11 год таму Лукашэнка раіў беларусам «не есці на ноч мяса», цяпер узурпатар загадаў «есці бульбу раз на тыдзень». Гэта рэакцыя дыктатара на дэфіцыт гародніны, у тым ліку з бульбы, у Беларусі ў апошнія месяцы.
Апошні месяц у сацыяльных сетках у Беларусі шырацца абураныя допісы ды каментары грамадзян. Справа ў тым, што з паліц беларускіх крам знікла бульба, людзі скардзіліся на тое, што амаль немагчыма яе набыць, альбо яна была надта дрэннай якасці, альбо вельмі дарагая. У адказ на гэта на днях Лукашэнка параіў беларусам не налягаць на бульбу. «Калі мы будзем есці бульбу, як пішам у тыктоках, то худзенькімі не будзем». Адзін раз на тыдзень, два максімум, і тое запечаную, ці пюрэ», — заявіў узурпатар. Недахоп бульбы ў крамах Лукашэнка патлумачыў дзеяннямі ворагаў, бізнэсоўцаў, каб накіраваць незадаволенне народу супраць Лукашэнкі.
Яшчэ Лукашэнка злуецца на вялізарны падзеж быдла ў краіне, пра гэта ён гаварыў падчас наведвання прадпрыемства «Беллакт» у Ваўкавыскім раёне. Віну ён ускладае на чыноўнікаў ды абяцае пасадзіць.
Ці гэта дапаможа ўзурпатару стабілізаваць сітуацыю ў краіне, пра гэта мы запыталіся ў палітолага Паўла Усава.
— Лукашэнка застаўся на ўзроўні 1994-га года, ён перакананы, што абвінавачванні ды пошук ворагаў, - адзіны рэцэпт на ўсе праблемы. Гэта ўжо прывяло яго да вялізарнага крызісу 2020-га года. Пасля ён змяніў крыху рыторыку, але цяпер бачым, што вярнуўся да ранейшых практык, на якіх ён будаваў сваё кіраванне на працягу 30-2і год. Ідзецца пра пастаяннае выкрыццё ўнутраных ворагаў, карупцыянераў-чыноўнікаў ды лянівы народ, які трэба ўвесь час пугаю падштурхоўваць да працы праз рэпрэсіі. Асноўная задача для яго цяпер палягае на ўтрыманні ўлады. Раней ён лавіраваў паміж жорсткім і мяккім курсам, а цяпер ён трымаецца ля ўлады выключна дзякуючы рэпрэсіям. Ён будзе імкнуцца ізаляваць як мага больш Беларусь ад знешніх уплываў, і будзе пабірацца па свеце, каб адцягнуць банкруцтва дзяржавы.
Слухайце размову ў аўдыёфайле
Размаўляў Юры Ліхтаровіч