Беларуская Служба

Лукашэнка паляцеў у Маскву па свой 7-ы тэрмін?

07.10.2024 14:59
У бліжэйшы час Масква не рашыцца на замену Лукашэнкі, перакананы палітолаг Павал Усаў.
Аўдыё
  • Эксперт пра візіт Лукашэнкі ў Расію
Ілюстрацыйны здымакhttps://t.me/pul_1

Расія ў чарговы раз збірае лідараў СНД. Яны маюць стаць масоўкай для 72-х народзін Пуціна. Сярод удзельнікаў прысутнічае Лукашэнка. У сацсетках з'явіліся спекуляцыі, што беларускі дыктатар паехаў у Крэмль за чарговым прэзідэнцкім тэрмінам для сябе, як за ярлыком. 

8 кастрычніка запланаваны саміт лідараў СНД. Крамлёўская прэс-служба заявіла, што парадак саміту вельмі шырокі. Абвешчана, што будуць разглядацца пытанні, звязаныя з гарантаваннем бяспекі, сферай высокіх тэхналогій, гандлёва-эканамічным і культурна-гуманітарным супрацоўніцтвам.

Аднак большасць лідараў СНД прыбыла ў Расію 7-га кастрычніка. Гэта звязана з тым, што Пуціну спаўняецца 72 гады. На вечар панядзелка запланавана сустрэча Пуціна з партнёрамі па СНД у нефармальнай абстаноўцы з нагоды пуцінскага дня нараджэння.

Беларускі ўзурпатар ужо павіншаваў Пуціна з нараджэннем, заявіўшы, што ягоны рэжым высока цэніць «прынцыповы настрой на далейшае развіццё беларуска-расійскіх адносін, саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства».

Што цікава пры канцы жніўня Лукашэнка атрымаў ад Пуціна ордэн святога апостала Андрэя Першазванага, такі ж, што меў здушыцель паўстання Каліноўскага ў Беларусі Мураўёў-Вешальнік. У сацыяльных сетках пачалі спекуляваць, што Лукашэнка ў Маскву паехаў, каб атрымаць падтрымку пад сваё чарговае вылучэнне на пасаду прэзідэнта ў Беларусі. Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю палітолага Паўла Усава.

- Тое, што Лукашэнка пойдзе на выбары было, відавочна, пасля таго, як ён купіраваў крызіс у Беларусі. Зялёнае святло ад Масквы і падтрымку на прэзідэнцтва Лукашэнка атрымаў пасля пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне. Для Крамля стала неабходным забеспячэнне стабільнасці ў Беларусі ды недапушчэнне ніякіх перамен. Перазагрузка палітычнай формулы для Беларусі адбылася ў 2022-м годзе. Лукашэнка фактычна пачаў здаваць суверэнітэт Беларусі. Гэта падпісанне 28 дарожных мап, падпісанне саюзнай дактрыны ды размяшчэнне расійскіх войск на тэрыторыі Беларусі, падтрымка расійскай вайсковай інфраструктуры.

Лукашэнка ў 2020 годзе казаў, што зменіць у Беларусі Канстытуцыю, каб перадаць уладу. Пра гэта ён заяўляў у размовах з расійскім кіраўніцтвам. Цяпер жа ён аддаваць уладу не збіраецца.

- Шчыра кажучы, наяўнасць і сутнасць нейкіх дамоўленасцяў – гэта выключна спекуляцыі. Ні разу яны не былі агучаныя. Мы толькі дапускаем, што Масква патрабавала змен унутры Беларусі. Змены ў Канстытуцыі, якія адбыліся ў 2022-м годзе, прадугледжвалі механізмы перадачы ўлады з захаваннем кантролю як у Казахстане. Аднак, няма пацвярджэння, што, менавіта, так стаяла пытанне з боку Расіі.

На вашую думку, як Расія глядзіць на надыходзячыя выбары ў Беларусі?

- Трансфармацыя Беларусі цяпер для Расіі не мае сэнсу. Лукашэнка выконвае ўсе геапалітычныя патрабаванні, якія ставіла яму Масква. На сённяшні дзень, найлепшага васала наўрад ці Расія можа знайсці. Пуціну вельмі важна, каб заставалася залежнасць Лукашэнкі. Магчыма нешта зможа змяніцца ў 2030-м годзе. У той час завершыцца тэрмін прэзідэнцтва Пуціна і Лукашэнкі. Магчыма, калі Пуцін застанецца на нагах, тады будзе рэалізаваная формула Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расіі, дзе Пуцін стане зноў прэзідэнтам.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі