Беларуская Служба

У Расіі адраджаецца сталінізм - аглядальнік

05.05.2025 19:03
Аднак праслаўленне Сталіна – гэта інструмент для Крамля па трыманні грамадства пад кантролем. Для эліт пуцінская адміністрацыя праводзіць курс на ўсталяванне новай арыстакратыі.
Аўдыё
  • Эксперт пра сталіншчыну ў Расіі
Ілюстрацыйны здымакEPA/YURI KOCHETKOV Dostawca: PAP/EPA.

30 красавіка Пуцін сваім указам пераназваў аэрапорт Валгаграда ў «Сталінград». Афіцыйнае тлумачэнне, што гэта адбылося па «просьбе» ветэранаў і ўдзельнікаў вайны ва Украіне. Апроч таго Пуцін заявіў, што калі жыхары Валгаграда папросяць, ён пераймянуе горад у Сталінград. Сталінскія рэпрэсіі прынеслі для Савецкага саюзу шмат карысці, заявіў уздагон пісьменнік Праханаў. Гэта сведчанне таго, што «бацька народаў» узяты за ўзор сучасным кіраўніцтвам Расіі.

Пры гэтым, усяго два гады таму расійскі ВЦІЎМ ужо праводзіў адпаведнае апытанне. Рашучая большасць (93%) валгаградцаў выказалася супраць перайменавання. У сакавіку 2023 года апытанне Russian Field паказала, што толькі 25% рэспандэнтаў у Валгаградзе падтрымалі ідэю аб перайменаванні горада. У сацыяльных сетках іранізуюць, што «дзіўна, што Пуціну не прыйшла думка перайменаваць Расію ў СССР». 

Што адбываецца ў Расіі, ці сталінізм ужо стаў часткай афіцыйнай дзяржаўнай ідэалогіі, пра гэта мы паразмаўлялі з нашым аглядальнікам палітолагам Паўлам Усавым.

— Мы бачым камбінаваны падыход для мінуўшчыны. Нядаўна Пуцін аднаму з журналістаў афіцыйных прапагандысцкіх телеканалаў прапанаваў паглядзець кватэру, дзе ён жыве. Гэта былі царскія харомы, кватэра ў Крамлі. З аднаго боку, мы бачым празмерную раскошу крамлёўскіх эліт, якія ні ў чым сябе не абмяжоўваюць, з другога боку, у Пуціна на працоўным стале стаяў партрэт Аляксандра ІІІ-га, імператара Расійскай імперыі, які быў апошнім жорсткім уладаром. Пры ягоным сыне Мікалаі ІІ-ім адбылася рэвалюцыя і распалася Расійская імперыя. Дарэчы, постаць Александра ІІІ-га была вельмі моцна  папулярызаваная іншым афіцыйным прапагандыстам ад кінематографа Міхалковым, які з’яўляецца прыхільнікам праваслаўнага сталінізму. Гэта рух, які грунтуецца на абсалютным, неабмежаваным, ідэалагічным працэсе праваславізацыі ўсяго грамадства, і на неабмежаванай моцы кіроўнай улады. Ён адмаўляе дэмакратыю, адмаўляе індывідуальную свабоду. Пуцін сёння – гэта прага вяртання да таго парадку, які існаваў пры Сталіне ды Аляксандры ІІІ-ім.

Аднак час Аляксандра ІІІ-га быў перыядам, калі Расія не вяла сур’ёзных войн. Гэта пярэчыць той палітыцы, што вядзе Пуцін?

— Не трэба шукаць логікі тым, што робіць сённяшняя расійская ўлада. Крэмль сёння маніпулюе гісторыяй, стварае ўласную гісторыю, змяняючы апісанне тых падзей, якія не адпавядаюць іх патрэбам. Гэтаксама няма логікі ў тым, што рускі чалавек ходзіць у царкву, б'ецца лбом аб падлогу ў малітвах да Бога, потым верыць у Сталіне і кляне дэмакратыю, лічыць, што Сталін найлепшым кіраўніком у гісторыі Расіі, а потым ідзе забіваць украінцаў і гатовы забіваць усіх людзей дзеля таго, каб Расія была нейкай абстрактнай магутнай дзяржавай. Дзе тут логіка? Расія гэта абсалютна ірацыянальная дзяржава і там суіснуюць абсалютна несумяшчальныя рэчы. Сталінізм, праваслаўе, імператар, камунізм. Толькі ў Расіі мог узнікнуць нацыянал-бальшывізм. Гэты маргінальны рух з паловы 1990-ых гадоў сёння стаў фактычна афіцыйнай ідэалогіяй Крамля. З той розніцай, што ў цяперашняй Расіі няма сацыяльнай справядлівасці, дэклараванай у СССР. Наадварот мы назіраем, што ў Расіі фармуецца арыстакратызм, які прасоўваюць кіроўныя эліты: мы арыстакраты ад Міхалкова да Путіна, а рэшта - плебс і чэрнь, якому дастаткова кінуць костку. Адбываецца вяртанне да саслоўнага грамадства, якое існавала да рэвалюцыі 1917-га году.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі