Беларуская Служба

Будучыню еўрапейскай бяспекі нельга гарантаваць без Беларусі

07.07.2025 16:22
Так мяркуюць беларускія эксперты, якія бралі ўдзел у падрыхтоўцы дакумента «Red Paper» EU-Belarus Security Framework 2025, мэта якога падкрэсліць тэрміновасць і важнасць пагроз, звязаных з Беларуссю.
Аўдыё
  • Палітолаг пра Беларусь як пра пагрозу і фактар стабільнасці для бяспекі Еўропы

Размешчаная на ўсходнім флангу ЕС, Беларусь становіцца ўсё больш важным вузлом у геапалітычнай архітэктуры рэгіёна — як крыніца рызыкі, так і патэнцыйны якар стабільнасці, гаворыцца ў дакуменце «Чырвоная кніга» Рамачны дакумент па бяспецы ў адносінах ЕС-Беларусь». Гэтая публікацыя была прадстаўлена ўпершыню на апошнім саміце НАТА ў Гаазе.

Пагрозы бяспецы, звязаныя з Беларуссю, сёння сталі важным выклікам для Еўрапейскай супольнасці. Больш за тое, Беларусь пад кантролем рэжыму Лукашэнкі актыўна супрацоўнічае з Расіяй, разам рыхтуючы магчымы напад на краіны НАТА з беларускай тэрыторыі. Цяпер крытычна важна гэта зафіксаваць і прапанаваць альтэрнатыву. Бо цяпер — ключавы момант для вызначэння будучыні Беларусі і яе адносін з Еўропай, перакананыя аўтары дакументы. Мы паразмаўлялі з адным з экспертаў, які ўдзельнічаў у напісанні аналізу, - палітолагам Змітром Міцкевічам.

— У першую чаргу варта сказаць, што Беларусь цяпер з'яўляецца палігонам для расійскай гібрыднай агрэсіі супраць Захаду. Мы бачым, што гэта міграцыйны крызіс, і іншыя аперацыі. Напрыклад, беларускімі пашпартамі могуць актыўна карыстацца расійскія агенты дзеля працы на тэрыторыі краін Захаду. Мы бачым, што рэжым Лукашэнкі актыўна выкарыстоўваецца пуцінскім рэжымам дзеля рознага кшталту вербальных атак  і гібрыдных небяспек для краін ЕС і НАТО. Гэта ўжо тое, што ёсць. Перспектывы яшчэ значна горшыя, паколькі магчыма выкарыстанне, напрыклад, узброеных сіл Рэспублікі Беларусь для прыкрыцця расійскай агрэсіі, напрыклад, некіх правакацый. Калі расійскія войскі, пераапранутыя ў жаўнераў рэжыму Лукашэнкі, могуць зладзіць правакацію на межы. Альбо ўвогуле пачаць ваенную кампанію, менавіта пад такім выглядам супраць краін Балтыі. Таксама выкарыстанне ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі, таксама замаскавана пад дзеянні рэжыму Лукашэнкі. Тут ёсць  шэраг небеспек, і вядома, што расіяне падобныя сцэнары прапрацоўваюць. Таму, што менавіта гэтая гібрыднасць для іх зараз з'яўляецца важнай, дзеля таго, каб не даць магчымасці краінам Загаду хутка на яе рэагаваць, ствараючы максімальную колькасць перашкод для працы механізмаў краін Еўрапейскага Саюза і НАТА.

У даследаванні гаворыцца пра важнасць прапанаваць альтэрнатыву, якой яна можа быць?

— У дакуменце прадстаўлены цэлы шэраг рашэння, якія можна прымяняць ужо цяпер. Напрыклад, галоўнае – стварэнне з беларусаў маніторынгавых структур, якія б дапамагалі б ведамствам пры ЕС ці НАТА разумець тое, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі ды Расіі, маніторынг пагрозы, якія сыходзяць з тэрыторыі Беларусі. Цэлы шэраг рэчаў, якімі можна карыстацца, каб хутка мець інфармацыю з Беларусі, яе разумець ды правільна яе інтэрпрэтаваць. Гэта ж тычыцца і разумення пагрозы, якая можа сыходзіць ад рэжыму Лукашэнкі.

«Red Paper» прызваны дапамагчы аргументаваць, што Беларусь можа быць не толькі пагрозай, але і часткай рашэння для рэгіянальнай бяспекі.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч