Разам з тым расійскі ўрад не лічыць «Талібан» тэрарыстычнай арганізацыяй, але журналістаў у Расіі садзяць у турму за згадванне талібаў. Пра апошнія трэнды ў расійскай палітыцы мы размаўляем з палітолагам.
На мінулым тыдні ўзбудзіліся дэпутаты Дзяржаўнай думы Расіі, абвясціўшы, што працуюць над законапраектам па забароне «прапаганды» дзіцячага хобі - квадробікі.
Гэта фізічныя дзеянні, рухі і практыкаванні, якія чалавек выконвае на карачках, каб імітаваць жывёлы, часта катоў і сабак. Гэтыя практыкі прыйшлі ад спартоўцаў і сталі папулярнымі сярод дзяцей і падлеткаў.
Зусім інакш гэта бачаць у Крамлі. Яшчэ вясной пачалі з’яўляцца заявы чыноўнікаў крытыкай згаданага хобі. Так дзіцячы амбудсмэн Татарстану заявіла пра небяспеку новага захаплення, крытыкуючы за «разчалавечванне» і «пазбаўленне маральных рамак». Старшыня Дзярждумы Валодзін параўнаў гэтую практыку з «адлучэнне ад царквы» і «адмовай ад нараджэння дзяцей», напісаўшы, што з Захаду ў Расію прыходзіць чарговая пагроза, якая падштурхоўвае людзей да адмовы не толькі ад гендарнай, але і чалавечай ідэнтычнасці, праз пераўвасабленне ў жывёл, выдуманых персанажаў.
Разам з тым пераўвасабленні расійскага МЗС Крамлю не перашкаджаюць. Установа перастала ўспрымаць тэрарыстамі рух «Талібан», бо яны сталі ўрадам Афганістану. Гэта ж не перашкаджае следчым трымаць у турме шасцідзесяцігадовую журналістку Надзею Кеворкаву, абвінавачваючы яе ў «апраўданні тэрарызму» за тэкст пра талібаў.
Гэта чарговы рух у бок таталітарызму ў Расіі, перакананы наш аглядальнік палітолаг Павал Усаў.
- Гэта сведчыць пра спробу падаўлення любой альтэрнатывы, якая не ўбудоўваецца ў канцэпцыю абсалютнага падпарадкавання дзяржаве. Так дзеецца ў Расіі з любымі папулярнымі субкультурамі. Справа ў тым, што расійскія эліты бачаць у гэтым пагрозу для дэклараванай ідэалагічнай маральнасці, якую яны навязваюць расійскаму грамадству ды імкнуцца экспартаваць на знешні рынак. Расійская прапаганда ўвесь час заяўляе, што толькі Расія захавала «маральны воблік» хрысціянскай цывілізацыі, якая на Захадзе раскладаецца. Менавіта таму Расія змагаецца з любымі рухамі, прадстаўляючы сябе як адзіную астою ў захаванні маральных каштоўнасцяў.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыёфайле