Беларуская Служба

У Польшчы выбухнуў дрон: улады называюць гэта расійскай правакацыяй

21.08.2025 10:51
У ноч на 20 жніўня ў вёсцы Асіны у 40 км ад Варшавы выбухнуў беспілотнік. Імаверна гэта быў «дрон-прынада».
Аўдыё
  • У ноч на 20 жніўня ў вёсцы Асіны у 40 км ад Варшавы выбухнуў беспілотнік. Імаверна гэта быў «дрон-прынада».
    , , 21  2025 .
Вайскоўцы вывучаюць месца падзення дрона, Асіны, 21 жніўня 2025 г. PAP/Wojtek Jargiło

Каля 2-й ночы 20 жніўня невядомы аб’ект упаў і выбухнуў на кукурузным полі ў вёсцы Асіны Лукаўскага павета, у 40 км ад Варшавы і прыкладна ў 100 км ад межаў з Украінай і Беларуссю.

Выбуховая хваля выбіла вокны ў трох жылых дамах. Паліцыя выявіла на полі абгарэлыя пластыкавыя і металічныя абломкі, раскіданыя ў радыусе каля 50 метраў.

Аперацыйнае камандаванне відаў Узброеных сіл Польшчы паведаміла, што «радыёлакацыйных запісаў пра парушэнне паветранай прасторы Польшчы з боку Украіны і Беларусі зафіксавана не было».

У расследаванні ўдзельнічаюць усе экстранныя службы разам з войскам, Агенцтвам унутранай бяспекі, Службай ваеннай контрразведкі, пракуратурай, паліцыяй і вайсковай жандармерыяй. Польшча таксама супрацоўнічае з Румыніяй, якая ўжо мела досвед у падобных выпадках.

Акружны пракурор у Любліне Гжэгаж Трусевіч заявіў, што, паводле папярэдніх дадзеных, аб’ект быў вайсковым дронам. «Ваенныя пракуроры вызначаць, што менавіта выбухнула, і дзе адбыўся выбух — у паветры ці пры ўдары аб зямлю», — сказаў пракурор у эфіры RMF24.

Як паведамляе PAP са спасылкай на крыніцу ў Міністэрстве нацыянальнай абароны Польшчы, дрон не меў баявой часткі, а нёс толькі невялікую колькасць выбуховага рэчыва, гэта быў так званы «дрон-прынада», які выкарыстоўваецца для перанасычэння варожай СПА.

Рэакцыя ўладаў

Міністэрства замежных спраў Польшчы абвясціла пра намер накіраваць ноту пратэсту. Прэс-сакратар МЗС Польшчы Павел Уроньскі сказаў Reuters, што аб’ект, які ўпаў у полі кукурузы, быў «расійскай версіяй дрона Shahed». 

У сваюча чаргу віцэ-прэм'ер, міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў:

«Зноў маем справу з правакацыяй Расійскай Федэрацыі, з расійскім дронам. Маем справу ў асаблівы момант, калі ідуць важныя перамовы аб міры. Маем справу ў момант, калі ёсць надзея, што гэтая вайна, якую распачала Расія — вайна супраць украінскай дзяржавы, але таксама вайна, якая пагражае бяспецы дзяржаў НАТА, — мае шанец скончыцца. Расія чарговы раз правакуе».

Палітык падкрэсліў, што Польшча ўзмацняе абарону паветранай прасторы, а ўжо хутка ў краіну трапяць новыя сістэмы супрацьпаветранай, супрацьракетнай і супрацьдронавай абароны.

«Трывае вывучэння месца выбуху. Следчыя хочуць знайсці ўсе фрагменты лятаючага аб’екта. Пакуль што забяспечаны, між іншым, фрагмент рухавіка з надпісамі на адной з азіяцкіх моваў. Пракуратура просіць прадстаўляць запісы з камер і апытвае сведкаў», — паведаміла карэспандэнтка Польскага радыё Агата Круль.

Паводле яе, віцэ-прэм’ер Касіняк-Камыш таксама заявіў, што «жыхары наваколля могуць разлічваць на падтрымку ў сувязі з пашкоджаннямі і перажываннямі».

Палкоўнік рэзерву, прафесар Ваеннай авіяцыйнай акадэміі Адам Радомыскі ў эфіры «Польскага радыё 1» адзначыў, што дрон, хутчэй за ўсё, не быў скіраваны супраць Польшчы:

«У той самы дзень, прыкладна ў той жа перыяд, адбываліся інтэнсіўныя ўдары з выкарыстаннем дронаў па Украіне. І магло быць так, што гэты дрон быў, напрыклад, сродкамі супрацьпаветранай абароны Украіны пашкоджаны або атрымаў тэхнічную няспраўнасць і проста змяніў запланаваны маршрут».

Эксперт падкрэсліў, што радыёлакацыйнае выяўленне такога аб’екта было ўскладнена праз нізкую вышыню палёту. 

Намеснік міністр навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Анджэй Шэптыцкі ў эфіры «Польскага радыё 24» заявіў, што краіна ў прыярытэтным парадку развівае сістэму СПА:

«Польшча мусіць развіваць сістэмы абароны, але не можа паддавацца расійскім правакацыям. Сістэма Barbara, заснаваная на аэрастатах, павінна вырашыць праблему выяўлення нізкалётных аб’ектаў, такіх як дроны. Расія, высылаючы гэты дрон, па-першае, на вайсковым узроўні тэстуе нашыя здольнасці, а па-другое — на палітычным узроўні імкнецца нас унутрана пасварыць: кідае нам гэтага дрона ў сад і глядзіць, як мы спрачаемся».


Беспярэчным застаецца адно: нягледзячы на прыроду з'яўлення дрона ў Польшчы, за рэакцыяй на гэты інцыдэнт пільна сочаць у Крамлі. 

PAP/IAR/эж