Яго работнікі маюць упэўненасць, што дзяржава іх узнагародзіць, будзе пра іх клапаціцца і абароніць іх, – піша на старонках выдання Gazeta Wyborcza Вацлаў Радзівіновіч.
Намесніку дырэктара Федэральнай службы выканання пакаранняў Валерыю Баярыніеву прысвоена званне генерал-палкоўніка. Указ на гэты конт Пуцін падпісаў у панядзелак – праз тры дні пасля смерці ў лагеры «Палярны воўк» апазіцыянера Аляксея Навальнага.
У гэты ж дзень уладар Крамля ўзнагародзіў новымі генеральскімі зоркамі яшчэ трох высокапастаўленых афіцэраў турэмнай службы: Аляксандра Розіна (прысвоена званне генерал-лейтэнанта), Дзмітрыя Шараватава і Аляксандра Фёдарава (абодва сталі генерал-маёрамі).
Такім чынам Пуцін даў адказ расіянам і міжнароднай супольнасці, якія дамагаюцца пакарання адказных за смерць яго палітычнага праціўніка.
«Баярыніеў асабіста назіраў за катаваннямі Аляксея Навальнага. Абмежаванне на пакупкі прадуктаў і іншыя здзекі ўводзіліся па асабістаму загаду Баярыніева», напісаў у Телеграме супрацоўнік забітага апазіцыянера Іван Жданоў. Ён апублікаваў копію падпісанага генералам распараджэння па скарачэнні колькасці пакупак, якія дазваляліся Навальнаму ў турэмнай краме – не больш за 5 тысяч рублёў у месяц.
Таксама Баярыніеў прычыніўся да таго, што Навальны за 3 гады зняволення 308 дзён адседзеў у бетоннай, халоднай і мокрай камеры.
Цяпер новыя генералы атрымалі новыя задачы. Яны мусяць зацерці сляды злачынства і не аддаць родным цела Навальнага. Пакуль абвешчана, што 14 дзён труп Навальнага будзе праходзіць «хімічную экспертызу».
Ужо больш за 60 тысяч расіян падпісалі петыцыю з патрабаваннем выдачы цела, аднак афіцыйна следства можа цягнуцца гадамі і ўвесь час улады могуць адмаўляцца, – напісаў Вацлаў Радзівіновіч у Gazeta Wyborcza.
яс