Беларуская Служба

ЗША шукаюць зачэпкі, каб выйсці з мірных перамоў паміж Расіяй ды Украінай

24.04.2025 15:30
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова заяўляў аб сваім жаданні спыніць вайну ва Украіне. Цяпер, калі няма як пахваліцца поспехам, амерыканская адміністрацыя шукае нагоды, каб выйсці з перамоўнага працэсу.
Аўдыё
  • ЗША рыхтуюцца да выхаду з перамоў аб міры ва Украіне
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адказвае на пытанні журналістаў у Авальным кабінеце Белага домаEPA/SAMUEL CORUM / POOL Dostawca: PAP/EPA.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова заяўляў аб сваім жаданні спыніць вайну ва Украіне. Пасля вяртання ў Белы дом ён пачаў мірныя перамовы з Расіяй і Украінай. Аднак вынікаў яны пакуль не далі. Абодва бакі канфлікту пагадзіліся толькі на частковае спыненне агню, але расіяне працягваюць рэгулярна бамбіць украінскія гарады. Цяпер, калі няма як пахваліцца поспехам, амерыканская адміністрацыя шукае нагоды, каб выйсці з перамоўнага працэсу.

У сераду ў Лондане сарваліся перамовы аб міру ва Украіне на ўзроўні кіраўнікоў МЗС ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі ды Украіны. У апошні момант дзяржсакратар ЗША адмовіўся прыязджаць. Магчымая прычына - пазіцыя афіцыйнага Кіева, які адхіліў ультыматум Расіі аб прызнанні анексіі Крыму. Пры гэтым украінскія ўлады працягваюць заяўляць, што адкрытыя для перамоў аб спыненні агню і міры ў вайне з Расіяй. Аднак капітуляцыі яны не прымаюць, заявіў Уладзімір Зяленскі.

Пасля чаго прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паскардзіўся, што дамовіцца з Уладзімірам Зяленскім «складаней, чым ён думаў».

— Будзе выдатна, калі я змагу вырашыць гэты канфлікт. Я лічу, што Расія гатовая, і многія людзі казалі, што Расія хоча пайсці на ўсё. Я думаю, што мы маем дамову з Расіяй. Цяпер мы павінны дамовіцца з Зяленскім, і я думаў, што з Зяленскім будзе прасцей. Пакуль было цяжэй, але нічога страшнага, нічога. Я спадзяюся, што яны абодва зробяць гэта, таму што я імкнуся зэканоміць - і, ведаеце, мы трацім шмат грошай, але ідзецца яшчэ пра вялікую чалавечнасць. Гэта самае страшнае – я атрымліваю здымкі, спадарожнікавыя здымкі. Я ніколі не бачыў нічога падобнага. З палёў пасля бітваў, гэта проста жахліва. Ніколі не было б гэтай праблемы, калі б я быў прэзідэнтам, не было б такой вайны, я вам гэта гарантую.

Больш канкрэтным быў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа, які заявіў, што калі паміж Расіяй і Украінай не будзе відавочных прыкмет пагаднення, Злучаныя Штаты спыняць спробы дасягнуць міру паміж згаданымі краінамі.

— Вайна ва Украіне важная, але ў свеце адбываецца шмат важных рэчаў, якія патрабуюць такой жа, калі не большай, увагі. Мы спрабуем не дапусціць, каб тысячы людзей працягвалі гінуць там. Калі бакі канфлікту сур'ёзна настроены на мір, мы гатовы дапамагчы, калі не, тады будзем займацца іншымі пытаннямі.

У гэтых заявах эксперты ўбачылі жаданне кіраўніцтва ЗША знайсці нагоду да выхаду з мірных перамоў паміж Расіяй і Украінай. У гэтым перакананы Войцех Лорэнц з Польскага інстытуту міжнародных спраў.

— На маю думку, агучванне такіх прапаноў сведчыць выразна пра тое, што адміністрацыя хоча мець зачэпку, каб сказаць, што мы прадставілі вялізарную дапамогу Украіне, а яны цяпер не хочуць падпісаць карыснага пагаднення аб рэдказямельных мінералах. Еўропа не падтрымлівае нас, бо не хоча адмяніць санкцыі ды прызнаць анексію Крыму. Мы зрабілі, што маглі, і таму цяпер спыняем перамовы.

Галоўны рэдактар ​​парталу Więź.pl Барташ Бартосік заявіў у эфіры Polskie Radio, што такога рашэння варта было спадзявацца  ад адміністрацыі Дональда Трампа.

— Падыход Трампа палягае на тым, каб штодзённа паведамляць пра нейкі поспех. У справе завяршэння вайны ва Украіне поспех меў быць цягам 24 гадзін, потым праз месяц, а цяпер – 100 дзён. Калі міру не будзе, ЗША выйдуць з перамоў, бо Трампу няма чым хваліцца.

Трампаўскі падыход да перамоў – памылковы, зазначае Якуб Бадзёны з рэдакцыі часопіса «Ліберальная культура». Эксперт зазначыў, што новая амерыканская адміністрацыя забылася, што Крэмль разумее толькі мову сілы, таму дапусціла шмат памылак.

— Саступкі, якія з пачатку свайго прэзідэнцтва Трамп зрабіў для Масквы, былі занадта вялікія. Перамовы пачаліся ад таго, што амерыканцы абяцалі выканаць шэраг расійскіх патрабаванняў. Гэта памылка. Перамовы трэба весці не толькі з пазіцыі саступак. Цяпер Трамп і ЗША не могуць сабе дазволіць выглядаць слабымі і скампраметаванымі.

Таксама ў ЗША адмыслоўцы крытыкуюць трампаўскі падыход да перамоў з Расіяй. Пра гэта сказаў у эфіры FOX News палітычны аглядальнік станцыі Брыт Хьюм.

— Трамп увесь час лупцуе Зяленскага і кажа, што з ім цяжэй мець справу, чым з Пуціным. Наколькі я магу меркаваць, Пуцін не пагадзіўся ні на што, за выключэннем, таго, што ён хацеў бы анексаваць Крым, што з'яўляецца часткай ранейшых патрабаванняў. Гэта не саступка, гэта здабытак. Ведаеце, Зяленскі супраціўляецца гэтаму, таму што Крым, пакуль расіяне не ўварваліся туды 10 гадоў таму, быў часткай Украіны. Так што я не зусім упэўнены ў слушнасці таго, што кажа прэзідэнт, калі кажа, што з Зяленскім было складаней мець справу, чым з Пуціным. Ведаеце, была серыя прапаноў аб спыненні агню. Пуцін на іх альбо не пагадзіўся, альбо адразу парушыў. Я не ўпэўнены, на якія саступкі калі-небудзь будзе гатовы пайсці Пуцін, дагэтуль ён іх шмат не рабіў.

У першую чаргу менавіта Расія не хоча міру, зазначае эксперт у міжнародных справах Анджэй Талага.

— Ужо былі кантакты паміж ЗША, Еўропай, Украінай ды Расія, яны нічога не змянілі. Цяпер таксама не будзе пералому сітуацыі. Ён магчыма толькі ва ўмовах радыкальнай змены сітуацыі на фронце з-за адсутнасці амуніцыі ці прарыву абарончых ліній. Бачна, што Расія не хоча мірнай дамовы, бо сітуацыя на фронце складваецца караснае для яе.

Пасля таго, як у ў Еўропе заявілі аб нязгодзе з пазіцыяй ЗША наконт прызнанне Крыма расійскай тэрыторыяй, пра што напісала Financial Times, Трампу давялося здаваць назад. Пасля перамоў у Лондане ЗША змякчылі сваю пазіцыю па Крыму. На пытанне аб гатоўнасці прызнаць Крым расійскім, Трамп не адказаў, падкрэсліўшы толькі, што ён хачу, каб канфлікт скончыўся. Дзяржсакратар Рубіё таксама адхрысціўся ад намеру адмяніць санкцый супраць Расіі.

Эксперты задаюцца цяпер пытаннем, ці ЗША будуць надалей  падтрымліваць Украіну ды пастаўляць узбраенне. Эксперт па бяспецы прафесар Томаш Гаёўнік мяркуе, што выхад з мірных перамоў не азначае адмову ад дапамогі Украіне.

— Здаецца, што ЗША не хочуць моцна пагражаць Расіі, таксама не павінны спыніць падтрымку Украіны, бо надалей вядуцца размовы пра дамову аб рэдказямельных металах. Здаецца, што Трамп моцна зацікаўлены гэтай дамовай, таму амерыканцы застануцца ва Украіне.

Разам з тым ёсць і іншыя меркаванні. Існуе магчымасць, што ЗША выйдуць з перамоўнага працэсу, абвінаваціўшы ва ўсім Украіну. Вашынгтон можа перайсці да нарошчвання эканамічных адносін з Масквой. Украіна пасля гэтага давядзецца разлічваць толькі на дапамогу Еўропы.

Юры Ліхтаровіч