Беларуская Служба

Крэмль дачакаўся габрэйскіх пагромаў у Расіі

31.10.2023 07:11
Улады РФ няздольныя аператыўна рэагаваць на выбухі агрэсіі ў рэгіёнах.
Аўдыё
  • У Расіі радыкалізуюцца міжэтнічныя канфлікты
Пасяджэнне Рады Бяспекі РФ на другі дзень пасля пагромаў у МахачкалеEPA/GAVRIIL GRIGOROV / Dostawca: PAP/EPA.

Пры гэтым сілавікі аказаліся бездапаможнымі перад пагромшчыкамі на Паўночным Каўказе, паліцыянты ледзь не цалаваліся з бандытамі, а спецслужбы не змаглі спыніць захоп аэрапорта федэральнага значэння. Міжэтнічная сітуацыя ў Расіі будзе пагаршацца.

За апошнія дні на Паўночным Каўказе ў Расіі мела месца серыя агрэсіўных антысеміцкіх акцый. У Хасавюрце ізраільцянам забаранілі жыць у гасцініцы, у Чаркеску запатрабавалі выгнаць габрэяў з рэгіёна, а ў Нальчыку  падпалілі яўрэйскі культурны цэнтр.

Увечары 28 кастрычніка адбыўся стыхійны антыізраільскі мітынг у Махачкале. Уначы 29 кастрычнік раз’юшаны натоўп захапіў лётнішча ў сталіцы Дагестана з патрабаваннем выдаць габрэяў, якія праляцелі на самалёце з Тэль-Авіву. Расійскія сілавікі прадэманстравалі сваю абсалютную недзеяздольнасць. Пагромшчыкі свабодна сышлі з аэрапорта, пакраўшы абсталяванне крам ды складоў аэрапорта.

Украінскі прэзідэнт пракаментаваў дадзены інцыдэнт, назваўшы яго вынікам фашыстоўскай палітыкі  Крамля. З чым мы маем дачыненне ў Расіі: дзяржаўным фашызмам ці асобнымі выпадкамі ксенафобіі на месцах? Пра гэта мы паразмаўлялі з нашым аглядальнікам палітолагам Паўлам Усавым.

- З сама пачатку вайны ў Палестыне ў Расіі было даволі супярэчлівае стаўленне да гэтых падзей. Расійская прапаганда спачатку пачала асуджаць дзеянні ХАМАС-а, але пасля сустрэчы ў Маскве Лаўрова з палесцінцамі, дзе Расія адкрыта выказала ім падтрымку, пайшла радыкальная агрэсіўная рыторыка ў бок Ізраіля. Яшчэ больш яна ўмацавалася разам з пачаткам ізраільскай аперацыі ў Сектары Газа. Да таго ж мусульманскія лідары Расіі, той жа Кадыраў, пачалі наўпрост пагражаць габрэям. Расійскі Каўказ радыкалізаваўся вельмі хутка.

Ці расійскія ўлады маглі самі інспіраваць гэтыя пагромы?

- На Каўказе, асабліва ў Дагестане ды Чачні, уплывы цэнтру мінімальныя. Дастаткова паглядзець, хто ўдзельнічаў у пагромах. Гэта маладыя мужчыны прызыўнога ўзросту, якія павінны бараніць Расію ад агрэсіі. Але там мабілізацыі няма, бо цэнтр баіцца пратэстаў супраць мабілізацыі ў гэтых рэгіёнаў. Таму сітуацыя там абвастраецца, у момант аслаблення цэнтральнай улады там будзе выбух.

Што далей, ці пасля габрэяў з’явяцца новыя групы людзей, супраць якіх у Расіі будуць пагромы?

- У Расіі ўжо вельмі напружаная сітуацыя. Нядаўна ў адным з гарадоў Расіі на вачах паліцыянтаў быў забіты студэнт з Габона. Такія інцыдэнты здараюцца па ўсё Расіі. У Маскве шырацца пратэсты супраць будаўніцтва Вялікай мячэці. Пры гэтым Кадыраў дэманструе абсалютнае свавольніцтва. Яго сын збівае расійскіх вязняў за спаленне Карану. Масква на гэта не рэагуе. Гэта сведчанне таго, што інстытуты кантролю знішчаныя. Яны накіраваныя на падаўленне палітычнай апазіцыі, але рэакцыя на хаос, які назіраецца ў Расіі, адсутнічае. Улады не ў стане аператыўна прымаць рашэнні, яны дыстанцуюцца, што сведчыць пра сур’ёзныя праблемы. Гэта паказчык унутранага распаду расійскай дзяржавы.   

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі