Паліна Шарэнда-Панасюк расказала, што падпісала дакументы аб супрацы з беларускімі службамі. Яна выказала здагадку, што такія дакументы падпісваюць многія палітвязні, якія выходзяць на свабоду. Якую мэту ставяць перад сабой улады: яшчэ раз маральна дабіць чалавека, ці атрымаць рэальную крыніцу інфармацыі?
Палітолаг Павал Усаў кажа, што такая практыка прымянялася цягам усяго існавання рэжыму ў Беларусі:
- Такая практыка асабліва актыўна пачалася прымяняцца пасля 2006 году. Свайго піку яна дасягнула пасля 2010 году. Неаднаразова ў СМІ паяўлялася пра гэта інфармацыя, у гэтым прызнавалі ўдзельнікі палітычнага руху. Сярод самых вядомых – кейсы Міхалевіча, Рымашэўскага, Дзмітрыева. Такіх прыкладаў шмат. Нехта знаходзіць сілы і прызнаецца ў тым, што ён падпісаў. Праблема заключаецца ў тым, на колькі шчыра чалавек адмаўляецца ад такой супрацы. Ці можа ёсць іншыя інструменты прымусу, каб гэты чалавек працягваў працаваць. Канешне, гэта практыка ламання чалавека і шантажу. У перспектыве чалавеку могуць пра гэта прыгадваць, публікаваць з пэўнай мэтай, напрыклад, дасягнення ўнутранай напружанасці, псіхалагічнага ціску і г.д. Тыя, хто прымушаў Паліну ісці на такі крок, разумеў, што яна пра гэта раскажа. Хутчэй гэта зроблена фармальна, каб засведчыць сваю маральную перавагу. Часам гэта рабіцца дзеля таго, каб давесці чалавека да маральнай вычарпальнасці, што ён скончвае жыццё самагубствам. Асабліва, калі гэта выклікае хвалю абурэння. Магчыма, у гэтым была і мэта ў выпадку Паліны. То бок, глядзіце, такі сімвал, а не вытрымала і падпісала. У сістэме распрацаваныя розныя метады ціску і маніпуляцыі. У такіх сітуацыях важная маральная падтрымка і салідарнасць.
У далучаным гукавым файле палітолаг тлумачыць, чаму прапановы новай амерыканскай улады зачыніць Радыё Свабода - абсурдныя.
слухайце аўдыё