Беларуская Служба

Еўрапейскі Саюз павінен «даспець» да самастойнага вырашэння еўрапейскіх праблем

16.01.2025 16:19
ЕС чакае рэвалюцыя – перастаць быць выключна эканамічным і сацыяльным праектам, а развіваць сістэму ваеннай абароны.
Ілюстрацыйны здымакShutterstock/MDart10

З 1 першага студзеня на працягу шасці месяцаў Польшча старшынствуе ў Еўрапейскім Саюзе. Да гэтага працай супольнасці кіравала Венгрыя, лідар якой - Віктар Орбан - вядомы сваім прарасійскім і антыўкраінскім стаўленнем. Ёсць першыя прыкметы, што некаторыя справы цяпер могуць зварухнуцца з мёртвага пункту. Скажам, пытанне эксгумацыі ахвяр Валынскай разні, на якую, праз дзясяткі гадоў стагнацыі, згадзілася Украіна. Прэм’ер-міністр Дональд Туск абяцаў у адказ больш актыўна прасоўваць пытанне далучэння Украіны да ЕС. Да меркавання Туска ў ЕС могуць прыслухацца, яго добра ведаюць у еўрапейскіх бюракратычных колах, паколькі ён быў старшынём Еўрапейскай рады.

У сераду ў Варшаву нечакана прыбыў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Асноўным пытаннем перамоў была эксгумацыя ахвяр Валынскай разні, але прагучала таксама абяцаннем падтрымкі Украіны ў яе памкненні стаць членам Еўрасаюзу. Дональд Туск казаў пра выхад з тупіка ў перамовах паміж Украінай і ЕС. Ён дадаў, што ў Польшчы ёсць багаты досвед у гэтым плане.

- І мы будзем працаваць разам з Украінай і нашымі еўрапейскімі партнёрамі над тым, каб паскорыць працэс далучэння Украіны да Еўрапейскага Саюза, каб гэта адбылося як мага хутчэй.       

У сваю чаргу, правае крыло польскай палітычнай сцэны пераважна скептычна ставіцца да магчымасці ўваходу Украіны ў ЕС. “Гэта ідзе насуперак інтарэсам Польшчы”, – лічыць Ганна Брылка (Anna Bryłka) з партыі правай арыентацыі “Канфедэрацыя”.

- Трэба зірнуць праўдзе ў вочы і сказаць, што ў нас з Украінай вельмі шмат разыходжанняў у поглядах. А гістарычная палітыка, якая стала важнейшая тэмай грамадскага абмеркавання апошнім часам, гэта толькі адзін з элементаў. Неабходна яшчэ згадаць пра эканамічныя пытанні. 

Еўрапейскі Саюз – гэта адкрыты праект, няма яго апошняга, канчатковага варыянту. І таму нельга ў дадзены момант сказаць, як Еўрасаюз будзе развівацца ў больш далёкай перспектыве, - аб гэтым казаў на дыскусіі, зладжанай Польскім інстытутам міжнародных спраў былы міністр фінансаў Польшчы і член Еўрапейскай камісіі, а цяпер дэпутат Еўрапарламенту Януш Левандоўскі (Janusz Lewandowski). Ён заявіў, што застаецца аптымістам у дадзеным пытанні, паколькі крызісы толькі ўмацоўваюць супольнасць.

- Еўрапейскі Саюз развіваецца праз крызісы, не праз дагаворы. Цяпер мала хто адважваецца мяняць дагаворы, дзеля гэтага патрэбная аднагалоснасць. Таму развіццё ідзе дзякуючы крызісам. Скажам, адказам на выклік пандэміі было стварэнне хаўрусу ў галіне аховы здароўя. Раней фінансавы крызіс прывёў да стварэння розных механізмаў, якія перашкаджаюць кіраваць за кошт будучых пакаленняў. Усе гэтыя крызісы паступалі звонку, ні адзін з іх не быў вынікам унутраных памылак ЕС, але кожны раз мы «даспявалі» да іх вырашэння.

На думку Януша Левандоўскага, ЕС чакае рэвалюцыя – ён перастане быць выключна эканамічным і сацыяльным праектам, а будзе развіваць сістэму мілітарнай абароны, у якую раней ці пазней можа быць уключана Украіна. Раней ЕС быў мірным праектам, у адрозненні ад вайсковага хаўрусу - НАТА. Але цяпер, пасля генацыду ў Югаславіі, дзе ЕС быў бездапаможны, пасля нападзення Расіі на Украіну, адбываецца перагляд падыходу да мілітарных пытанняў, уздымаецца неабходнасць узбраення. Нечакана Еўрапейскі Саюз набывае ваенныя рысы, не супраць НАТА, а ў імя партнёрскіх адносін з НАТА. Пакуль што ідзе пошук сродкаў на развіццё абарончага патэнцыялу, з вялікімі цяжкасцямі, але гэта правільны крок.

- Гэта нешта, чаго не чакалі. Праўда, калі вярнуцца памяццю да 50-х гадоў, тады прэм'ер-міністр Францыі спрабаваў пераўтварыць Еўрапейскую Супольнасць у абарончы саюз, але яго ідэя была аспрэчана французскім парламентам. У выніку праект абарончага саюза быў затоплены, таму ў нас былі такія сорамныя моманты, як бездапаможнасць перад генацыдам у Югаславіі. Цяпер мы шукаем сінергію паміж вельмі вялікімі ваеннымі патэнцыяламі краін Еўрапейскага Саюза, асабліва пасля ўступлення Фінляндыі і Швецыі ў НАТА. Гэта рэвалюцыйная змена. Пуцін разам з Трампам не пакідаюць нам іншага выбару, мы проста абавязаныя будаваць мілітарны патэнцыял, у гэтым заключаецца рэвалюцыйная змена, якая адбываецца ў ЕС.

Вялікай невядомай застаецца падыход Дональда Трампа, які праз некалькі дзён заступіць на пасаду прэзідэнта ЗША. З аднаго боку, ён абяцаў спыніць вайну ва Украіне вельмі хутка, але з іншага, ніхто, а магчыма, і ён сам, не ведае, як ён намераны гэта зрабіць. У перспектыве ЗША чакае як мінімум некалькіх гадоў ізаляцыянізму. І таму Еўрапейскі Саюз прымушаны «даспець», як кажа Януш Левандоўскі, да самастойнага вырашэння еўрапейскіх праблем. 

IAR/нг