Беларуская Служба

Расія правакуе сепаратысцкія настроі ў Малдове

22.04.2024 18:45
Крэмль імкнецца ажывіць сепаратысцкія настроі ў аўтаномным рэгіёне Гагаўзіі.
Аўдыё
  • Эксперт пра сітуацыю ў Гагаўзіі
Ілюстрацыйны здымак EPA/SOFIA SANDURSKAYA/SPUTNIK/ Dostawca: PAP/EPA

Пра тое, чым гэта пагражае Малдове мы паразмаўлялі з экспертам.

На днях у Маскве адбылася сустрэча малдаўскай апазіцыі, падчас якай прадстаўнікі шэрагу прарасійскіх партый абвінавацілі прэзідэнта Майю Санду ва ўзурпацыі ўлады. Яны заявілі, што ідэя ЕС - гэта фантом, яна згубная для грамадзян і для краіны. Замест гэтага яны прапанавалі рух у бок Расіі ды СНД у якасці альтэрнатывы. Сярод удзельнікаў згаданай сустрэчы была таксама кіраўнік Гагаўзіі Яўгенія Гуцул.

З чым звязаны ўдзел кіраўніка Гагаўзіі ў прарасійскім апазіцыйным блоку, якія планы Крамля ў дачыненні да гэтага малдаўскага рэгіёна? Пра гэта мы паразмаўлялі з нашым аглядальнікам палітолагам Паўлам Усавым.

- Пытанне Гагаўзіі заўсёды стаяла даволі востра і Масква намагалася выкарыстаць рэгіяналізм для дэстабілізацыі Малдовы, асабліва, калі да ўлады прыходзілі праеўрапейскія сілы. Затое, калі пры ўладзе быў прарасійскі прэзідэнт Дадон, дадзенае пытанне не ўздымалася. Пасля прыходу да ўлады Маі Санду, якая абрала праеўрапейскі курс, пытанне Гагаўзіі абвастрылася. Пры гэтым на расклад сіл у рэгіёне актыўна ўплываюць прарасійскія палітыкі, напрыклад, Шор ды Краснасельскі. Яны фінансуюць прарасійскія партыі ды арганізацыі.

Ці Гагаўзія выйдзе са складу Малдовы?

- Малаверагодна, што Гагаўзія выйдзе са складу Малдовы, ці возьме курс на сепаратызм. Там няма ўнутраных рэсурсаў, а Расія не можа ініцыяваць дадзены працэс. Без умяшальніцтва Расіі ў Гагаўзіі няма сіл, якія б жадалі пачаць вайну з Малдовай. Пра гэта выдатна сведчыць палітыка Прыднестроўя. Рэгіён некалькі разоў спрабаваў далучыцца да Расіі, але Масква на гэта не пайшла. Крэмль не ў стане ўтрымаць рэгіён у выпадку вайны. Дастаткова, каб Украіна падтрымала Малдову і Прыднестроўе прайграе.

Сепаратызму ў Малдове цяпер няма, кажа эксперт. Аднак Крэмль можа паспрабаваць абудзіць сепаратысцкія настроі, ідучы на правакацыю, каб пачаць чарговы канфлікт у рэгіёне.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі