Беларуская Служба

Павел Усаў: Тое, што «Белсат» зняў праграму, у якой прагучалі закіды ў адрас Вячоркі, гэта дыскрэдытацыя

06.12.2023 16:57
Франака Вячорку абвінавацілі ў супрацы з беларускімі спецслужбамі.
Аўдыё
,     .
Палітолаг, доктар грамадскіх навук Павел Усаў.Фота: БСПР/radyjo.net

У аўторак на Белсаце выступіла былая рэдактарка праекта «Чорная кніга Беларусі» Яніна Сазановіч. Яна абвінаваціла ў супрацы з беларускімі спецслужбамі блізкага памочніка Святланы Ціханоўскай Франака Вячорку. Выпуск праграмы «Шчыра кажучы» увечары пасля прэм’еры быў выдалены з ютуба і іншых сацыяльных сетак. Прыхільнікі Сазановіч абвінавачваюць «Белсат» у цэнзуры.

Тым часам Вячорка напісаў: «Я не маю дачынення да выдалення відэа з ютуб-канала Белсата. … Лічу цэнзуру шкоднай, а ў эпоху інтэрнэту выдаленне кантэнту – проста бессэнсоўнае», – патлумачыў палітык. Абвінавачванні ў сваёй працы на спецслужбы ён лічыць шызафрэніяй.

Палітолаг Павел Усаў расказвае, як і чаму з'явіліся закіды ў адрас Вячоркі і адносна праекта «Чорная кніга Беларусі».

- У 2021 годзе зʼявілася інфармацыя, што ў гэтым праекце зʼявіўся Артур Гайко, які быў звязаны з ГУБАЗІКам. Ён атрымаў доступ да інфармацыі пра людзей, якія з Беларусі перадавалі звесткі пра сілавікоў. «Чорная кніга» не была непасрэдна звязаная з Офісам, але ўваходзіла ў структуры, якія курыраваліся ім і Вячоркам. Тады страхі Сазановіч былі праігнараваныя. А калі высветлілася, што Гайко працаваў на лукашэнкаўскія спецслужбы, гэты скандал пастараліся пагасіць. Сазановіч абвінаваціла Вячорку, між іншым у тым, што не папярэдзілі людзей, якія знаходзіліся ў Беларусі. Шмат было арыштавана. А людзі, адказныя за верыфікацыю Гайко, засталіся ў атачэнні Вячоркі. Персанальную адказнасць за прыход Гайко нясе сябар Вячоркі Данііл Барысевіч.

Пра справу «Чорнай кнігі» хутка забыліся, прыйшла вайна, іншыя праблемы. А ўчора ў праграме Сазановіч абвінаваціла Вячорку, што ніхто не адказаў за правал. Гэта ўзбудзіла цікавасць, асабліва тое, што «Белсат» зняў праграму. Гэта дыскрэдытацыя, так не можа дзейнічаць незалежнае СМІ.

Паявілася яшчэ адна новая-старая тэма: дыскусія пра магчымы гандаль людзьмі з рэжымам Лукашэнкі. У мінулыя выходныя ў Варшаве адбыліся слуханні на тэму палітычных вязняў у Беларусі і далейшай палітыкі ў дачыненні рэжыму. Адным з пытанняў была неэфектыўнасць санкцый і магчымасць перамоваў з рэжымам, каб выцягнуць з турмаў хаця б частку палітвязняў.

- На Беларусь накладзеныя самыя моцныя санкцыі ў гісторыі, а вынікаў няма. Пачаў нараджацца падыход, што ў межах Каардынацыйнай рады ці паза яе межамі можна шукаць магчымасці кантактаў з рэжымам, каб выцягнуць людзей з турмаў. Такія спробы былі з боку Польшчы, Швейцарыі, Ватыкану. І ёсць прапанова стварыць сістэмны падыход, каб людзі не гнілі далей у вязніцах.

Слухайце поўны каментар у далучаным гукавым файле.

нг

Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка