Беларуская Служба

Свет вітае новага прэзідэнта ЗША з вялікай заклапочанасцю, але таксама з надзеяй

20.01.2025 18:00
Дональд Трамп прынёс прысягу як 47-ы прэзідэнт ЗША. Ён уступае на пасаду другі раз ва ўзросце 78 гадоў.
Дональд Трамп прыносіць прысягу прэзідэнта ЗШАFoto: EPA/SAUL LOEB / POOL Dostawca: PAP/EPA.

Як гэта прадвесціць будучыню і што можа прынесці для глабальнага сусветнага парадку на працягу наступных чатырох гадоў?

«Міграцыйная палітыка Дональда Трампа — гэта ганьба», «Кабінет кур'ёзаў Дональда Трампа», «Нарэшце 4 гады заняпаду Амерыкі скончыліся», «Дзень, які зменіць Амерыку» і «Трамп 2.0, або мы купляем Грэнландыю» - гэта толькі некаторыя загалоўкі прэсы з нагоды сённяшняй інаўгурацыі 47-га прэзідэнта ЗША.

Эксперты лічаць, што Дональд Трамп зноў увойдзе ў гісторыю як непрадказальны палітык

Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што на працягу наступных чатырох гадоў Дональд Трамп зноў увойдзе ў гісторыю як непрадказальны палітык, нягледзячы на ​​тое, што рух яго прыхільнікаў і сабраных вакол яго палітыкаў цяпер нашмат лепш арганізаваныя, чым падчас папярэдняга прэзідэнцтва. Сам ён сцвярджае, што «ў амерыканцаў закружыцца галава, калі яны ўбачаць, што адбудзецца» ў першыя 24 гадзіны яго знаходжання на пасадзе. Таксама відавочна, што другое прэзідэнцтва Дональда Трампа павінна сцерці дасягненні прэзідэнта Джо Байдэна.

Дональд Трамп перамог на выбарах 4 лістапада 2024 года на хвалі папулізму і лозунгаў «Зробім Амерыку зноў вялікай».

Яго прыхільнікі кажуць, што ў іх нарэшце ёсць прэзідэнт, які будзе адкрыта і паслядоўна абараняць працоўны клас.

Яго праціўнікі кажуць, што Трамп выкліча шок і кашмар.

Яны таксама лічаць, што абвешчаныя тарыфы і дэпартацыі хутчэй нашкодзяць, чым дапамогуць бедным, і шмат людзей будуць жорстка падманутыя. Палітыка Дональда Трампа можа выклікаць вялікую напружанасць у свеце, таму што яна моцна сканцэнтравана на абароне амерыканскай прамысловасці і яго ўласных інтарэсаў. У выніку, напрыклад, можа быць абмежаваны доступ еўрапейскіх кампаній да асобных сегментаў амерыканскага рынку, уключаючы перадавыя тэхналогіі, штучны інтэлект або энергетыку.

100 указаў і законаў

Сёння Дональд Трамп можа падпісаць да 100 указаў і законаў, уключаючы забарону транссэксуалам паступаць у войска і школы, абмежаванне вытворчасці электрамабіляў або закрыццё мяжы з Мексікай і пачатак даўно абяцанай праграмы масавай дэпартацыі нелегальных імігрантаў у ЗША. Ён таксама паведаміў, што на працягу першай гадзіны падпіша памілаванне ўсіх асуджаных за ўдзел ва ўварванні на Капітолій 6 студзеня 2021 года.

Астатняе - гэта вялікая невядомасць

Чакаецца, што сёння Дональд Трамп падпіша распараджэнне аб увядзенні штрафных 25-працэнтных тарыфаў на імпарт тавараў з Мексікі і Канады, а таксама дадатковых 10-працэнтных тарыфаў на існуючыя мыты на імпарт з Кітая.

Ці сапраўды ён увядзе высокія пошліны на тавары з ЕС?

ЗША і ЕС з'яўляюцца ключавымі гандлёвымі і інвестыцыйнымі партнёрамі адзін для аднаго, але назіральнікі кажуць, што прэзідэнцтва Дональда Трампа можа стаць для іх выпрабавальным перыядам. Абвешчанае прэзідэнтам увядзенне пошлін на тавары, якія імпартуюцца з Еўропы, і палітыка, накіраваная на абарону амерыканскай прамысловасці, могуць абмежаваць маштабы гэтага супрацоўніцтва і павялічыць напружанасць ва ўзаемных трансатлантычных адносінах.

Бліжэйшыя чатыры гады, несумненна, будуць вырашальнымі для трансатлантычных адносін.

У снежні Трамп абвясціў у інтэрв'ю тэлеканалу NBC, што «калі еўрапейцы будуць ставіцца да нас справядліва, мы застанемся ў НАТА, але калі яны гэтага не зробяць, я абавязкова падумаю аб выхадзе з альянсу. Яны эксплуатуюць нас у гандлі, абыходзяцца з намі жудасна. Яны не купляюць нашых машын, яны не купляюць нашых прадуктаў, яны не купляюць нічога (...), - сказаў у інтэрв'ю абраны прэзідэнт.

Трамп шмат разоў казаў: чальцы НАТА павінны выдаткаваць 5 працэнтаў ВУП на армію. Гэта значна больш за цяперашнія 2% ВУП. На думку многіх экспертаў і членаў альянсу, гэты ўзровень пакуль недасяжны.

Што далей з рэгуляваннем інтэрнэт-кантэнту?

У нядзелю напярэдадні інаўгурацыі Дональда Трампа аднавіў у ЗША працу сеткі Tik Tok. Раней ён заявіў, што абароніць кампанію ад адказнасці за парушэнне заканадаўства аб забароне дзейнасці партала. Ілан Маск, уладальнік X, і Марк Цукерберг абвінавачваюць ЕС у пратэкцыянізме, сцвярджаючы, што лічбавы закон ЕС - гэта цэнзура. Усё, што з'яўляецца ў інтэрнэце, ад гэтага часу будзе апраўдвацца «свабодай слова» або канстытуцыйным правам на свабоду выказвання?

Вайна ва Украіне 

Ці ўдасца Дональду Трампу нарэшце скончыць вайну ва Украіне «адным тэлефонным званком за 5 хвілін?

План Трампа прадугледжвае мірныя перамовы, і калі да іх не далучыцца Расія, то ЗША істотна павялічаць ваенную дапамогу Украіне; а калі Украіна не далучыцца да перамоваў, Трамп абяцае цалкам спыніць ваенную дапамогу Кіеву.

Аднак ужо вядома, што гэта адбудзецца не так хутка, бо Дональд Трамп не мае намеру саступаць Уладзіміру Пуціну. Спецпасланец па справах Украіны і Расіі, генерал у адстаўцы Кіт Келог абвясціў, што яго мэта складаецца ў тым, каб знайсці рашэнне канфлікту на працягу 100 дзён пасля інаўгурацыі Трампа. Застаецца пытанне, ці пагодзяцца і Украіна, і Расія сядаць за адзін стол перамоваў?


Ці будзе адсутнасць прадказальнасці ўрада Дональда Трампа таксама азначаць адсутнасць стабільнасці? Цяжка сказаць, але, безумоўна, на працягу наступных чатырох гадоў ЗША будуць кіравацца сваімі інтарэсамі. Зрэшты, як заўсёды.

Данута Іслер/яс