Некалькі дзён таму прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што яго краіна выйдзе з АДКБ. Прычынай выхаду армянскі лідар назваў рэжым Лукашэнкі ды яго палітыку спрыяння Азербайджану.
Сітуацыю каментуе наш аглядальнік палітолаг Павал Усаў.
У структурах СНД шырыцца чарговы скандал. Пасля армяна-азербайджанскага ды крыгызска-таджыцкага канфліктаў, напружанне вырасла паміж Беларуссю ды Арменіяй. Афіцыйны Ерэван заявіў пра тое, што Беларусь пад кіраўніцтвам узурпатара Лукашэнкі «здрадзіла» Арменію пастаўкамі зброі ў Азербайджан. У перыяд абвастрэння канфлікту паміж Баку і Ерэванам у Нагорным Карабаху з 2018 па 2022 гады РБ пастаўляла сучасную зброю суперніку Арменіі — Азербайджану, хаця Мінск і Ерэван з'яўляюцца саюзнікамі і разам уваходзяць у альянс бяспекі пад эгідай Расіі, напісала выданне Politico, спасылаючыся на атрыманыя дакументы.
У адказ на гэта армянскае кіраўніцтва некалькі разоў адмовілася браць удзел у мерапрыемствах АДКБ. У лютым 2024 года Пашынян заявіў, што Ерэван фактычна замарожвае сваё сяброўства ў арганізацыі, а ў траўні - што Арменія прыпыніць фінансаванне дзейнасці АДКБ. У чэрвені Пашынян заявіў зноў аб намеры выйсці з АДКБ па прычыне таго, што Лукашэнка падтрымліваў Азербайджана падчас канфлікту ў Нагорным Карабаху. Мы папрасілі патлумачыць, што адбываецца паміж Беларуссю ды Арменіяй, якія прычыны канфлікту, і наколькі ён мае сур’ёзны характар нашага аглядальніка, палітолага Паўла Усава.
- Асноўная прычына напружанасці – гэта ўмяшальніцтва Лукашэнкі ў армяна-азэрбайджанскі канфлікт. Падчас яго апошняга знаходжання ў Баку беларускі дыктатар заявіў пра тое, што ў вайне вінаватая Арменія, што Азербайджан выкарыстаў усе палітычныя ды дыпламатычныя механізмы ўрэгулявання канфлікту, што Азербайджан дэакупаваў тэрыторыі, якія яму належалі. Увогуле беларускаму дыктатару лепш было б прамаўчаць. Але яго псіхалагічны тып – паўтараць за Масквой, дэманструючы лаяльнасць Крамлю. Так было ў 2010-м, калі ён умяшаўся ва ўнутраны канфлікт у Кыргызстане, вывозячы Бакіева ў Беларусь. Апроч таго, для Лукашэнкі Азербайджан важней, бо ён пастаўляў туды зброю.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову цалкам у далучаным аўдыёфайле!