Беларуская Служба

Прафесар Херонім Граля: На Захадзе часта не ўлічваюць спецыфікі Беларусі

17.02.2025 13:54
Гісторык і дыпламат Херонім Граля лічыць, што на Захадзе для Беларусі распрацоўваюць сцэнарыі, якія не спрацавалі б і многа дзе ў Еўропе.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Праф. Х.Граля пра РП і РБ.
      .
Прафесар Херонім Граля ў студыі Польскага радыё.Piotr Podlewski / Polskie Radio

Вядомы польскі гісторык і дыпламат, выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта Херонім Граля 12 лютага наведаў Польскае радыё, дзе даў вялікае інтэрв’ю па розных аспектах гісторыі і сучаснасці Усходняй Еўропе ў кантэксце польска-расійскіх адносін і вайны Расіі супраць Украіны. Спецыяльна для Беларускай службы Польскага радыё вядомы эксперт, чые карані, дарэчы, з польска-беларуска-ўкраінскага памежжа, а дыпламатычная і навуковая праца звязвае як з Расіяй, так і з Украінай і Беларуссю, паразважаў аб польска-беларускіх адносінах.

Херонім Граля карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у Польшчы і за мяжой, у тым ліку, сярод беларусаў, якія цікавяцца сур’ёзнай аналітыкай, як чалавек, які ўзважвае кожнае слова і правярае яго адпаведнасць фактам. У сувязі з гэтым яго развагі ўяўляюць немалую цікавасць як аб’ектыўны погляд на розныя справы.

У размове пра Польшчу і Беларусь прафесар Граля перш за ўсё звярнуў увагу на палітыку Польшчы ў адносінах да Беларусі ў кантэксце таго, як яна закранае беларускіх палякаў.

— Я памяркоўны скептык. Я проста падзяляю тут шмат у чым меркаванне майго калегі, які шмат гадоў працаваў у Беларусі, у тым ліку в. а. пасла. Я маю на ўвазе рэдактара Вітальда Юраша, які неаднаразова звяртаў увагу на тое, што інструменты, якія выкарыстоўваюцца польскай дыпламатыяй і польскай дзяржавай (у адносінах да Беларусі. — Рэд.), не апраўдалі сябе. А ключавое для нас пытанне — палякаў у Беларусі — было разыграна так дрэнна шмат разоў, што зрабіла іх заложнікамі гэтай палітыкі, стварыўшы для іх розныя небяспечныя сітуацыі.

Херонім Граля лічыць, што ў адносінах Польшчы з Беларуссю трэба ўлічваць тую рэальнасць, якая склалася — і рабіць з гэтага вывады, а затым — дыпламатычныя крокі.

— Калі паглядзець на адносіны Лукашэнкі да навакольнага свету, то апроч простай канстатацыі, што ён у нейкай ступені залежыць і падпарадкаваны Расіі, трэба яшчэ заўважыць, што кожны раз, калі з'яўлялася магчымасць хаця б мікраскапічна пашырыць свабоду свайго манеўру, ён ёю ахвотна карыстаўся. Не выпадкова, што калі выбіралася месца для перагавораў аб перамір'і пасля агрэсіі (Расіі супраць Украіны. — Рэд.) у 2014 годзе, адначасова прапаноўвалі арганізацыю гэтых перагавораў два палітыкі, якія прадаўжалі традыцыі савецкага ладу, — Лукашэнка і Назарбаеў. Але ж ніхто не ўспрымаў Назарбаева як васала Пуціна. Лукашэнка ж гэта арганізаваў не таму, што Масква гэта навязала, а таму, што ён убачыў у гэтым шанс, як я гэта бачу, каб узмацніць суб’ектнасць Беларусі, каб умацаваць яе міжнародны аўтарытэт. Я неаднаразова сутыкаўся з прыкладамі, калі розныя прапановы, з якімі выступаў Лукашэнка, адхіляліся яшчэ да таго, як разглядаліся. У палітыцы так не робіцца. Спачатку трэба ўзважыць выгады і страты, скласці баланс. Тут няма месца сантыментам і размовам аб тым, што мы зроблены з рознага цеста, і таму не будзем дамаўляцца.

Прафесар Граля згодзен з тым, што Расія аказвае на Беларусь вялікі уплыў. Але лічыць, што і Польшча здольна да большага ў параўнанні з тым, што яна рабіла дагэтуль.

— Мы звычайна пачынаем дзейнічаць, маючы толькі адзін безальтэрнатыўны сцэнарый, які мы лічым правільным, а значыць, таму ён павінен спрацаваць. Але звычайна ён не спрацоўвае.

Які гэта сцэнарый?

— Дэмакратычныя ўнутраныя перамены. Чаму людзі не выходзяць на вуліцы?

Польскі дыпламат і гісторык звяртае ўвагу, што і ў Польшчы не назіраецца масавай грамадскай актыўнасці, хаця праблем у грамадстве хапае.

— Паглядзіце, як мяняецца колькасць удзельнікаў дэманстрацый па розных важных пытаннях у Польшчы. Як групы, якія змагаліся з «Правам і справядлівасцю» (кіруючай да канца 2023 года Польшчай партыяй. — Рэд.), не маглі зразумець, чаму на гэтыя дэманстрацыі прыходзіла значна менш людзей, чым яны чакалі. Але ж гэта банальная справа: большая частка пратэстаў перамясцілася ў інтэрнэт. А мы нават не ўлічылі, не прааналізавалі вопыт Егіпта. Мы, Еўропа, не заўважылі, што можна стварыць вялікі сацыяльны рух, не выходзячы з дому. І рэвалюцыю, і пераварот. Расійскія ўлады ці ўлады ў Кітаі гэта ўсведамляюць і прыкладаюць велізарныя намаганні, каб кантраляваць сацсеткі.

Херонім Граля называе яшчэ адну праблему на лініі Захад — Польшча — Беларусь, якая стрымлівае рэальныя дзеянні ў гэтым кірунку.

— Нашы агульнаеўрапейскія памылкі ў адносінах да сітуацыі ў Беларусі — гэта таксама вынік недахопу добрых экспертаў. Мне ўспамінаецца, што калі шукалі аптымальнага кандыдата (апанента Лукашэнкі. — Рэд.) для падтрымкі, то гэта мне напомніла фрагмент асабовай анкеты савецкіх часоў пра тое, што такі кандыдат «хістаўся разам з лініяй партыі». Мы сабе прыдумляем кагосьці. І сёння будзем падтрымліваць гэтага, а заўтра другога. Беларускі апазіцыйны палітык павінен быць, перш за ўсё, беларускім палітыкам, а не зоркай кастынгу «Міс Беларусь» для заходніх саюзнікаў. Ён павінен быць сапраўдным беларускім палітыкам.

Прафесар Граля прапануе не ігнараваць уплыву Лукашэнкі ўнутры Беларусі.

— Тое, што паміж Лукашэнкам самага пачатку (яго кіравання. — Рэд.) і фіналу, які ўвесь час адцягваецца, — ляжыць Вялікі Каньён, гэта відавочная справа. Але я паўтараю: ён выйшаў з гэтага грамадства і шмат у чым таму для гэтага грамадства з'яўляецца сваім, зразумелым. У такіх грамадствах немагчыма знайсці падтрымку кандыдату, гэта банальная ісціна, з якім большасць грамадства сябе не ідэнтыфікуе інтэлектуальна, эмацыянальна, цывілізацыйна.

Херонім Граля лічыць, што варта змяніць оптыку ў поглядзе на Беларусь і ўвогуле Усходнюю Еўропу.

— І беларускае грамадства і ў значнай ступені ўкраінскае грамадства, і велізарная частка расійскага грамадства — гэта грамадствы з вясковымі каранямі, з традыцыяй свайго роду «саборнасці», сельскай абшчыны. І гэтак далей і да таго падобнае. А мы спрабуем укараніць там ідэі са сцэнарыя, які добры для Стакгольма, Гамбурга ці Бургундыі, але які, прабачце, нават у маёй любай Сіцыліі не спрацаваў бы. А мы хочам яго прымяніць да Беларусі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Аналітык Аляксандра Козял: Рэжым Лукашэнкі — выклік для бяспекі Польшчы і ЕС

02.01.2025 15:21
Аляксандра Козял з Польскага інстытута міжнародных адносін каменціруе старшынства Польшчы ў Савеце ЕС і адносіны з Беларуссю.

Сяргей Навумчык: Пры Лукашэнку наступае «русский мир», а беларусізацыя выключана

24.01.2025 13:01
Сяргей Навумчык лічыць, што пасля «выбараў» 26 студзеня ад Аляксандра Лукашэнкі можна чакаць розных крокаў, але толькі не пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы.