Навошта Лукашэнку такая высокая яўка (верагодна, несапраўдная) на апошніх выбарах? Ці недастаткова было б назваць меншую, але больш верагодную лічбу?
Палітолаг Павал Усаў гаворыць, што ў рэалізацыі беларускай палітычнай мадэлі, стварэнні ілюзіі і выдаванні яе за вялікі ўдзел у выбарах ёсць некалькі мэтаў:
-Па-першае, Лукашэнка і яго атачэнне не збіраюцца ніякім чынам гуляць у дэмакратыю і ствараць нават фармальную абалонку таго, што нешта адбываецца па дэмакратычных прынцыпах. Тым больш няма каму і што даказваць. Тут выключна прагматычны падыход: максімальная канцэнтрацыя рэсурсаў. Другая мэта – максімальная дэманстрацыя сілы для прымусу пайсці галасаваць. Такім чынам сістэма паказвае, што яна эфектыўная, што яна пераважае над грамадскімі настроямі і навязвае правілы. Трэцяе – прадэманстраваць, у тым ліку апазіцыйнай грамадскасці мабілізацыйны патэнцыял сістэмы. А апазіцыйная супольнасць з гэтым нічога не ў стане зрабіць. Аўтарытарныя рэжымы інакш дзейнічаць не могуць, у іх іншая псіхалогія і свая праўда. Яна базуецца на тым, каб дасягнуць любы фальсіфікаваны вынік пры дапамозе рэпрэсіўных сродкаў.
Эксперты ААН па правах чалавека заклікалі беларускія ўлады разгледзець пытанне пра замену турэмнага зняволення альтэрнатыўнай формай пазбаўлення волі, змякчэнне пакарання або памілаванне 66-гадовага палітвязня, старшыні ліквідаванай уладамі Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Ці Лукашэнка мог бы пайсці на вызваленне палітвязняў, калі б перамовы на гэты конт вяло б, напрыклад, ААН?
-Вельмі цяжка прагназаваць, на што і з кім Лукашэнка ў стане пайсці. Пытанне, на колькі ў Лукашэнку засталася рацыянальнасць у дзеяннях, палітычны рэалізм у тым, якія рашэнні ён прымае. З пункту гледжання палітычных дывідэндаў персанальна для Лукашэнкі вызваленне таго ж Кастусёва было б плюсам, паказала б яго гуманнасць. Пытанне, ці ён гэтага хоча. Палітычны рацыяналізм тут ужо не працуе. Рашэнні прымаюцца не на гэтых асноўных аспектах, гэта залежыць ад яго ўласнага настрою.
Поўны каментар у далучаным гукавым файле.