Беларуская Служба

Экспарт сельгаспрадукцыі і распрацовак польскага ВПК у Малайзію – прэзідэнт Дуда знаходзіцца з візітам у Куала-Лумпуры (ФОТА/ВІДЭА)

10.06.2025 17:18
Польскую прэзідэнцкую пару сустрэлі ў Куала-Лумпуры з нацыянальным каларытам – перад імі выканалі традыцыйны малайскі танец.
Аўдыё
  • Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пачаў афіцыйны візіт у Малайзію
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пачаў афіцыйны візіт у МалайзіюPAP/Paweł Supernak

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пачаў афіцыйны візіт у Малайзію. Мэта замежнай паездкі польскага кіраўніка – пашырэнне двухбаковага супрацоўніцтва ў розных галінах з афіцыйным Куала-Лумпурам. З Малайзіі Анджэй Дуда накіруецца з візітам у Сінгапур.

У замежнай паездцы прэзідэнта суправаджае яго жонка Агата Корнхаўзер-Дуда.

«Галоўнай мэтай візіту прэзідэнта ў Паўднёва-Усходнюю Азію з'яўляецца стварэнне ўмоў для спрыяльнага развіцця двухбаковых узаемаадносін і замежных інвестыцый у Польшчы», – паведаміла Канцылярыя галавы польскай дзяржавы.

Падчас сустрэч з афіцыйнымі прадстаўнікамі Малайзіі кіраўнік польскай дзяржавы абмяркуе і ўжо абмеркаваў шэраг пытанняў, датычных эканомікі і бяспекі.

Польскую прэзідэнцкую пару сустрэлі ў Куала-Лумпуры з нацыянальным каларытам – перад імі выканалі традыцыйны малайскі танец.

@swiatgwiazd.pl Wizyta Pary Prezydenckiej - Andrzeja Dudy z małżonką w Malezji!🤩 Powitanie robi wrażenie! #światgwiazd #malezja ♬ dźwięk oryginalny - Świat Gwiazd


У сталіцы краіны Куала-Лумпуры Анджэй Дуда правёў сустрэчу з прэмʼер-міністрам Анварам Ібрагімам.

Пасля перамоў польскі прэзідэнт і малайзійскі прэм’ер сустрэліся з прадстаўнікамі СМІ.

Анджэй Дуда сказаў, што гандлёва-эканамічныя адносіны паміж дзвюма краінамі развіваюцца дынамічна.

- Дзякую за запрашэнне наведаць Малайзію. Для мяне – гэта вельмі важна, тым больш, што апошні афіцыйны візіт прэзідэнта Польшчы ў вашай прыгожай краіне адбыўся ў 1999 годзе – тады Малайзію наведаў прэзідэнт Аляксандр Квасьнеўскі. З таго часу мінула 26 гадоў. За гэты час Польшча дынамічна развівалася, яна змяніла сваё месца на палітычнай і эканамічнай карце свету. У той час мы толькі ўступалі ў НАТА, мы яшчэ не былі членамі ЕС. За гэты перыяд у эканамічным плане мы дасягнулі вельмі шмат. Гэта, дарэчы, бачна ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж Польшчай і Малайзіяй. Сёння Малайзія – наш другі гандлёвы партнёр у рэгіёне. Наша эканамічнае супрацоўніцтва, што падкрэсліваў спадар прэм’ер, развіваюцца дасканала – у нас назіраецца вялікі рост у гандлі.

Анджэй Дуда таксама сказаў, што спадзяецца далейшага росту гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Варшавай і Куала-Лумпурам.

- Хацелася б, каб рынак Малайзіі больш адкрыўся для польскіх прадуктаў. Я перадаў дакумент, падрыхтаваны нашым Міністэрствам замежных спраў і Міністэрствам сельскай гаспадаркі, які тычыцца экспарту польскай сельгаспрадукцыі ў Малайзію. Грамадзяне Малайзіі ўжо добра ведаюць нашы харчовыя тавары, для прыкладу, вырабы малочнай прамысловасці, якія ўжо даўно прысутнічаюць на паліцах малайзійскіх крамаў. Хацелася б таксама запрапанаваць Малайзіі прадукцыю нашай мясной прамысловасці, перш за ўсё мяса птушкі. Нашы прадукты вядомыя ва ўсім свеце, спадзяюся, што ў вашай краіне ўдасца пашырыць асартымент.
Мы таксама адкрытыя на інвестараў з Малайзіі – мы будзем радыя прыняць у нашай краіне малайзійскіх бізнесменаў. Наша краіна прапануе замежным інвестарам шмат прэферэнцый і падтрымку, у тым ліку ільготнае падаткаабкладанне і крэдыты. Таму на польскім рынку існуе шмат прапаноў для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

Дуда сказаў, што неўзабаве адбудзецца візіт прэмʼер-міністра Анвара Ібрагіма ў Польшчу. Прэзідэнт выказаў спадзяванне, што ён будзе выкарыстаны для ўмацавання двухбаковых адносін.

Анджэй Дуда сустрэўся з салдатамі і афіцэрамі Каралеўскага бронетанкавага корпусу Узброеных сіл Малайзіі. Нейкі час таму Малайзія набыла ў Польшчы каля 50 танкаў PT–91M. Неўзабаве плануецца мадэрнізацыя баявых машын, што з’яўляецца шанцам для польскага ВПК атрымаць кантракт.

«Армія Малайзіі выкарыстоўвае нашы баявыя сістэмы. Я запрасіў прэмʼер-міністра накіраваць малайзійскую дэлегацыю на выставу ўзбраення ў горадзе Кельцы і азнаёміцца з нашай прапановай, якая пастаянна пашыраецца», – паведаміў польскі прэзідэнт.

Дуда расказаў пра тое, што ў Польшчы існуе досвед у правядзенні замежных міратворчых місій, зазначыўшы, што польскія ваенныя спецыялісты маглі б прымаць удзел у падрыхтоўцы вайскоўцаў для Узброеных сіл Малайзіі. Прэзідэнт паведаміў, што Польшча будзе пашыраць сваю прапанову па ваеннай тэхнікі, і нагадаў, што польская кампанія WB Electronics, якая вырабляе дроны і вайсковую электроніку, ужо прысутнічае на малайзійскім рынку.

Дуда і Ібрагім таксама абмеркавалі міжнародную сітуацыю, у тым ліку развязаную Расіяй вайну ва Украіне. Прэзідэнт зазначыў, што абодва бакі маюць аднолькавы погляд на тое, што адбываецца ў свеце, бо, паводле палітыкаў, Польшча і Малайзія – прыхільнікі мірнага вырашэння канфліктаў ва Украіне і на Блізкім Усходзе.

Прэмʼер Малайзіі ў сваю чаргу адзначыў, што Польшча за апошнія гады распрацавала новыя тэхналогіі, узмацніла сваю эканоміку і стала важным партнёрам яго краіны ў Еўрасаюзе. Ён таксама заявіў аб планах па ўмацаванні супрацоўніцтва з Польшчай у галіне ВПК, зялёнай энергетыкі, новых тэхналогій, харчовай і касметычнай прамысловасці.

Анджэй Дуда таксама выступіць з лекцыяй у Малайскім універсітэце – найстарэйшай ВНУ ў краіне, дзе вучыцца больш за 36 тыс. студэнтаў.

Візіт прэзідэнта Польшчы і яго жонкі ў Малайзію працягнецца да серады. Затым прэзідэнцкая пара адправіцца ў Сінгапур.

У чацвер і пятніцу запланаваны шэраг сустрэч і мерапрыемстваў Анджэя Дуды ў Сінгапуры. У прыватнасці, польскі прэзідэнт адкрые Бізнес-форум «Польшча – Сінгапур».

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл