Беларуская Служба

Эксперт: З Лукашэнкам у Беларусі прагрэсу не будзе

02.09.2024 15:26
Напярэдадні пачатку новага навучальнага года беларускі ўзурпатар выступіў з гучнымі заявамі, што да адукацыі ў Беларусі. 
Аўдыё
  • Эксперт пра спробы рэжыму мадэрнізаваць беларускую адукацыю
Ілюстрацыйны здымак ALEXANDER KAZAKOV / SPUTNIK / KREMLIN POOL

30 год Лукашэнка кіраваў Беларуссю, замбіраваў школьнікаў ідэалогіяй, але здарыўся 2020-год. Цяпер дыктатар хоча яшчэ больш індактрынаваць адукацыйны сектар, ператварыўшы школу ў карны інструмент пад соусам клопату пра «беларускія таленты», зазначае эксперт. 

Напярэдадні пачатку новага навучальнага года беларускі ўзурпатар выступіў з гучнымі заявамі, што да адукацыі ў Беларусі. Лукашэнка паабяцаў стварыць у краіне «адукацыйны хаб сусветнага фармату, не горш за Гарвард», каб беларускія таленты заставаліся ў краіне.

На першы погляд гэтыя абяцанні гучаць прывабна, але 30 год кіравання Лукашэнкі паказалі, што прыгожыя дэкларацыі застаюцца на паперы. На практыцы толькі за апошні год у Беларусі на 5 тысяч зменшылася колькасць першакласнікаў, на 200 паменела школ. Гэта вынік таго, што ў Беларусі рэжым будуе зусім іншую мадэль – школы ў якасці карнага ды ідэалагічнага інструмента трымання грамадства пад кантролем. Тлумачыць палітолаг Павал Усаў.

- Пасля 30 год кіравання Лукашэнкі сітуацыя ў Беларусі пагоршылася не толькі ў адукацыйным сектары, але і ў іншых сферах сацыяльна-эканамічнага жыцця. У адукацыі – асабліва. Гэта звязана са спробамі ўладаў, яшчэ спачатку 2000-ых гадоў пераўтварыць адукацыю, гуманітарную галіну ў элемент ідэалогіі. У 2001-2003 гадах была распрацаваная дзяржаўная ідэалогія Беларусі, якая сталася абавязковай да вывучэння нават у школах. Усе рэсурсы паліталогіі, сацыялогіі, эканамічных навук былі скіраваныя на тое, каб абслугоўваць рэжым Лукашэнкі, які высмоктваў з грамадства рэсурсы. Гэта ўся рабілася дзеля захавання асабістай улады, а не развіцця адукацыі.

Нягледзячы на той ідэалагічны наступ, у Беларусі адбыўся 2020-ы год, пратэставаць выйшлі людзі, якія вучыліся  ў лукашэнкаўскай школе?

- Але галоўным элементам тагачаснага ўзрушэння быў расійскі фактар. Паступова адбыўся паварот да нацыянальнага характару, але базай пратэстаў была частка насельніцтва, якая арыентавалася на Расію, на расійскія СМІ. Нацыянальны элемент у Беларусі быў максімальна маргіналізаваны, улады ставіліся да ўсяго беларускага, як да нечага варожага. Адбывалася максімальная русіфікацыя і дэбеларусізацыя падчас усяго кіравання Лукашэнкі. Любыя абяцанні пабудаваць тут нейкі хаб ці Сіліконавую даліну, былі звычайнай паказухай. Лукашэнкаўская сістэма нічога прагрэсіўнага стварыць не ў стане, бо прагрэс вымагае свабоды і дэмакратыі. Існуючы ж рэжым будуе адваротныя інстытуты, яны архаічныя і абапіраюцца не на свабоду і прагрэс, а наадварот - на кантроль ды зняволенне. Таму ў Беларусі прагрэсу ніколі не будзе.

Ці дыяспара ды беларусы замежжа змогуць стаць альтэрнатыўным цэнтрам беларускай адукацыі?

- Менавіта гэтым павінны займацца апазіцыйны структуры, павінны стварыць сур’ёзны інтэлектуальны асяродак за мяжой. Гэтага пакуль не адбылося, магчыма з-за адсутнасці сістэмнага мыслення сярод тых, хто ўзяў на сябе ролю палітычнага прадстаўніцтва. Яны застаюцца ў фармаце НДА і грантавай падтрымкі. Ім не хапіла смеласці дзейнічаць самастойна, абапіраючыся на той інтэлектуальны рэсурс, які выехаў з Беларусі. Гэта выклікае расчараванне, таму людзі, хто з’ехаў, шукаюць магчымасці інтэгравацца ў заходнія грамадствы, наладзіць сваё жыццё.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч


Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі