Узурпатар Лукашэнка незадаволены якасцю сістэмы кіравання, якую сам збудаваў. Са сваімі пасадамі развіталіся міністр замежных спраў, кіраўнік Адміністрацыі, міністр сельскай гаспадаркі ды іншыя. Сілавікоў пакуль Лукашэнка не чапаў, яны яму патрэбны для правядзення выбараў у будучым годзе, зазначае эксперт.
Беларускі ўзурпатар правёў на мінулым тыдні нараду прысвечаную сістэме кіравання з удзелам кіраўніцтва рэжыму. Лукашэнка быў незадаволены тым, як працуюць чыноўнікі, якія ён сам жа прызначаў і перасоўваў з пасады на пасаду вось ужо 30 год.
У выніку сваю пасаду страціў міністр замежных спраў Сяргей Алейнік. Гэта той, хто пагадзіўся заняць пасаду міністра замежных спраў пасля фальсіфікацыі выбараў 2020-га года, масавых рэпрэсій ды смерці свайго папярэдніка Уладзіміра Макея.
Таксама былі замененыя першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі, віцэ-прэм'ер па АПК, міністр сельскай гаспадаркі, міністр прамысловасці, памочнік Лукашэнкі па Мінску, пасол у Расіі. Што стаіць за гэтымі прызначэннямі, мы паразмаўлялі з палітолагам Паўлам Усавым.
- Галоўным чынам, частка гэтых прызначэнняў – звычайная ратацыя да абмен месцамі чыноўнікам. Гэта звязана з дэфіцытам новых кадраў, і з недахопам даверу да новых людзей. Лукашэнка выцягвае і ператасоўвае тых, хто калісьці займаў высокія пасады. Так вярнулася Наталля Пяткевіч, якая некалі была ў Адміністрацыі прэзідэнта. Самае важна – замена кіраўніка Міністэрства замежных спраў. Прызначаны малады воўк Рыжанкоў, які зрабіў кар’еру пры Лукашэнку. На маю думку, яго задачай будзе паспрабаваць ажыццявіць стратэгію Макея «Лукашэнка як гарант суверэнітэту». Лукашэнка разлівае не тое, што Расія будзе аслабляць свой ціск на Мінск з-за працяглай вайны. У гэтай сітуацыі МЗС пастаўлена задача перазагрузіць адносіны з Захадам, прадаючы форму «Лукашэнка не пусціў беларускія войскі ва Украіну».
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Поўную размову слухайце ў аўдыёфайле