Беларуская Служба

Кіраўнік польскага МЗС: ЗША і Польшча ставяць аднолькавую мэту - каб Пуцін прайграў вайну, а Украіна ў ёй перамагла

06.05.2024 14:49
Радаслаў Сікорскі ўдзельнічаў у Вашынгтоне ў сустрэчы на тэму вайны ва Украіне. 
Аўдыё
  • Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі пра вайну ва Украіне і НАТА.
     .
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.Фота: PAP/Piotr Nowak

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі вярнуўся з падарожжа ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Кіраўнік польскага дыпламатычнага ведамства сустрэўся ў Вашынгтоне з прадстаўніком Белага дома Майклам Карпентэрам, а таксама генералам Кітам Келогам – дарадцам былога прэзідэнта Дональда Трампа, які зноў можа зноў заняць пасаду галавы ЗША. Міністр таксама прыняў удзел у канферэнцыі, зладжанай выданнем Financial Times. 

Галоўнай мэтай візіту Радаслава Сікорскага ў сталіцу ЗША быў удзел у панэльнай дыскусіі, прысвечанай вайне ва Украіне і яе наступствам. Міністр таксама сустрэўся з новым дырэктарам па кантактах з Еўропай Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Майклам Карпентэрам. «Гэта была вельмі інтэнсіўная, дэталёвая размова, у асноўным пра вайну ва Украіне», — сказаў міністр.

- Гаворка ішла пра самыя важныя справы ў польска-амерыканскіх адносінах, галоўным чынам яна датычыла Украіны. Гэта перамовы двух сур'ёзных саюзнікаў, якія ставяць перад сабой аднолькавыя мэты: каб Пуцін прайграў вайну, а Украіна ў ёй перамагла. Мы разам шукалі міжнародныя механізмы, якія дазволілі б перадаць Украіне фінансавыя сродкі з расійскіх актываў, якія былі замарожаныя за мяжой. Ішла гаворка і пра тое, якім чынам мы маглі б дапамагчы ўзмацніць украінскую супрацьпаветраную абарону, а таксама, як можна хутка паставіць на фронт узбраенне ўкраінскім абаронцам.

Кіраўнік польскай дыпламатыі таксама сустрэўся падчас свайго візіту з адным з дарадцаў былога прэзідэнта Дональда Трампа генералам Кітам Келогам (Joseph Keith Kellogg). «Гутарка з генералам Келогам была для мяне вельмі важнай падзеяй, — сказаў міністр. - Гэта чалавек, які разумее сітуацыю ў нашым рэгіёне, разумее стаўкі гэтай вайны».

- Гэта сур’ёзны чалавек, генерал, удзельнік яшчэ вайны ў В’етнаме. Ён з’яўляецца інсайдарам адміністрацыі прэзідэнта Трампа. Польшча імкнецца наладзіць па меры магчымасці як мага лепшыя адносіны са Штатамі, незалежна ад таго, хто будзе кіраваць дзяржавай. Мы, канешне ж, паважаем кожны выбар амерыканскіх выбаршчыкаў. І таму мы не будзем рабіць стаўку толькі на адзін сектар, як паступаў папярэдні польскі ўрад. Мы не будзем казаць, што мы зацікаўленыя ў адносінах толькі з адным бокам палітычнай гульні. Звярніце ўвагу, калі ласка, што за пакет дапамогі Украіне галасавалі як дэмакраты, так і рэспубліканцы, праўда, у розных прапорцыях. На маю думку, не варта ў дадзены момант разважаць, што здарыцца, калі на выбарах прэзідэнта ЗША пераможа той ці іншы кандыдат. Пакуль што мы бачым, што кандыдат Дональд Трамп не крытыкаваў спікера Палаты прадстаўнікоў Майка Джонсана (Mike Johnson), калі той аб’явіў аб галасаванні над пакетам дапамогі Украіне. Я хачу ў гэтым бачыць добры знак на будучыню.

Дональду Трампу спадабалася прапанова польскага прэзідэнта Анджэя Дуды, каб падняць мінімальныя выдаткі на ўзбраенне краін-членаў НАТА з 2% ды 3%. Аб гэтым паведамляла выданне “Тайм”. Ці польскі ўрад згаджаецца з дадзенай пазіцыяй? Такое патрабаванне мела б сур’ёзныя наступствы, паколькі аказалася б, што вялікая частка дзяржаў, якія ўваходзяць у альянс, выдаткоўвае на абарону менш.

- Спадар прэзідэнт перад сваёй заявай не абмяркоўваў гэтай прапановы з урадам. Я нагадваю, што, згодна падпісаным дамовам, дагэтуль выдаткі на абарону павінны былі складаць 2%, а 3% - гэта толькі прапанова. Калі б сапраўды (патэнцыйны) будучы прэзідэнт ЗША (Дональд Трамп) падтрымаў сваю заяву, што Штаты не будуць абараняць краін, якія выдаткоўваюць на абарону менш, чым 3% ВУП, тады значна зменшылася б група краін, якія могуць разлічваць на абарону.

Неўзабаве адбудзецца саміт НАТА ў Вашынгтоне. Польшчу на гэтай важнай падзеі будзе прадстаўляць прэзідэнт Анджэй Дуда, які застаецца ў апазіцыі да актуальнага ўраду дзяржавы. Меркаваннем міністра замежных спраў, падчас саміту лепш не высоўваць патрабаванняў, якія не будуць выкананыя ўсімі членамі НАТА. Напрыклад, павышэння выдаткаў на ўзбраенне да 3-працэнтнага парогу.

- Я скептычна стаўлюся да такіх патрабаванняў. Тады замест поспеху, якім я лічу выкананне раней прынятых стандартаў, мы можам самі сябе прыгаварыць да паражэння. Навошта гэта рабіць?

ЗША – стратэгічны партнёр Польшчы, аднак не абавязкова кожны раз, калі паявіцца нейкая пагроза на межах дзяржавы, выклікаць на дапамогу Злучаныя Штаты. Еўропа павінна быць здольнай адказваць прынамсі на некаторыя пагрозы, таму Польшча падтрымлівае прапанову стварыць Еўрапейскія сілы хуткага рэагавання, - дадаў кіраўнік МЗС Радаслаў Сікорскі. У ЗША з ім гутарыў карэспандэнт Польскага радыё Марэк Валкускі.  

нг