Хасэйн Гарыбі, пасол Ірана ў Польшчы, заявіў, што немагчыма апраўдваць атаку на нейкую дзяржаву толькі таму, што нехта думае пра экзістэнцыйную пагрозу. Быццам бы дасягнутае пагадненне аб перамір'і, наколькі ён будзе трывалы – пакажа час. Аднак эксперт па Блізкім Усходзе, прафесар Пшэмыслаў Асевіч з Універсітэта Адама Міцкевіча ў Познані кажа, што найбольш у гэтым міры, як ні дзіўна, зацікаўлены прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
Вайна паміж Іранам і Ізраілем пачалася 13 чэрвеня. Асноўнымі мэтамі Ізраіля былі ядзерная праграма Ісламскай Рэспублікі і інфраструктура балістычных ракет, якія пагражаюць Ізраілю (Іран неаднаразова заяўляў, што яго мэта – знішчэнне Ізраіля). На пачатку аперацыі Ізраіль нанёс удар па ядзернай інфраструктуры Ірана, адначасова забіў высокапастаўленых іранскіх вайскоўцаў і спецыялістаў па ядзерных распрацоўках.
Пазней да атак далучыліся ЗША. Сем амерыканскіх бамбавікоў B-2 скінулі бомбы на Фардо і ядзерны абʼект у Натанзе. Амерыканскія войскі таксама атакавалі ядзерны абʼект у Ісфахане ракетамі, выпушчанымі з падводных лодак. Пасля нападаў міністр абароны ЗША Піт Хегсет абвясціў, што ядзерная праграма Ірана знішчана.
Іран цяпер значна далей ад атрымання атамнай бомбы, – заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа ў інтэрвʼю Politico.
24 чэрвеня прэзідэнт ЗША абвясціў аб прыпыненні ваенных дзеянняў паміж Іранам і Ізраілем.
Паводле слоў эксперта па Блізкім Усходзе, прафесара Пшэмыслава Асевіча з Універсітэта Адама Міцкевіча ў Познані цяпер дыпламатычныя дзеянні ЗША набяруць абароты:
– На маю думку, найбольш з гэтай троіцы (ЗША, Ізраіль, Іран) важна дасягнуць міру Дональду Трампу. Бо ён у гэтай сітуацыі можа выйсці як пераможца. У тэм сэнсе, што пакажа: мы правялі такую вырашальную атаку, хапіла аднаго ўдару без ахвяраў сярод цывільных людзей. Зрабілі мы гэта не супраць іранцаў, а супраць рэжыму, які спрабуе атрымаць зброю масавага паражэння.
Прафесар, эксперт па палітыцы ЗША Радаслаў Рыбкоўскі адзначае, што тое, як ЗША дзейнічалі ў ізраільска-іранскім канфлікце, а потым далучыліся да яго, сведчыць пра стаўленне амерыканскага лідара да НАТА. Амерыканіст нагадвае, што Дональд Трамп раней выказваў сумневы ў эфектыўнасці НАТА і сцвярджае, што члены Альянсу занадта мала трацяць на абарону.
– Не выглядае на тое, што ўсе саюзнікі ведалі, што ЗША будзе браць удзел у такой аперацыі. Гэта паказвае, якія адносіны Дональда Трампа да НАТА – Паўночнаатлантычны альянс мусіць служыць галоўнай мэце Трампа make America great again.
Тым часам іранскі парламент прагаласаваў за спыненне супрацоўніцтва з МАГАТЭ. Як паведамляюць іранскія агенцтвы Tasnim, Mehr, супрацоўнікі арганізацыі не змогуць уязджаць у Іран для праверак ядзерных абʼектаў, калі не будзе гарантаваная бяспека аб’ктаў. Спікер парламента Ірана Махамад Бакер Калібаф заявіў, што МАГАТЭ адмовілася нават дыстанцыйна асудзіць напад ЗША па ядзерных абʼектах і «выставіла на аўкцыён свой аўтарытэт». Ён дадаў, што супрацоўніцтва з арганізацыяй плануюць прыпыніць да таго часу, пакуль бяспека ядзерных абʼектаў не будзе гарантавана.
Hossein Gharibi, Iranian Ambassador to Poland
Хасэйн Гарыбі, пасол Ірана ў Польшчы заявіў, што немагчыма апраўдваць атаку на нейкую дзяржаву толькі таму, што нехта думае, што ёсць экзістэнцыйная пагроза, а заяву Ізраіля, што ён атакуе вайсковыя аб’екты дыпламат расцаніў як «жарт»:
– Ведаеце, я думаю, гэта жарт, калі яны сказалі, што мы атакуем ядзерныя абʼекты і ўстаноўкі ў Іране. Калі вы паглядзіце відэа ці фотаздымкі, то большасць з іх атак накіраваныя на грамадзянскую тэрыторыю ў Тэгеране, ва ўсіх гарадах. І гэта сапраўдная лухта, калі яны кажуць, што мы атакуем ядзерныя ўстаноўкі. Яны атакуюць таксама бальніцы, школы, універсітэты, а таксама было забойствы навукоўцаў. Я хачу спытаць, калі, напрыклад, у Ізраіля ёсць нейкая ілюзія, а я думаю, што гэта ілюзія, а не рэальнасць, што Іран зʼяўляецца экзістэнцыяльнай пагрозай, дык згодна з іх аргументам ёсць апраўданне для нападу на якую-небудзь краіну? Можа, восем ці дзевяць гадоў таму прэзідэнт Францыі пагражаў Ірану ядзерным нападам. І ці зʼяўляецца, напрыклад, апраўданнем нападу Ірана на Францыю? Таму што ў нас ёсць міжнароднае права, у нас ёсць інстытуты і гэты закон у Арганізацыі Абʼяднаных Нацый, і такі напад абсалютна супярэчыць Статуту ААН. Я думаю, што для гэтага няма апраўдання.
На пытанне, ці распрацоўвае Іран уласную ядзерную праграму, амбасадар пацвердзіў, што так:
– Ядзерную праграму? Так. Ядзерную зброю? Не. Гэта рознае.
На пытанне чаму Іран развівае ядзерны патэнцыял, калі нібыта не збіраецца вырабляць ядзерную зброю дыпламат адказаў, што ёсць распрацоўкі ў калявайсковай сферы:
– Вы ведаеце, што згодна з дамовай аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі кожны ўдзельнік дамовы мае права ўзбагачаць уран да 90%. Вядома, няма ніякіх абмежаванняў згодна з Дамовай аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. І мы зʼяўляемся ўдзельнікам Дамовы. 60% узбагачэння мы выкарыстоўваем у некаторых рэактарах (у ізатопе для лекавых мэтаў, а таксама для невялікіх рэактараў для караблёў і марскіх сіл). І для многіх мэтаў гэта можна было б выкарыстоўваць. Але, на жаль, ім не падабаецца, што ў нас ёсць такая магчымасць, гэта развіццё. Чаму? Таму што гэта побач са зброяй. Мы кажам: добра, няма праблем. Згодна з Дамоваю, мы знаходзімся пад кантролем МАГАТЭ. І ўся дзейнасць фіксуецца на камеру або інспектарам. Егіпет, у 1956 годзе, збіраўся стварыць ядзерны рэактар. Ізраіль яго знішчыў. А Іарданія хоча, Ізраіль не прызнае. Ірак хоча гэтага.
Таму што Ізраіль сказаў, я павінен быць краінай у рэгіёне з гэтай тэхналогіяй. Таму што я хачу вяршэнстваваць у рэгіёне. І я ніколі не дазволю гэта ніводнай краіне. Гэта рэальнасць.
Сёння ў Гаазе праходзіць саміт НАТА, на якім абмяркоўваецца павелічэнне выдаткаў на абарону.
Дональд Трамп падчас саміту заявіў, што амерыканская атака на Іран «паклала канец вайне». Трамп таксама заявіў, што калі Іран паспрабуе аднавіць сваю ядзерную праграму, Злучаныя Штаты зноў атакуюць. Амерыканская выведка ў сваёй першапачатковай ацэнцы наступстваў атакі заявіла, што яна не знішчыла ядзерны патэнцыял Ірана, а толькі адкінула яго на некалькі месяцаў. Аднак Трамп верыць у яго «поўнае знішчэнне».
IAR/вх