Беларуская Служба

Крэмль не мае падтрымкі на постсавецкай прасторы

19.08.2024 15:13
Украінскі наступ у Курскай вобласці паказаў не толькі слабасць расійскага кіраўніцтва, якое не ў стане абараніць сваю тэрыторыю, але і той факт, што Крэмль у рэгіёне не мае падтрымкі.
Аўдыё
  • Эксперт пра стаўленне постсавецкіх эліт да расійскай агрэсіі ва Украіне
Ілюстрацыйны здымакEPA/VYACHESLAV PROKOFYEV / SPUTNIK Dostawca: PAP/EPA.

Ніхто з постсавецкіх краін, у тым ліку хаўруснік Лукашэнка, не кінуўся абараняць Расію. Наадварот, украінскі наступ паказаў, што пуцінскія сябрукі па клубу дыктатараў СНД з радасцю б віталі паразу Расіі ў вайне, кажа эксперт.

Пасля распаду СССР Расія збудавала новую архітэктуру бяспекі ў рэгіёне, дзе асноўнай структурай стала Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Арганізацыя павінна была дапамагчы ў выпадку нападу на адну з краін удзельніц. Ужо другі тыдзень Курская вобласць Расіі знаходзіцца пад ударам Украіны, але не бачна ніякай рэакцыі краін АДКБ. На дадзены момант гэта 6 краін: Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбекістан, Арменія і Беларусь. Улады Казахстана заявілі, што выступаюць за вырашэнне ўсіх канфліктаў паміж дзяржавамі выключна мірным шляхам. Беларускі ўзурпатар выступіў учора з заявай, што Расія павінна мірыцца з Украінай пасля аперацыі ў Курскай вобласці. Рэшта адмоўчваецца.

Гэта сведчанне таго, што большасць постсавецкіх краін не падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны, кажа наш аглядальнік палітолаг Павал Усаў.

- Усе дзяржавы нават на постсавецкай прасторы разумеюць, што менавіта Расія з’яўляецца агрэсарам. Апроч Беларусі расійскую агрэсію ніхто не падтрымаў. Больш за тое, усе б хацелі паразы Масквы, бо перамога азначае ўзмацненне Расіі, яна б стала рэгіянальным гегемонам, што ніводная краіна, нават самая дыктатарская і закрытая, як Туркменістан, не была б у стане супрацьстаяць эканамічнаму ды палітычнаму ціску, а потым і геастратэгічнай экспансіі. Таму аслабленне Расіі дае магчымасць для манеўру, паспрабаваць абаперціся на іншыя краіны, як Кітай ці Захад.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Слухайце размову ў аўдыёфайле

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі