Беларуская Служба

Ці выбары ў Польшчы могуць радыкальна змяніць адносіны дзяржавы з Беларуссю ці Украінай? Адказвае палітолаг

16.10.2023 15:24
Невядома, ці пры ўладзе застанецца «ПіС». Існуе верагоднасць, што ўрад сфармуе кааліцыя апазіцыйных партый.
Аўдыё
  • Уплыў вынікаў выбараў у Польшчы на адносіны з Беларуссю і Украінай.
,     .
Палітолаг, доктар грамадскіх навук Павел Усаў.Фота: БСПР/radyjo.net

У Польшчы чакаюць канчатковых вынікаў парламенцкіх выбараў. Паводле ўступных рэзультатаў галасавання, перамогу атрымала кіроўная кансерватыўная партыя «Права і справядлівасць», але тры групоўкі апазіцыі, якія заяўлялі пра магчымасць сфармаваць кааліцыйны ўрад, могуць мець большасць мандатаў у Сейме. Мы спыталі палітолага, як магчымыя змены на польскай палітычнай сцэне могуць паўплываць на польска-беларускія і польска-ўкраінскія адносіны.

Існуе верагоднасць, што апазіцыйныя на сёння ў Польшчы групоўкі «Грамадзянская кааліцыя», «Трэці шлях» і Левыя атрымаюць магчымасць фармавання ўраду, калі гэта не ўдасца партыі «Права і справядлівасць» (яна не будзе мець большасці, а пакуль што не бачна магчымасці яе ўваходу ў кааліцыю). Ці новы ўрад можа пайсці на адлігу з беларускім рэжымам, ці могуць змяніцца адносіны да Украіны?

Былі часы, калі польскія ўлады імкнуліся знайсці шляхі паразумення з Лукашэнкам, але яны даўно закончыліся. Цяпер практычна ўсе партыі ў Польшчы выступаюць за кантакты з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, – адзначае палітолаг, гісторык Павел Усаў.

- З 2014 па 2020 год была адліга, нягледзячы на тое, што тады пры ўладзе была «Права і справядлівасць». Былі візіты, Лукашэнка разглядаўся як партнёр. Сітуацыя радыкальна змянілася ў 2020 годзе з прычыны выбараў. Я ўпэўнены, што прыход да ўлады лева-ліберальнай кааліцыі нічога не зменіць, калі нічога не адбудзецца з правамі чалавека ў Беларусі. Калі Лукашэнка вырашыць пра адлігу з Польшчай, ён можа пайсці на саступкі, але я не ўпэўнены, што Лукашэнка зараз можа нешта зрабіць, улічваючы, што фактычны кантроль у Беларусі ажыццяўляе Расія.

Нагадаем, цяпер у беларускай турме знаходзіцца актывіст польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут. Магчыма, рэжым згадзіўся бы на яго вызваленне, каб палепшыць адносіны, але з вуснаў палітыкаў партыі «Права і справядлівасць» не раз гучалі заявы пра неабходнасць вызвалення ўсіх палітвязняў. Таксама міграцыйны крызіс практычна замарозіў магчымасць перамоваў.

- Сітуацыя на мяжы сведчыць пра тое, што ў Лукашэнкі няма намераў зменшыць напружанне з Польшчай ці Літвой. Таму ініцыятывы з боку новага ўраду не будзе, усё будзе залежаць ад дзеянняў Лукашэнкі. Праўда, можа змяніцца стаўленне да мігрантаў, паколькі гучалі заявы, што трэба іх упусціць па гуманітарных прычынах. На маю думку, гэта б толькі павялічыла пагрозы для Польшчы, паколькі лукашэнкаўская ўлада зладзіла «бізнес», прадаючы «квіткі» у ЕЗ праз Беларусь.

Беларуская і расійскай прапаганда чамусьці звязвае вялікія надзеі з магчымасцю змены ўлады ў Польшчы. Кажуць нават, што Польшча можа пайсці на частковую адмену санкцый.

- Тыповыя прапагандысцкія метады ўздзеяння: улада кепская, апазіцыя прыйдзе – будзе лепш. Такім чынам можна правакаваць унутранае напружанне, намякаючы, што апазіцыя можа быць выкарыстана Расіяй дзеля дэстабілізацыі сітуацыі, каб справакаваць улады на нейкія рэпрэсіўныя дзеянні. Так было з выбарамі ў Францыі ці ў ЗША, калі да ўлады прыйшоў Дональд Трамп. Ён карыстаўся ў перадвыбарчай кампаніі прарасійскімі наратывамі, на Трампа былі вялікія спадзяванні ў расійскай прапаганды, але не апраўдаліся. У Польшчы няма, акрамя, магчыма, «Канфедэрацыі», яўна прарасійскай палітычнай сілы.

Як выбары ў Польшчы могуць паўплываць на адносіны краіны з Украінай, на дапамогу яе ўзброеным сілам? Перад выбарамі ўзнік канфлікт, звязаны з празмернай колькасцю ўкраінскага збожжа ў Польшчы, таксама гучалі заявы, што можа быць зменшана ваенная дапамога. Што можам чакаць, калі апазіцыі ўдасца сфармаваць урад?

- Збожжавая праблема будзе патрабаваць хуткага рэагавання новай улады, каб выпрацаваць нейкі механізм транзіту ўкраінскага збожжа, паколькі заліванне танным збожжам краіны можа выклікаць крызіс у сельскай гаспадарцы. Трэба вырашаць праблему на ўзроўні Еўрапейскага Звязу. Адчыніць кранік і ўпусціць збожжа – гэта як з эмігрантамі – справакуе сур’ёзныя наступствы. Што тычыцца дапамогі Украіне, я думаю, што пры новым урадзе вельмі хутка палепшацца адносіны з ЕЗ, будзе падтрымка для гаспадаркі, што палепшыць эканамічную сітуацыю ў Польшчы, адпаведна, будуць дадатковыя сродкі, каб дапамагаць Украіне.

нг


Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі