Беларуская Служба

Польская публіцыстка: Іванішвілі паспяхова выконвае заданне Масквы — разварот Грузіі ў бок Расіі 

09.04.2025 15:04
«Грузінская мара» не спыняе пераследу сваіх папярэднікаў, шукаючы новыя магчымасці для працягу палітычных рэпрэсій. Гэта тычыцца, у тым ліку, былога празаходняга прэзідэнта, паспяховага рэфарматара Міхаіла Саакашлі, які з 2021 года сядзіць у грузінскай турме.
Аўдыё
  • Беларуская служба Польскага радыё пацікавілася ў польскай публіцысткі і рэпарцёркі, якая спецыялізуецца на Усходняй Еўропе і Закаўказзі, супрацоўнічае з выданнямі Krytyka Polityczna і OKO.pres, Стассяй Будзіш, ці разварот Грузіі ў бок Масквы мае незваротны характар:
     ;   .
Офіс партыі «Грузінская Мара» ў Цхалтуба; заснавальнік партыі Б. ІванішвіліФота: Беларуская служба Польскага радыё/Pixabay

9 красавіка — Дзень нацыянальнага адзінства Грузіі, адзначаецца ў памяць аб трагічных падзеях 1989 года. Падзеі 36-гадовай даўніны сталі паваротным пунктам пратэстаў у цэнтры Тбілісі супраць сепаратызму ў Абхазіі і ў падтрымку незалежнасці Грузіі.  Савецкая армія ўжыла супраць грузін зброю, газ, давіла натоўп бронетранспарцёрамі. Тысячы былі параненыя, 21 чалавек загінуў — пераважна моладзь і жанчыны. 

Крывавы разгон мірнай дэманстрацыі згуртаваў грузінскае грамадства вакол тагачаснай апазіцыі і тым самым паскорыў здабыццё незалежнасці гэтай закаўказскай рэспублікай. 

Рэха тых падзей атрымлівае новае гучанне сёння, калі на вуліцах грузінскіх гарадоў ужо чацвёрты месяц працягваюцца мірныя пратэсты супраць прарасійскай палітыкі партыі «Грузінская мара».  

Беларуская служба Польскага радыё пацікавілася ў польскай публіцысткі і рэпарцёркі, якая спецыялізуецца на Усходняй Еўропе і Закаўказзі, супрацоўнічае з выданнямі Krytyka Polityczna і OKO.pres,  Стассяй Будзіш, ці разварот Грузіі ў бок Масквы мае незваротны характар:

— Сёння мы маем справу з такой з'явай, якую ў палітычным плане было немагчыма спрагназаваць. Гледзячы ў рэтраспектыве, вядома, цяпер нешта можа здавацца нават відавочным.  Звернемся да постаці Бідзіны Іванішвілі, заснавальніка «Грузінскай мары», найбагацейшага чалавека Грузіі, чалавека, які зарабіў грошы на «Газпроме»  ў Расіі.

Можна было б насамрэч прадбачыць, што такія вялікія грошы немагчыма вывесці з Расіі без нейкай канкрэтнай задачы, якую трэба будзе выканаць пазней. Магчыма, місія Іванішвілі з самага пачатку заключалася ў тым, каб вярнуць Грузію ў арбіту Расіі. Але спачатку, атрымаць як мага больш ад Захаду.

Плюс палітычная сітуацыя, якая на Паўднёвым Каўказе праз вайну ва Украіне склалася менавіта так, як склалася. Грузія фактычна проста кардынальна змяніла свой геапалітычны курс. Цяпер можна казаць толькі пра яе пераход на іншы цывілізацыйны бок, і гэта, вядома,  не бок заходняга свету.

— Гэта выбар, або заданне грузінскай улады. Тым часам далёка не ўсе  ў Грузіі падзяляюць яго. Пратэсты трываюць працяглы час. Што зараз адбываецца ў Грузіі? Ці маюць пратэсты шанцы на поспех? 

— На дадзены момант мы маем справу з увядзеннем усё больш рэпрэсіўных законаў. З 28 лістапада, калі прэм'ер-міністр Іраклі Кабахідзэ абвясціў аб спыненні працэсу еўрапейскай інтэграцыі і прыпыненні перамоў з ЕС да канца 2028 года, у краіне працягваюцца пратэсты. Сёння 137-ы дзень бесперапынных вулічных пратэстаў, асабліва ў Тбілісі. Спачатку пратэсты падаўляліся вельмі жорстка.  Але з часам улады змянілі сваю тактыку і сталі значна больш эфектыўнымі, чым жорсткімі. 

Тбілісі быў увешаны камерамі, абсталяванымі кітайскім штучным інтэлектам, які распазнае асобу па кадрах з гэтых камер. На наступны дзень людзей, якія бяруць удзел у акцыі пратэсту і, напрыклад, перакрыюць вуліцу або робяць любы іншы рух, які ўжо ахоплены заканадаўчымі абмежаваннямі ў Законе аб пратэстах у Грузіі, чакае штраф у памеры 5 тыс. лары. 5 тыс. лары — гэта ў тры разы больш, чым  сярэдні месячны заробак у Грузіі, або нават турма, дзе пагражае да 7 гадоў.

— Стася Будзіш звяртае ўвагу, што «Грузінская мара» не спыняе пераследу сваіх папярэднікаў, шукаючы новыя магчымасці для працягу палітычных рэпрэсій. Гэта тычыцца, у тым ліку, былога  празаходняга прэзідэнта, паспяховага рэфарматара Міхаіла Саакашлі, які з 2021 года сядзіць у грузінскай турме.

— Таксама вельмі непакоіць тое, што  ў грузінскае заканадаўства асобна ўведзена катэгорыя дзяржаўнай здрады.  Для кожнай краіны гэта вельмі важны элемент, таму што павінна быць пакаранне за шпіянаж, павінна быць пакаранне за працу на замежныя спецслужбы.  Але ў Грузіі гэта мае палітычны падтэкст. Палажэнні аб дзяржаўнай здрадзе былі ў Крымінальным кодэксе Грузіі, але цяпер яны сабраны ў адзін  артыкул. Фактычна вярнуліся да старога закона з 2007 году, у якім дзяржаўная здрада стаіць асобным пунктам. На жаль, мы не ведаем дакладна, якое пакаранне за яе прадугледжана.

І тут паўстае вялікая праблема, калі гаворка ідзе пра вядучых апазіцыйных палітыкаў Грузіі,  у тым ліку, гэта тычыцца  Міхаіл Саакашвілі, трэцяга прэзідэнта Грузіі, які ўжо 4,5 гады сядзіць у турме.  Пры Парламенце Грузіі створана следчыя камісія дзеля расследавання, у двукоссі, «злачынстваў рэжыму Саакашвілі і яго памагатых». Гэтай камісіі даручана даказаць віну Міхаіла Саакашвілі ў развязванні вайны  2008 года, як бы абсурдна гэта не гучала. А гэта азначае поўнае апраўданне дзеянняў Крамля, які тады фактычна напаў на Грузію.

— Чаму такія цікавыя працэсы ў важным рэгіёне, у тым ліку, для бяспекі Польшчы, так слаба асвятляюцца ў ключавых польскіх СМІ? 

— Не магу адказаць на гэтае пытанне, таксама шкадую аб гэтым. Гэта не зусім праўда, што польскія медыя зусім маўчаць на тэму Грузіі, час ад часу нешта там з'яўляецца. Але праўда ў тым, што калі ў снежні пачаліся масавыя пратэсты, Грузія фактычна не сыходзіла з першых палос газет і з загалоўкаў навін. На дадзены момант узмацненне аўтарытарызму, відаць, не такое эфектнае, каб пра яго рэгулярна казаць.

Я лічу, што гэта проста і выключна чыста медыйная кан’юнктура. У гэтым няма ніякага другога дна. Глыбока перакананы, што Польшча — гэта краіна, якая вельмі зацікаўлена ў дэмакратызацыі Грузіі, нягледзячы на ​​тое, што ў нас няма ані цэласнай усходняй палітыкі, ані палітыкі ў дачыненні да Грузіі.  А па-другое,  і гэта значна больш празаічнае, у Польшчы неўзабаве прэзідэнцкія выбары. Выбарчая гонка, натуральна, займае львіную частку ўвагі нашых СМІ.

Слухайце аўдыё!

эж