Дыктатар разлічвае, што гэта дасць яму шырэйшае міжнароднае прызнанне ды дадатковыя рэсурсы. Ён памыляецца, - прагназуе эксперт.
Пасля 14 год высілкаў Беларусь стала чальцом Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Адпаведнае рашэнне было падпісанае ў ходзе саміту ШАС у Астане 4-га ліпеня. Галоўным рухавіком уступлення Беларусі ў гэтую арганізацыю быў Лукашэнка, які шукаў для свайго рэжыму большага міжнароднага прызнання ды дадатковых рэсурсаў.
Нагадаем, што Беларусь мае стасункі з ШАС з 2010 года, спачатку ў статусе партнёра па дыялогу і з 2015 года - у статусе наглядальніка. У верасні 2022 у Самаркандзе было падпісанае рашэнне аб пачатку працэдуры ўступлення Беларусі ў шэрагі арганізацыі.
У ліпені 2024 года Беларусь стала паўнапраўным, дзясятым па ліку членам «сямʼі ШАС», пахваліліся афіцыйныя лукашэнкаўскія СМІ разам Індыяй, Іранам, Казахстанам, Кітаем, Кыргызстанам, Пакістанам, Расіяй, Таджыкістанам і Узбекістанам.
У якасці каго Беларусь уваходзіць у новую сям’ю: бедным сваяком, прымаком ці роўным партнёрам? Пра гэта мы паразмаўлялі з палітолагам Паўлам Усавым.
- Беларусь у ШАС удзельнічала ўмоўна з 2010 год. Дарэчы, гэтая арганізацыя паўстала з ініцыятывы Масквы і Пекіна. Расія ў ёй бачыла для сябе інструмент аднаўлення свайго геапалітычнага статусу, але рэй у ёй пераняў Кітай. Беларусь туды доўга не пускалі, па фармальных прычынах – еўрапейская дзяржава, а ШАС яднае краіны Азіі. Пасля 2020 года, калі Лукашэнка парваў адносіны з Захадам, яго ўрэшце прынялі. Таму што цяперашні ШАС – гэта арганізацыя, якая яднае аўтарытарныя дзяржавы ды антыліберальныя рэжымы, а Беларусь перастала быць еўрапейскай краінай, ніякага лібералізму ў ёй няма. Для Лукашэнкі – гэта спроба кампенсацыі страты еўрапейскага накірунку. Ніякіх эканамічных ды палітычных прэферэнцый ад ШАС Лукашэнка не атрымае. Для Беларусі ж – гэта кансервацыя рэжыму, пераўтварэнне цалкам у краіну азіяцкага фармату.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыёфайле.