імкнуцца кампенсаваць сваім грамадзянам, тое, што Расія ў ізаляцыі і ніхто з Пуціным сустракацца не хоча.

Яланта Смялоўская


Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі