Рост напружанасці на ўсходнім флангу НАТА прычыняецца да адраджэння дыскусіі аб эфектыўным перамяшчэнні хаўрусніцкіх войскаў. Не хапае не толькі інфраструктуры, але і правілаў. У выніку, у Еўропе назіраецца сур’ёзная праблема з перакідваннем войскаў з Захаду на Усход, а таксама па восі поўнач-поўдзень - уздоўж патэнцыйнай лініі фронту, папярэджваюць ваенныя эксперты ў выданні Dziennik Gazeta Prawna.
Еўракамісія яшчэ ў 2018 годзе заўважыла, што транспартная інфраструктура, якая дазваляе хутка перакідваць войскі з краін Заходняй і Паўднёвай Еўропы на ўсходні фланг НАТА, знаходзіцца ў ненайлепшым стане.
Затым была прынята праграма пастаяннага структураванага супрацоўніцтва ў галіне абароны (анг. Permanent structured cooperation, PESCO) - гэтак званая «ваенная Шэнгенская зона», задачай якой было сумеснае фінансаванне некаторых інвестыцый і ліквідацыя бюракратычных бар'ераў. Аднак на самой справе праграма пачала працаваць толькі ў 2022 годзе.
Аўдыт не дае падстаў для аптымізму
Пасля поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны Еўракамісія ўнесла ў праграму змены, выдзеліўшы ў бюджэце на 2021–2027 гады 1,7 мільярда еўра на інвестыцыі. Грошы павінны быць выдаткаваныя ў асноўным на інфраструктуру двайнога прызначэння: ваенную і грамадзянскую.
Праверка дзеяння згаданай праграмы ЕС, праведзеная Еўрапейскім судом аўдытараў, не дае падстаў для аптымізму. У сваіх высновах інспектары звярнулі ўвагу, сярод іншага, на адсутнасць чыгуначных і аўтамабільных сувязей па восі поўнач-поўдзень, паміж Балтыйскім і Чорным морамі.
«Яны вельмі патрэбныя і ўключаны ў канцэпцыю здольнасці да стратэгічнага перамяшчэння. Без іх гэтая канцэпцыя не існуе, і немагчыма будзе перакінуць войскі з аднаго кірунку ў іншы», — адзначыў у размове з газетай былы камандуючы сухапутнымі войскамі генерал Вальдэмар Скшыпчак.
Выраслі выдаткі краін на нацыянальную абарону, але не на агульную інфраструктуру
Паводле інспектараў, на паляпшэнне інфраструктуры было выдаткавана вельмі мала грошай у параўнанні са сродкамі выдзеленымі еўрапейскімі краінамі на абарону (гаворка ідзе пра 324 мільярды еўра). Яны таксама адзначылі, што многія міждзяржаўныя ваенныя аперацыі блакуе празмерная бюракратыя. Напрыклад, ёсць краіны, дзе на дазвол на перавозку ваеннай тэхнікі трэба чакаць да 45 дзён. Акрамя таго, у розных краінах дзейнічаюць розныя абмежаванні дарожнай нагрузкі, што азначае сур’ёзнае ўскладненне падчас ваенных вучэнняў.
Вайсковыя эксперты многія гады папярэджваюць, што гэтыя праблемы неабходна вырашаць, а дыскусіі аб транспартнай цэласнасці рэгіёна працягваюцца. Праблема абмяркоўвалася, сярод іншага, на мінулым тыдні ў Варшаве, падчас чарговага саміту краін-членаў Ініцыятывы «Рэгіён трох мораў».
аз