Расійскае ЦВК заявіла пра рэкордную яўку ды падтрымку. Незалежныя назіральнікі кажуць пра рэкордныя парушэнні. Эксперты прагназуюць, што Расія будзе ўсё больш пагружацца ў таталітарызм і тэрор,а таксама агрэсіўнасць у адносінах з суседзямі.
У нядзелю ў Расіі завяршыліся выбары. Кіраўнік расійскага ЦВК Эла Памфілава на ранішнім брыфінгу заявіла, што агульная яўка выбаршчыкаў на выбарах прэзідэнта Расіі склала 77,44% ды назвала яе гістарычным рэкордам. Папярэднім рэкорд яўкі ў Расіі меў месца ў 1991 годзе, тады на выбарах прэзідэнта прагаласавала 74,66% расіян. Паводле ЦВК, за пуціна прагаласавалі 87, 29% выбарцаў.
Незалежныя назіральнікі з рух «Голас», які больш за 20 гадоў назірае за выбарамі ў Расіі, заявілі, што ніколі ў Расіі не бачылі такой прэзідэнцкай кампаніі, якая настолькі не адпавядала б канстытуцыйным стандартам. Сярод парушэнняў яны адзначылі: удзел дзяржаўнага апарата ў прапагандзе, прымусе ды кантролю за выбарцамі. Яны канстатавалі, што галасаванне прайшло ва ўмовах ваеннай цэнзуры, страху і гвалту. Апафеозам стаў апошні дзень галасавання, калі ў некаторых рэгіёнах прадстаўнікі сілавых ведамстваў кантралявалі волевыяўленне выбаршчыкаў, каралі за «няправільныя» надпісы і патрабавалі раскрыць таямніцу галасавання
На думку нашага аглядальніка палітолага Паўла Усава ў Расіі адбыліся не выбары, а легітымацыя цара або генсека.
- У Расіі сфармаваўся электаральны таталітарызм, калі выбары гуляюць ролю выключна дэманстрацыі лаяльнасці для існуючай сістэмы, а не абрання палітычнай альтэрнатывы. Пуцін у Расіі стаў абсалютным дыктатарам, ніякая альтэрнатыва яму немагчымая. З'яўленне любой альтэрнатывы канчаецца адразу мэтанакіраванымі моцнымі рэпрэсіямі ды вынішчэннем апанентаў. Прыкладаў мноства: знішчэнне Прыгожына, забойства Навальнага ці ізаляцыя Гіркіна.
Калі Пуцін такі папулярны ў Расіі, навошта было змушаць да масавай яўкі ды неверагодных працэнтаў галасоў. Калі расіяне любяць Пуціна, самі б за яго прагаласавалі?
- Нават для аўтарытарных сістэм неабходная легітымнасць. У царскай Расіі гэта была вера ў цара ды царква, у СССР - партыя ды вера ў камунізм. У цяперашняй Расіі апроч выбараў ніякіх інструментаў легітымнасці няма.
Што чакаць далей ад Расіі з «новым старым» Пуціным на чале?
- Выбары ў Расіі нічога не змяняюць. Расія будзе працягваць існуючы курс на вядзенне вайны ды агрэсію. Адзінае, што можна чакаць змяншэнне інтэнсіўнасці баявых дзеянняў, Масква будзе імкнуцца да замарожвання канфлікту ды утрымання захопленых тэрыторый.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч