Адразу пасля гэтага Расія забараніла ўвоз гародніны і дынь з Казахстана. Крэмль не спыняе сваёй экспансіянісцкай палітыкі на постсавецкай прасторы, кажа палітолаг Павал Усаў.
У мінулы чацвер 17 кастрычніка Россельгоснадзор апублікаваў рашэнне пра тое, што ў Расію забараняецца ўвоз памідораў, перцаў, дыні, сачавіцы з Казахстана. Расіяне патлумачылі сваё рашэнне меркаваннямі «фітасанітарнай бяспекі».
Гэтыя абмежаванні на ўвоз прадуктаў супалі з палітычнымі заявамі з офіса Касым-Жомарта Токаева аб тым, што Казахстан атрымаў запрашэнні ўступіць у БРІКС, уважліва іх вывучае на прадмет адпаведнасці нацыянальным інтарэсам, але ад уступлення ўстрымаецца. Расіі такі падыход да справы моцна не спадабаўся, кажа наш аглядальнік палітолаг Павал Усаў.
- Апошнія гады мы маем дачыненне з жаданнем Расіі ўплываць на знешнепалітычную арыентацыю ды знешнепалітычны выбар краін суседзяў, асабліва постсавецкіх. Тут толькі сам факт, што Казахстан мае сваю ўласную пазіцыю ды ўласны погляд, і не жадае быць выкарыстаным Расіяй у яе гульні, выклікала негатыўную рэакцыю з боку Масквы. Нават сам факт геапалітычнага манеўру злуе Крэмль у сітуацыі, калі Казахстан з’яўляецца сябрам Еўразійскага Саюза, СНД, АДКБ і моцна прывязаны да геапалітычных праектаў Расіі. Відавочна, што нежаданне Казахстану ўступаць у БРІКС звязана з тым, што Крэмль разглядае гэтую арганізацыю як фундамент расійскай знешнепалітычнай гульні па стварэнні альтэрнатывы для Захаду. Масква бачыць яе ў якасці глабальнай структуры па супрацьстаянні Захаду. Астана не жадае ў гэтым удзельнічаць.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыяфайле