Беларуская Служба

У Польшчы затрымалі польскага грамадзяніна, які меўся дапамагаць у планаванні замаху на Зяленскага

19.04.2024 12:20
У яго задачы ўваходзіў збор і прадастаўленне ваеннай разведцы РФ інфармацыі аб аэрапорце Жэшаў-Ясёнка.
  .
Нацыянальная пракуратура Польшчы.Фота: Grand Warszawski/Shutterstock

17 красавіка гэтага года ў Польшчы затрымалі польскага грамадзяніна Паўла К., якога абвінавацілі ў гатоўнасці дзейнічаць на карысць расійскай выведкі – паведамляе партал Onet.pl. Паводле інфармацыі Нацыянальнай пракуратуры, дадзенае злачынства караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да васьмі гадоў.

Падазраваны Павел К. заяўляў пра гатоўнасць дзейнічаць на карысць ваеннай разведкі РФ і наладжваў кантакты з грамадзянамі Расіі, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне. У яго задачы ўваходзіў збор і прадастаўленне ваеннай разведцы Расійскай Федэрацыі інфармацыі аб бяспецы аэрапорта Жэшаў-Ясёнка. Гэта павінна было, між іншым, дапамагчы расійскім спецслужбам спланаваць магчымы замах на жыццё кіраўніка замежнай дзяржавы — прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Паведамленне паступіла ў польскую пракуратуру пры ўдзеле Генеральнай пракуратуры Украіны. Тады ўкраінскі бок прадставіў ключавыя доказы па справе.

«Варта падкрэсліць вельмі добрую супрацу Нацыянальнай пракуратуры і Агенцтва ўнутранай бяспекі з польскага боку з Генеральнай пракуратурай Украіны і Службай бяспекі Украіны. Зладжаныя дзеянні польскіх і ўкраінскіх службаў дазволілі атрымаць пацверджанне супрацьпраўных дзеянняў, таксама за межамі Польшчы», — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

У дачыненні да затрыманага прымянілі меру стрымання ў выглядзе часовага арышту. Расследаванне праводзіцца Агенцтвам унутранай бяспекі пад наглядам Нацыянальнай пракуратуры, з боку якой справу вядзе Мазавецкае аддзяленне Дэпартамента па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.

нг


Чаму некаторыя заходнія палітыкі займаюць прапуцінскую пазіцыю? Прычына ў сексе або грашах – Юрый Фяльштынскі

08.03.2024 17:56
ФСБ – гэта самая буйная спецслужба ў свеце з самым вялікім бюджэтам.