Беларуская Служба

Ціханоўская ў Познані: Калі дзейнічаеш, няма часу ні на дэпрэсіі, ні на апатыі

17.05.2024 09:44
Святлана Ціханоўская, сустракаючыся з беларускай дыяспарай у Познані, заклікала беларусаў да больш актыўнай дзейнасці, што, паводле яе, будзе спрыяць хутчэйшаму вырашэнню многіх праблем.
Аўдыё
  • Ціханоўская ў Познані: Калі дзейнічаеш, няма часу ні на дэпрэсіі, ні на апатыі
 ,  ,  , , 16  2024 .
Павел Латушка, Святлана Ціханоўская, Аліна Коўшык, Познань, 16 траўня 2024 г.Фота: П. Залескі/https://www.polskieradio.pl/396

Нам важна, каб Польшча ў гэты час была побач з беларусамі

Вялікая студэнцкая аўдыторыя факультэту паліталогіі ўніверсітэту імя Адама Міцкевіча была цалкам запоўнена беларускімі студэнтамі і прадстаўнікамі дыяспары, якія стоячы працяглымі апладысментамі віталі прэзідэнта элект. Сустрэчу арганізавалі сябры беларускай студэнцкай арганізацыі «Ліхтар».

Святлана Ціханоўская брала ўдзел у міжнароднай канферэнцыі Impact у Познані на якой удзельнікі цягам двух дзён абмяркоўвалі актуальныя пытанні для Еўропы.


С. Ціханоўская С. Ціханоўская

Дзякуючы кіраўніцтву ўніверсітэту імя Міцкевіча напачатку выступу яна адзначыла, што Польшча і Беларусь была заўсёды звязана між сабой гістарычна. А таму паводле яе, у нашых народаў ёсць супольныя героі і агульныя каштоўнасці.

-Мы хочам, каб нашы абедзве краіны былі часткай дэмакратычнага свету. Гэты шлях Польшча ўжо прайшла, а Беларусь толькі знаходзіцца на гэтым шляху. І нам вельмі важна, каб вы былі побач у гэтыя цяжкія часы.


Навіны з Беларусі не дадаюць аптымізму, але і на гэта ёсць свой рэцэпт

Яна звярнулася з просьбай да кіраўніцтва ўніверсітэту як мага болей падтрымліваць беларускіх студэнтаў і іх ініцыятывы. Звяртаючыся да перапоўненай аўдыторыі беларусаў прызналася, што самае прыемнае для яе пры наведванні любой краіны сустрэча з беларускай дыяспарай.

Што датычыць Познані, то Ціханоўская ўпершыню сустракалася тут з беларускай дыяспарай, але, паводле таго, калі яна пачала пералічваць розныя ініцыятывы беларусаў у гэтым горадзе, стала зразумела, што добра арыентуецца ў справах дыяспары і яе дзейнасці.

Яна адразу заўважыла, што навіны з Беларусі не дадаюць аптымізму, але, маўляў, на гэта і разлічвае дыктатар.

-Але я ведаю, якая самая лепшая зброя супраць гэтага – гэта дзейнасць. Калі дзейнічаеш, то няма часу ні на дэпрэсію, ні на апатыю. І дзякуй , што вы не проста сядзіце і наракаеце на жыццё, а развіваеце свае супольнасці, запускаеце ініцыятывы, ладзіце культурніцкія праекты і падтрымліваеце нашых палітвязняў і нашых добраахвотнікаў.

Яна яшчэ раз нагадала, што 21 мая будзе адзначацца міжнародны дзень падтрымкі палітвязняў і выказала спадзяванне, што беларускія дыяспары ва ўсім свеце далучацца і правядуць актыўныя мерапрыемствы.

Сістэма Паўла Лібера дазволіць чэсна падлічыць галасы

Пасля ўступнага слова прысутныя пачалі задаваць пытанні. Паколькі разам з Ціханоўскай прысутнічалі Павел Латушка і Аліна Коўшык, яны ўсе разам спрабавалі на іх адказваць.

Адна з жанчын прызналася, што не зусім разумее, як будуць праходзіць выбары ў Каардынацыйную раду і хто будзе весці падлік галасоў.

Павел Латушка, адказваючы на пытанне, найперш падкрэсліў важнасць умацавання дэмакртычных інстытутаў праз выбары. А таксама зазначыў, што беларусы ўпершыню за 30 гадоў будуць мець права выбіраць сваіх прадстаўнікоў.

«Мы, як палітычныя структуры, якія ідуць на выбары, зразумела не ўплываем на падлік галасоў. За гэта адказвае выбарчая камісія і платформа, якую стварае Павел Лібер. Я веру, што яму ўдалося стварыць сістэму, якая дазволіць падлічыць галасы так, як іх аддалі грамадзяне. Дзеля таго, каб зарыентавацца, як яна дзейнічае варта зайсці на сайт Каардынацыйнай рады і ўсё па пунктах прачытаць. Гэта кожнаму будзе зрабіць нескладана.


Праблема з пенсіямі новая і для палякаў

Яшчэ адна прадстаўніца дыяспары падрыхтавала адразу дзве папкі з пытаннямі і на адным з іх завастрыла ўвагу. Яно датычыла атрымання пенсій беларускімі пенсіянерамі ў Польшчы. Адна з беларусак, якая чацвёрты год знаходзіцца ў Польшчы атрымала пенсію 1 злоты 68 грошы.

Прадстаўнікі Аб’яднанага кабінету, паводле Паўла Латушкі, ужо абмяркоўвалі гэтую праблему на ўзроўні міністэрства. Згодна з польскімі законамі неабходна прадставіць пацверджанне працоўнага стажу ў Беларусі. Але як гэта зрабіць? Адказу пакуль няма і ў палякаў, паколькі гэта цалкам новая сітуацыя і для іх. Але, як запэўніў Латушка, над праблемай працуюць і яна будзе вырашацца.

Ад імя адной з беларусак работнікі польскага аддзелу па сацыяльных пытаннях накіравалі запыт у беларускія адпаведныя структуры з просьбай пацвердзіць пенсійны стаж грамадзянкі. У выніку на тую грамадзянку ў Беларусі была ўзбуджана крымінальная справа.

Ужо падрыхтаваны законапраект аб вяртанні адабранай маёмасці

Прагучала пытанне аб маёмасці, якую зараз канфіскоўваюць луканшэнкаўскія ўлады. Аліна Коўшык распавяла, што спіс «Еўрапейскі выбар», у які яна ўваходзіць, падрыхтаваў законапраект аб вяртанні адабранай маёмасці.

-Мы будзем збіраць інфармацыю аб адабранай маёмасці, каб гэта было ў адным рэестры. Уся маёмасць людзям будзе вернутая. Мы яшчэ намерваемся праводзіць шырокую кампанію з тым, каб тыя, хто яе нібыта набывае, не квапіліся на яе. Ніхто не мае права забіраць нашу ўласнасць.

З пашпартам Новай Беларусі не ўсё так хутка

Апошняе пытанне датычыла пашпартоў Новай Беларусі. Святлана Ціханоўская зазначыла, што гэта адзін з самых важных праектаў, але ў той самы час найбольш беспрэцэдэнтны, паколькі нічога падобнага да беларусаў ніхто не рабіў.

-Гэта яшчэ доўгая дарога, але з кожнай краінай мы ўжо працуем адносна таго, каб яна прызнавала гэты пашпарт. Пакуль нічога новага я вам не магу сказаць, паколькі гэта вельмі складаны праект і будзе яшчэ складаней. Але мы працягваем стукаць у дзверы, бо ў нас няма іншага выйсця.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл