Расія і Беларусь рыхтуюць планы па прымяненні ядзернай зброі і «бліцкрыг на Вільню». З такім папярэджаннем выступіў прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па абароне Валерый Сахашчык у Варшаве.
Па словах былога вайскоўца, У Крамлі разумеюць, што вайна ва Украіне ідзе не па іх сцэнары, і таму там прапрацоўваюць варыянты прымянення ядзернай зброі. Дзеля гэтага, паводле звестак Сахашчыка, лукашэнкаўскія генералы з расійскімі калегамі рыхтуюць правакацыю - «бліцкрыг» на Вільню.
Нядаўна пра падобную пагрозу паведамляў ананімны Тэлеграм-канал «Беларуская выведка», даводзячы, што рэжым рыхтуе дыверсантаў для атак у Літве ці Польшчы. У сваю чаргу маніторынгавы канал «Беларускі гаюн» паведаміў, што беларуская армія перакінула 19-ю механізаваную брыгады і танкавы батальён на мяжу з Літвой. Брыгаду адмыслова прывялі ў баявую гатоўнасць ды павялічылі да штатаў ваеннага часу, то бок 5 тысяч чалавек, выклічаючы з запасу ваеннаабавязаных.
Беларусы, якія ездзяць у Літву, перадаюць, што з 18 сакавіка на трасе М7 за сем кіламетраў ад беларуска-літоўскай мяжы з’явіліся салдаты з аўтаматамі, танк і БМП.
Мы папрасілі пракаментаваць магчымую пагрозу агрэсіі з Беларусі на Літву нашага аглядальніка, палітолага Паўла Ўсава.
- Заявы Сахашчыка ды іншых новых апазіцыйных структур не заўсёды адносяцца да рэчаіснасці, гэта робіцца дзеля стварэння дадатковага напружання. Гэта непрадуманая рэч, яна можа зашкодзіць беларусам у Літве, дзе назіраецца даволі моцная дыскрымінацыя, гучаць абвінавачанні ў супрацы з КДБ ці ФСБ. На гэтым фоне заявы пра правакацыю і падрыхтоўку нападу на Літву не на месцы. Сітуацыя ва Украіне для Пуціна складаецца не вельмі паспяхова, яна патрабуе мноства рэсурсаў, асабліва зараз. У самой Расіі праблемы пасля тэрарыстычнага акту. Такія інфармацыйныя заявы без пацвярджэння могуць прывесці да таго, што Захад перанакіруе сваю ўвагу з Украіны і пачне перакідваць рэсурсы на мяжу з Беларуссю, пачаць вырашаць неіснуючыя праблемы.
На думку эксперта адкрываць другі фронт супраць НАТА Расія не ўстане. У выпадку вайсковай рэакцыі з боку НАТА ў першую чаргу моцна адчуе гэта лукашэнкаўская Беларусь
- З улікам таго, што ў Літве ёсць амерыканскія вайскоўцы ды часці НАТА, атака на гэтую дзяржаву будзе азначаць вайну з Альянсам. Гэта адкрыццё другога фронту для Крамля, на які ў Масквы няма рэсурсаў. Атака па Вільні прывядзе да ўдару ў адказ па Мінску натаўскай авіяцыі. Беларусь адчуе моцныя наступствы.
Для нападу на Літву Крамлю не патрэбныя беларускія войскі, Масква мае ядзерны арсенал, перакананы палітолаг.
- Калі Расія хоча развязаць апошнюю вайну, яна зможа гэта зрабіць без Мінска. Яна зможа проста запусціць ядзерныя ракеты. Яны могуць зладзіць любую правакацыю, пасля такога канфлікту ніхто не будзе разбірацца ў тым, што здарылася. Масква цяпер без хітрыкаў можа пачаць апошнюю вайну. Любая канвенцыйная атака з боку Беларусі прывядзе да рэакцыі НАТА, якая можа проста знішчыць Беларусь.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч