Беларуская Служба

Кіраўнік Сенату мае намер заняцца пытаннем легалізацыі статусу беларускіх палякаў у Польшчы

04.04.2024 17:47
Сярод асноўных задач Сенату, вышэйшай палаты польскага парламенту, - дбанне пра палякаў замежжа. Прапануем вашай увазе інтэрв'ю з намеснікам старшыні Сенату Рафалам Групіньскім (Rafał Grupiński).
Аўдыё
  • Кіраўнік Сенату мае намер заняцца пытаннем легалізацыі статусу палякаў з Беларусі ў Польшчы
  (GlosZnadNiemna.pl)
Анджэй Пісальнік (GlosZnadNiemna.pl) і намеснік старшыні Сенату Рафал Групіньскіscreen polonia.tvp.pl

Палякам у Беларусі здаўна неабходная асаблівая ўвага з боку гістарычнай Айчыны, але апошнія чатыры гады — гэта перыяд, калі ім патрэбная падтрымка, бо рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ахапілі ўвесь беларускі народ, а палякі трапілі ў лік «падазронага элементу» як «плацдарм ворага».

Што польская дзяржава і Сенат, як апякун польскай дыяспары і палякаў у замежжы, можа зрабіць і робіць у сённяшняй сітуацыі на карысць польскай меншасці ў Беларусі? Нагадаем, што старшыня палаты Малгажата Кідава-Блоньска падачас студзенскай сустрэчы з Анжалікай Борыс запэўніла, што Сенат будзе пастаянна падтрымліваць дзейнасць Саюзу палякаў Беларусі.

Віцэ-старшыня Сенату Рафал Групіньскі: Сапраўды, сітуацыя палякаў у Беларусі, якія хочуць культываваць польскія традыцыі, жыць у свабодзе і дэмакратыі, вельмі цяжкая і складаная. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пасля апошніх фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў жорсткім чынам абмежаваў свабоды грамадзян: у Беларусі - 1500 палітвязняў, якіх, насамрэч, напэўна больш, але столькі налічылі незалежныя крыніцы беларускай апазіцыі, а Саюз палякаў трапіў у асабліва складаную сітуацыю, бо, як вы згадалі, улады лічаць іх «паплечнікамі капіталістычнай Польшчы». У мінулым прымаліся многія спробы знішчэння Саюзу палякаў у Беларусі: улады разбілі арганізацыю на дзве часткі, імкнуліся дыскрэдытаваць Анжаліку Борыс, што закончылася яе зняволеннем на год. Таксама ў турму пасадзілі Анджэя Пачобута, карэспандэнта выдання Gazeta Wyborcza, які стаў сімвалам лёсу палякаў у Беларусі і заадно праявай жорсткасці Лукашэнкі ў адносінах да ўласных грамадзян.

Што Польшча можа зрабіць, улічыўшы згаданыя факты?

Віцэ-старшыня Сенату Рафал Групіньскі: Мы можам падтрымліваць у маральным і грамадскім вымярэнні, шырока паведамляючы на увесь свет аб тым, што адбываецца ў Беларусі, з тэрыторыі якой расійскія войскі напалі на Украіну. Свет супольнымі намаганнямі, праз санкцыі, павінен імкнуцца паўплываць на ўнутраную сітуацыю ў Беларусі. Аднак гэта не проста... Рэжымы не здаюцца так лёгка, яны падаюць або слабеюць, як, напрыклад, актуальна ў Турцыі, толькі тады, калі людзі ўжо не вытрымліваюць эканамічных умоў. Але рэальнасць часта яшчэ больш скаданая, бо, напрыклад, Расія не раз была ў цяжкой сітуацыі, але формы ціску спрацоўвалі - і ў царскай Расіі, і пры бальшавіках, і цяпер пры Пуціне.

Сенат, выбраны восенню мінулага года, зноў атрымаў фінансавыя сродкі на падтрымку палякаў замежжа. Якая гэта сума? 

Віцэ-старшыня Сенату Рафал Групіньскі:  У гэтым годзе мы атрымалі 10 млн злотых ($2 млн 325 тыс.) на рознага роду мэты. Мы аб'явілі конкурс і пастараемся, каб частка гэтых сродкаў пайшла тым арганізацыям, якія нясуць дапамогу нашым землякам у Беларусі. 

То бок, зараз гаворка ідзе пра падтрымку праз польскія арганізацыі, таму што Саюз палякаў у Беларусі знічшаны і нельга наўпрост прызначаць фінансаванне?

Віцэ-старшыня Сенату Рафал Групіньскі: Саюз то ёсць, аднак не можа дзейннічаць. Насамрэч мы заўсёды працавалі і працуем такім чынам, што прызначаем сродкі праз арганізацыі, зарэгістраваныя ў Польшчы, - гэта транспарэнтны спосаб дзеяння. Гэта таксама пажадана з фармальнага пункту гледжання, бо фінансавыя разлікі мусяць адбывацца ў нас. Адной з мэтаў конкурсу, які мы абвясцілі, з'яўляецца запіс вуснай гісторыі, то бок таго, сведкамі чаго з'яўляюцца сёння палякі ў Беларусі, і было б пажадана, каб гэтыя гісторыі запісвалі таксама журналісты Польскага радыё. Мы лічым, што ў сітуацыі, калі немагчыма працаваць афіцыйна, то праз паасобныя сямейныя гісторыі мы можам сабраць багатую частку агульнай гісторыі.

Тое, пра што вы расказалі, гэта маральная, сентыментальная падтрымка. Але ці палякі ў Беларусі могуць чакаць іншую, матэрыяльную дапамогу, Бо польская меншасць, як і ўвесь беларускі народ, асабліва цяпер, у вельмі складанай жыццёвай сітуацыі.

Віцэ-старшыня Сенату Рафал Групіньскі: У Польшчы ёсць арганізацыі, якія аказваюць гэтага роду дапамогу. Мы цесна супрацоўнічаем з Саюзам беларусаў у Польшчы. Беласток стаў своеасаблівым цэнтрам падтрымкі палякаў у Беларусі. Мы таксама супрацоўнічаем з беларускай апазіцыяй. Дапамагаць там - не простая справа. Многім людзям, якія гэтым займаліся, забаронены ўезд у Беларусь. Я сам у 2011 годзе быў у Беларусі. Якраз так склалася, што там адбыўся тэракт у мінскім метро, што яшчэ ўзмацніла пераслед апазіцыі Лукашэнкам. Я там быў, таму што дэпутату Роберту Тышкевічу і яшчэ некалькім польскім дэпутатам, якія ўтрымлівалі цесныя кантакты з беларускай грамадскасцю, забаранілі ўезд. Мяне адправілі як іх прадстаўніка, які меў сустракацца з палякамі і з беларускай апазіцыяй. 

Многія палякі ў Беларусі апынуліся перад выбарам - заставацца ў краіне, дзе могуць за нішто трапіць у турму, ці з'язджаць у Польшчу. Тыя, хто меў такую магчымасць, з'ехалі. У Польшчы яны губляюць статус прадстаўніка польскай дыяспары і шанцы на падтрымку Сенатам, і становяцца паўнапраўнымі польскімі грамамадзянамі?

Віцэ-старшыня Сенату Рафал Групіньскі: Мы не кажам «польская дыяспара ў замежжы» пра палякаў у Беларусі, Літве ці Украіне. Гэта палякі, жыхары тых зямель. «Польская дыяспара ў замежжы» - гэта палякі, якія з'ехалі ў ЗША, Вялікабрытанію, Германію, Францыю і г.д. Зразумела, што палякі з Беларусі, якія апынуліся ў Польшчы, павінны атрымаць падтрымку не толькі праз асабістыя, сямейныя кантакты, але гэты клопат павінна ўзяць на сябе польская дзяржава - гэта задача ўрадавых установаў, не Сенату.

У грамадзян Беларусі, у тым ліку і палякаў з Беларусі, з'явілася праблема з пашпартам. Яго немагчыма атрымаць у беларускіх дыппрадстаўніцтвах, таму трэба ехаць у Беларусь, дзе можа чакаць арышт. Нашай рэдакцыі стала вядома сітуацыя, калі ў дзіцяці збеглых ад рэпрэсій палякаў закончыўся пашпарт. Яны хочуць падаваць дакументы на польскае грамадзянства, аднак чэргі ў ваяводскае упраўленне настолькі вялізарныя, што немагчыма запісацца на прыём. Ці ёсць магчымасць неяк вырашыць гэтую праблему?

Віцэ-старшыня Сенату Рафал Групіньскі: Несумненна, гэтая дзяржаўная паслуга павінна быць больш спраўнай. Праблема з польскім грамадзянствам мне не вядомая, але я гэтым пацікаўлюся. Прыклад з украінскімі ўцекачамі паказаў, што можна хутка атрымаць індывідуальны нумар жыхара Польшчы PESEL для сябе і дзяцей, каб карыстацца сістэмай аховы здароўя і запісацца ў польскую школу. Я думаю, што ў выпадку палякаў з Беларусі, якія былі вымушаныя пакінуць краіну, свае родныя мясціны, гэтае пытанне павінна вырашацца эфектыўна. Я гэтым пацікаўлюся, паколькі дагэтуль мне, як сенатару ці віцэ-старшыні, не былі вядомыя гэтыя праблемы.

Падобная сітуацыя са студэнтамі, якія закончылі ВНУ ў Польшчы. Яны тут засталіся працаваць, гэта маладыя перспектыўныя людзі, але гадамі не могуць легалізаваць свой статус у Польшчы.

Віцэ-старшыня Сенату Рафал Групіньскі:  Хачу зазначыць, што прайшлі толькі тры месяцы з моманту фармавання новай улады. Я спадзяюся, што гэта зменіцца. Тое, аб чым вы расказалі, звязана з павольнай працай ваяводскіх упраўленняў па справах іншаземцаў пры папярэдніх ваяводах. Я спадзяюся, што новае кіраўніцтва устаноў паскорыць усе працэдуры.

Гутарыла Яланта Смялоўская

 

 

 

 

 

 

 

Пісальнік: Улады робяць усё, каб маладыя людзі з Беларусі не мелі магчымасці паступаць у польскія навучальныя ўстановы

29.02.2024 19:04
Анджэй Пісальнік расказаў Беларускай службе Польскага радыё пра гераіню свайго рэпартажу, адзначанага Сенатам Польшчы, і пра сітуацыю з польскім навучаннем у Беларусі.