Беларуская Служба

Тшаскоўскі рыхтаваўся пяць гадоў, а Сікорскі — добры кандыдат у неспакойныя часы. Інтрыга лістапада ў польскай палітыцы

21.11.2024 15:37
На гэтых выходных стане вядома, хто будзе прадстаўляць «Грамадзянскую кааліцыю» на выбарах прэзідэнта ў наступным годзе.
Аўдыё
  • Праймерыз у «Грамадзянскай кааліцыі» адбудуцца ў суботу, вынікі будуць вядомыя праз дзень. Галасаванне ўнутры кааліцыі будзе адбывацца праз sms-паведамленні.
    ()    .21  2024 ..
Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі (злева) падчас сустрэчы ў сталіцы.21 лістапада 2024 г.. PAP/Tomasz Gzell

Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы адбудуцца напрыканцы вясны наступнага года. Пакуль аб сваім удзеле заявілі Славамір Мэнцэн (Sławomir Mentzen) з Канфедэрацыі і спікер Сейма Шымон Галоўня (Szymon Hołownia), які будзе незалежным кандыдатам. Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі (Radosław Sikorski) і мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі (Rafał Trzaskowski) удзельнічаюць у праймерыз. Пакуль невядома, каго вылучыць ПіС.

На думку некаторых палітыкаў, Рафал Тшаскоўскі — лепшы выбар, бо ён рыхтаваўся да прэзідэнцтва пяць гадоў. Іншыя адзначаюць, што лепшым кандыдатам у гэты неспакойны час будзе дасведчаны палітык Радаслаў Сікорскі.

Унутры самой «Грамадзянская кааліцыя» меркаванні падзяліліся.

Былы старшыня «Грамадзянскай платформы», а цяпер сенатар Гжэгаж Схетына кажа, што абодва выдатныя кандыдаты, Сікорскі добры міністр замежных спраў, але Тшаскоўскі быў  блізкі да перамогі пяць гадоў таму. «Гэта палітык, які шукае згоды, выклікае пазітыўныя эмоцыі ў мясцовай уладзе», — пералічыў ён.

«Але галоўнае, каб праз дзень-гадзіну пасля абвяшчэння вынікаў мы сказалі, што мы разам і выходзім на другі этап арганізацыі выбарчай кампаніі кандыдата, які перамог на праймерыз», — адзначыў Схетына.

Намеснік міністра юстыцыі Аркадзіюш Мырха (Arkadiusz Myrcha) падтрымлівае Радаслава Сікорскага.  «Сікорскі мае досвед не толькі ў якасці міністра замежных спраў, але і ў якасці міністра нацыянальнай абароны. Прызнаюся, для мяне важны і рэгіянальны акцэнт — мы абодва з Куяўска-Паморскага ваяводства», — сказаў Мырха.

Аднак палітолаг Павел Травіцкі з Гданьскага ўніверсітэта заяўляе, што кампанія з праймерыз у «Грамадзянскай кааліцыі» мае разбуральныя рысы.

— Заўважу, што ў гэтай унутранай кампаніі аб вылучэнні кандыдата ад «Грамадзянскай кааліцыі» ў прэзідэнцкую гонку ёсць невялікі дэструктыўны момант. А менавіта ідзе размова пра тое, што гэта будзе рыцарскае спаборніцтва, аднак адзін з кандыдатаў замаўляе нейкае знешняе ці ўнутранае даследаванне. І гэта не будуе еднасці ў палітычным лагеры.

Паводле палітолага, «Права і Справядлівасць» адмыслова трымае паўзу і не агучвае свайго кандыдата, бо чакае, каб спачатку гэта зрабіла «Грамадзянская кааліцыя». Гэтыя дзве партыі з’яўляюцца моцнымі ідэйнымі канкурэнтамі.

Віцэ-прэзідэнт «Права і Справядлівасці» Марыюш Блашчак заявіў, што ягоная партыя не баіцца нікога з названых палітыкаў з канкурэнтнага лагеру:

— Абодва кандыдаты аднолькавыя, у сваіх выступах падкрэсліваюць, як моцна не любяць «Права і Справядлівасці», але гэта дарога ў нікуды. Так яны толькі пераконваюць свой пастаянны электарат, а гэтага замала. Бо, калі паглядзім на апытанні, то «Грамадзянская платформа» не мае добрай адзнакі за сваё кіраванне.

Апытанні, праведзеныя па замове СМІ, паказваюць на больш высокія шанцы на праймерыз  Рафала Тшаскоўскага, які з прэзідэнцкіх выбараў 2020 года разглядаўся як «натуральны кандыдат» на наступных выбарах. Гэтую тэндэнцыю паказала і ўнутранае апытанне, праведзенае на замову «Грамадзянскай платформы», вынікі якога былі апублікаваныя ў панядзелак. Паводле гэтага даследавання, у першым туры сапраўдных прэзідэнцкіх выбараў Сікорскі прайграў бы кандыдату ад «Права і справядлівасці», а ў другім туры, нягледзячы на ​​перамогу, меў бы меншую перавагу, чым Тшаскоўскі.

Цяперашняя міністарка адукацыі Барбара Навацка мяркуе, што любы кандыдат ад «Грамадзянскай кааліцыі» мае добрыя шанцы перамагчы на ​​прэзідэнцкіх выбарах. Сама ж яна на праймерыз падтрымлівае Рафала Тшаскоўскага:

— Тшаскоўскі ёсць тым, каго мы, выбарцы дэмакратычнага боку, бачым у якасці наша кандыдата ў прэзідэнты. Тшаскоўскі ўжо ў першым туры прыцягне выбарцаў левых поглядаў. Гэта вялікі аргумент. Рафал Тшаскоўскі з’яўляецца кандыдатам, якія прыцягвае на свой бок і левых, і цэнтрыстаў, і нават кансерватыўную групу ў другім туры.

Сенатар ад «Грамадзянскай кааліцыі» Станіслаў Гаўлоўскі (Stanisław Gawłowski ) звярнуў увагу на дыпламатычны досвед Радаслава Сікорскага. «Канфлікт ва Украіне, нестабільная сітуацыя на Блізкім Усходзе, новая рэальнасць у ЗША пасля выбараў», — нагадвае сенатар.

— Мусім знайсці адказ, якая будзе будучыня не толькі Польшчы, але і Еўрасаюза. Нам патрэбны прэзідэнт з вялікім досведам, у тым ліку ў дыпламатыі, а таксама ў справах, што тычацца абароны. Усё змянілася, цяпер нестабільныя часы. Нам патрэбны чалавек, які правядзе палякаў праз вельмі цяжкі час, праз завіхрэнні, якія перад намі. І такім чалавека з’яўляецца Радаслаў Сікорскі.

Праймерыз у «Грамадзянскай кааліцыі» адбудуцца ў суботу, вынікі будуць вядомыя праз дзень.  Галасаванне ўнутры кааліцыі будзе адбывацца праз sms-паведамленні.

PAP/IAR/вх