Беларуская Служба

Лідарства ў складаных умовах: Польшча і яе прыярытэты ў ЕС

02.01.2025 13:45
Бліжэйшыя шэсць месяцаў Польшча будзе кіраваць працамі Еўрасаюзу.
Аўдыё
  • Лідарства ў складаных умовах: Польшча і яе прыярытэты ў ЕС
    ,
Слоган польскага старшынства – «Бяспека, Еўропа!».

Польскае старшынства ў Радзе ЕС засяродзіцца на бяспецы, процідзеянні нелегальнай міграцыі і ахове здароўя.

Прыярытэтам у галіне міграцыі стане ўзмацненне межаў ЕС, эфектыўнасць дэпартацый і супрацоўніцтва з краінамі, размешчанымі на міграцыйных маршрутах. У сферы аховы здароўя асаблівая ўвага будзе нададзена псіхічнаму здароўю дзяцей і моладзі, лічбавай трансфармацыі сістэмы аховы здароўя і бяспецы лекаў.

Старшынства таксама будзе канцэнтравацца на маніторынгу пагроз унутранай бяспекі, такіх як арганізаваная злачыннасць, дэзінфармацыя і кібербяспека. У сферы працы будуць абмяркоўвацца пытанні абароны ва ўмовах аўтаматызацыі, дыстанцыйнай працы, а таксама падтрымка набыцця новых кваліфікацый. Дзеянні будуць уключаць прасоўванне гендарнай роўнасці, процідзеянне гвалту, актыўнасць пажылых людзей і скарачэнне беднасці.

Польскае старшынства ў Радзе ЕС працягнецца шэсць месяцаў. За гэты час у краіне пройдуць 22 нефармальныя рады і больш за 300 афіцыйных сустрэч. Польшчу наведаюць больш за 40 тысяч гасцей з усёй Еўропы, у тым ліку кіраўнікі і міністры ўрадаў краін-членаў ЕС.

Амбасадар Ян Трушчыньскі, які ў свой час вёў перамовы аб уступленні Польшчы ў Еўрасаюз, гаворыць, што цэлая Супольнасць можа атрымліваць карысць ад добрага вырашэння спраў краінай, якая кіруе працамі Еўрасаюза:

- Гэта прагрэс у вырашэнні справаў, прагрэс у падрыхтоўцы прававых актаў, якія асаблівым чынам патрэбныя, прагрэс у набліжэнні пазіцый краін-членаў, што не заўсёды простая справа. Выклікаў – вельмі шмат, не менш цяжкасцяў. У першыя тыдні мы будзем чакаць першыя дакументы ад ЕС. У канцы лютага-пачатку сакавіка такія дакументы пачнуць трапляць у краіны-члены. Ад Польшчы будзе залежыць, якім чынам будзе адбывацца дыскусія на гэтыя тэмы. У якой ступені ўдасца дасягнуць паразуменне, а значыць – якія будуць прынятыя рашэнні для бяспекі Еўропы, для еўрапейскай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, супольнага бюджэту і для многіх іншых спраў.

Польшча ўзначальвае Раду Еўрасаюзу ў час вялікіх зменаў у свеце. У студзені -інаўгурацыя прэзідэнта Дональда Трампа, потым выбары ў Германіі і, магчыма, таксама ў Францыі, таму патрэбна моцнае польскае кіраўніцтва, сказала Польскаму радыё намесніца міністра па еўрапейскіх справах Магдалена Сабковяк-Чарнэцка. Яна кажа, што гэта выдатная магчымасць для Польшчы:

- Нагадаю, што яшчэ нейкі час таму пад працэдуру праверкі вяршэнства права падпадалі і Польшча, і Венгрыя. З мая гэтае пытанне не закранае Польшчы. І гэта быў пачатак вяртання на еўрапейскую сцэну. Рашэнне аб дапамозе Украіне, цяпер новае бачанне міграцыйнай палітыкі. Думаю, што гэтае старшынства будзе кропкай над і, але для нас гэта таксама вялікі экзамен.

Еўракамісар па пытаннях бюджэту Пётр Серафін мяркуе, што гэтыя шэсць месяцаў будуць аднымі з найбольш цяжкіх за апошні час:

- Па прычыне вайны ва Украіне, па прычыне змен у амерыканскай адміністрацыі. Еўрапейскае адзінства будзе выстаўлена на выпрабаванні. Я кажу вельмі сур'ёзна: я лічу, што ЕС вельмі пашанцавала, што гэта Польшча будзе кіраваць бліжэйшыя шэсць месяцаў. Польшча, з аднаго боку, мае высокую верагоднасць у Вашынгтоне, прынамсі з увагі на ўзровень выдаткаў на абароннасць, прынамсі з увагі на разуменне значэння моцных трансатлантычных стасункаў для адзінства Захаду, але і Польшча, якая з'яўляецца верагодным партнёрам у ЕС, якае мае ўсе кампетэнцыі, каб выконваць ролю лідара цягам бліжэйшых шасці месяцаў.

У Еўрасаюзе чаканні ад старшынства Польшчы велізарныя. Мы пераймаем старшынства пасля Венгрыі, і ёсць шмат выклікаў па-за краінамі Супольнасці. Гэта таксама шанец для нашай краіны стаць лідарам, лічыць кіраўнік Прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Польшчы Катажына Смык:

- Сёння Польшчу ўспрымаюць як адну з найбольш стабільных дзяржаваў у Еўропе, праеўрапейскую, з мандатам, каб выконваць важную ролю. Ніхто не прызначае лідара. Лідарам становяцца ў акрэсленых умовах.

Дэпутат Еўрапарламента Анджэй Галіцкі лічыць, што кібербяспека будзе адной з найважнейшых тэм польскага старшынства. Лозунг польскага старшынства - бяспека, і еўрадэпутат Галіцкі сказаў у эфіры Польскага радыё, што кібербяспека будзе важнай з-за новага характару пагрозы:

- Увесь Еўрасаюз знаходзіцца пад пагрозай гібрыднай вайны ў сацыяльных сетках. Гэта сфера, якая ніколі не разглядалася ў ходзе ніводных дзеянняў. Думаю, гэта будзе адзін з найважнейшых выклікаў. У Румыніі нават паўтараюць прэзідэнцкія выбары. У Заходняй Еўропе таксама ёсць фармаванні, якія цалкам, ці іх лідары дзякуючы дэзінфармацыі здабываюць папулярнасць.

Польскае старшынства – гэта, акрамя прымання важных палітычных рашэнняў, таксама багатая культурніцкая праграма. Цягам першага паўгоддзя Польшча арганізуе больш за 300 афіцыйных сустрэч, з якіх каля 100 культурна-мастацкіх мерапрыемстваў у 20 краінах Еўропы. У сферы культуры ўвага будзе сканцэнтраваная на двух прыярытэтах: падтрымцы маладых творцаў і абнаўленні заканадаўчай базы аўдыявізуальнай сферы.

На час старшынства абрана некалькі польскіх сімвалаў. Галоўным з іх з’яўляецца яблык сорту «Груецкі» (jabłko grójeckie). Сярод падарункаў для гасцей, якія наведваюць Польшчу і ўдзельнічаюць у сустрэчах, арганізаваных у Бруселі, духі з водарамі, якія асацыююцца з Польшчай, то бок з адценнем бэзу і бурштыну, гульня, вырабленая з польскага дрэва, а на шаліках і гальштуках прэзідэнцтва пераважаюць традыцыйныя народныя ўзоры з розных рэгіёнаў краіны.

ав

слухайце аўдыё