Пасол ЗША ў Канадзе Піт Хукстра (Pete Hoekstra) заявіў у інтэрв'ю канадскаму грамадскаму вяшчальніку CBC, што «размовы пра анексію Канады Злучанымі Штатамі скончыліся». «Дональд Трамп больш пра гэта не гаворыць», — сказаў ён, маючы на ўвазе ранейшыя заявы прэзідэнта ЗША, які назваў Канаду «51-м штатам», а мяжу паміж краінамі — «штучнай лініяй» - чытаем у выданні Businessinsider.
Хукстра таксама згадаў пра запланаваную прамову караля Карла III у канадскім парламенце 27 мая, які па запрашэнні прэм'ер-міністра Марка Карні (Mark Carney) выступіць на адкрыцці новай парламенцкай сесіі. Апошні раз кіраўнік брытанскай манархіі асабіста зачытваў урадавы дакумент у Канадзе ў 1977 годзе — тады гэта рабіла каралева Лізавета II.
Прысутнасць караля некаторыя каментатары ўспрынялі як выраз брытанскай падтрымкі Канады, асабліва ў кантэксце папярэдніх заяў Трампа. Пасол Хукстра пракаментаваў гэта наступным чынам: «Калі (планаваная прамова Карла III) — гэта нейкае пасланне (з Лондана), то ёсць больш простыя спосабы яго перадаць». Ён таксама адзначыў, што прэм'ер-міністр Канады «можа патэлефанаваць прэзідэнту ЗША ў любы час».
Пасол дадаў, што ўлады ЗША ўважліва вывучаць змест прамовы, «паколькі яна складае праграму кіруючай партыі».
У кантэксце гандлёвых адносін паміж Канадай і ЗША прэм'ер-міністр Карні падкрэсліў, што любое пагадненне павінна ўключаць адмену амерыканскіх тарыфаў. Хукстра пацвердзіў, што перамовы, у тым ліку па мытных тарыфах, працягваюцца.
Адной з патэнцыйных абласцей супрацоўніцтва з'яўляецца ўдзел Канады ў праекце супрацьракетнай абароны ЗША «Залаты купал». Дональд Трамп згадаў пра гэта 19 мая, а прэм'ер-міністр Карні пацвердзіў перамовы, не раскрываючы падрабязнасцей магчымага ўкладу Канады ў праект, які ацэньваецца ў 175 мільярдаў долараў. Аднак ён назваў праект «добрай ідэяй», звярнуўшы ўвагу на «рэальныя пагрозы» з боку Кітая, Паўночнай Карэі і Расіі «ў недалёкай будучыні».
Карні падкрэсліў, што «Канада супрацоўнічае, калі хоча, а не таму, што вымушана супрацоўнічаць». Ён таксама дадаў: «Адна з прычын, чаму мы цяпер вядзём больш канструктыўныя перамовы з ЗША, заключаецца ў тым, што мы прадстаўляем свае варыянты».
нг