Канстанцін Пахалюк, гісторык, палітолаг, пастдак у ізраільскім каледжы Акадэмічны цэнтр імя Артура Рупіна, наведаў Варшаву. У інтэрв'ю Беларускай службе Польскага радыё ён расказаў, як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае трагедыю беларусаў і іншых народаў у Другой сусветнай вайне для абялення свайго аблічча.
Канстанцін Пахалюк да 2022 года жыў у Расіі, дзе даследаваў у тым ліку пытанні, звязаныя з Халакостам. Як вядома, на тэрыторыі Беларусі, Польшчы і іншых краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ад рук нямецкіх захопнікаў і мясцовых калабарантаў загінулі некалькі мільёнаў яўрэяў. Значныя страты панесла падчас вайны польскае і беларускае насельніцтва. Аднак гэта трагедыя ўсё яшчэ патрабуе глыбокага вывучэння.
Рэжымы Пуціна і Лукашэнкі выкарыстоўваюць трагедыю Другой сусветнай вайны ў сваіх мэтах. Яны прымусілі гісторыкаў і прапагандыстаў распаўсюджваць матэрыялы пра генацыд беларускага і савецкага народаў. Чаму раптам гэта спратрэбілася рабіць у такой форме менавіта цяпер?
Канстанцін Пахалюк тлумачыць.
— З Ізраіля гэта выглядае вельмі проста: мы назіраем свайго роду «канкурэнцыю ахвяр». З боку ўлад Беларусі і Расіі відаць імкненне стаць галоўнымі, асаблівымі ахвярамі. У гэтым плане ўлады Беларусі аказаліся наперадзе ўлад Расіі — раней увялі паняцце «генацыд беларускага народа» і нават крымінальнае праследаванне за яго адмаўленне. Расія толькі ў гэтым годзе прызнала «генацыд савецкага народа», і цяпер таксама абмяркоўваецца крымінальная адказнасць за яго адмаўленне.
Канстанцін Пахалюк звяртае ўвагу на недахоп нашых ведаў пра нацысцкія злачынствы. Аднак напамінае, што нямецкія нацысты імкнуліся да поўнага знішчэння перш за ўсё яўрэйскага народа, а таксама асобных сацыяльных груп насельніцтва.
— Тэма нацысцкіх злачынстваў, як у Беларусі, так і ў Расіі, вывучана даволі слаба. У Беларусі — трохі лепш, але ўсё роўна слаба. Унутры даследаванняў таксама ёсць недахопы. Галоўныя, хто даследуе гэта, — нямецкія гісторыкі, еўрапейцы ў цэлым. Яны пісалі пра масавыя злачынствы нацыстаў і іх дэталі. А ў масавай свядомасці ў Беларусі і Расіі захоўваецца савецкі падыход, які зводзіць усё да таго, што падчас вайны было агульнае татальнае насілле. Людзі не ведаюць, што нацысты вылучалі розныя групы ахвяр: яўрэяў, цыган, людзей з інваліднасцю і іншых. Усіх іх нацысты знішчалі паслядоўна.
9258 — столькі вёсак значыцца ў базе населеных пунктаў, спаленых нацыстамі ў Беларусі ў 1941-1944 гг. Гэта даныя на 21 мая 2025 г. Аднак што стаіць за гэтай лічбай? Канстанцін Пахалюк удакладняе.
— Нельга лічыць спаленай вёску, грунтуючыся на нейкім дакуменце або пераліку Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў немецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў, а таксама прычыненай імі шкоды. Трэба зразумець, як менавіта пацярпела вёска: ці гэта было ў ходзе баёў, ці яна была спалена разам з жыхарамі, ці спалілі некалькі хлявоў, ці жыхароў вывезлі. Напрыклад, у Віцебскай вобласці ў 1944 годзе пачалася нямецкая «зачыстка», і тады спалілі вёскі, а многіх жыхароў вывезлі ў канцлагер Майданэк (на ўскраіне Любліна). Такім чынам, так, вёскі былі спалены, але іх жыхары аказаліся ў канцлагеры. Г. зн., якую вёску лічыць спаленай? Гэта вельмі складанае пытанне. У Расіі, на жаль, амаль не вядзецца такога роду работы — уліку і аналізу лёсаў вёсак.
Канстанцін Пахалюк у студыі Польскага радыё. Фота: Piotr Podlewski / Polskie Radio.
Канстанцін Пахалюк мяркуе, што ўладам Беларусі і Расіі выгадна за лічбамі ўтойваць праўду гісторыі.
— Калі няма ведаў па гэтай тэме, а ёсць толькі адчуванне, што мы — «галоўныя ахвяры», то такімі эмоцыямі вельмі лёгка маніпуляваць. Што ўладам Беларусі і Расіі не падабаецца ў еўрапейскіх падыходах да тэмы нацысцкіх злачынстваў? У Еўропе ўжо некалькі дзесяцігоддзяў існуе падыход: ёсць злачынцы, ёсць ахвяры, але важнае пытанне — чаму злачынствы былі магчымы. Даследуецца роля людзей, якія былі ахоўнікамі ў лагерах, маўклівымі сведкамі, якія дапамагалі ці апраўдвалі злачынныя дзеянні. У Беларусі і Расіі гэты падыход часта ігнаруецца. Напрыклад, выселілі людзей з Варшаўскага гета, а чыясьці дзіцячая калясачка была аддадзена «арыйцам». Дык вось, ці этычна забіраць гэту калясачку — гэта ўдзел у злачынстве ці не? Ігнаруюцца шматлікія пытанні, якія патрабуюць маральнага асэнсавання. Напрыклад, здаецца, у Мінску, 13-14-гадовы хлопчык пісаў у нямецкую камендатуру, што яго маці хворая, няма чаго есці, а ён умеў іграць на скрыпцы. Хлопчык паведамляў, што побач жыве сям'я, дзе ёсць паўяўрэйскія дзеці, і ў іх ёсць скрыпка. Ён пісаў, што скрыпку трэба ў іх адабраць і аддаць яму, каб ён мог зарабіць на ежу для сваёй мацеры. Ну, як да гэтага ставіцца? А гэта важныя пытанні для разумення. Ці як ставіцца да калабарацыянізму, выкліканага тым, што ў 1941 годзе па віне камандавання Чырвонай Арміі некалькі мільёнаў салдат апынуліся ў нямецкім палоне, дзе 90% памерлі ад голаду. А як ставіцца да тых ваеннапалонных, якія, каб пазбегнуць голаду, пайшлі на супрацоўніцтва з немцамі, стаўшы ахоўнікамі ў лагерях смерці?
Канстанцін Пахалюк падкрэслівае хісткасць ідэалагічных канструкцый «генацыд беларускага народа» і «генацыд савецкага народа» ў гады Другой сусветнай вайны. Бо быў генацыд, але ў адносінах да каго. Вучоны расстаўляе акцэнты.
— На самай справе немцы не забівалі рускіх, украінцаў і беларусаў менавіта як рускіх, украінцаў і беларусаў. Іх забівалі як партызан, як салдат, як ваеннапалонных. А вось яўрэяў, цыган і людзей з інваліднасцю, асабліва з псіхічнымі адхіленнямі, забівалі менавіта за іх паходжанне або нейкія біялагічныя асаблівасці. А рускіх так не забівалі. Нацысты з самага пачатку хацелі знішчыць яўрэяў менавіта як яўрэяў, а не за нешта іншае.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё