Сітуацыя пад кантролем, наплыў нелегальных мігрантаў працягваецца ў першую чаргу ў беларускага боку.
Часовы кантроль на мяжы з Германіяй ды Літвой быў уведзены польскім урадам 7 ліпеня. З таго часу было праверана 924 тысячы чалавек, у тым ліку 507 тысяч на мяжы з Германіяй. Пра гэта паведаміла ў панядзелак Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.
Падчас брыфінгу ў Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі камендант Памежнай службы генерал Роберт Баган паінфармаваў, што супрацоўнікі Памежнай службы адмовілі ва ўездзе ў Польшчу больш чым 343 замежнікам.
— На мяжы з Германіяй гэта было 200 чалавек, а на мяжы з Літвой - 130 чалавек. У Польшчу ў рамках спрошчанай рэадмісіі мы прынялі 115 чалавек. Гэта замежнікі, якіх нам перадалі нямецкія памежнікі. З Польшчы па гэтай жа працэдуры былі выдаленыя 63 замежнікі: 6 чалавек у Германію, астатнія ў Літву.
Генерал Баган дадаў, што з моманту ўвядзення памежнага кантролю супрацоўнікі памежнай службы таксама затрымалі дзясяткі кантрабандыстаў.
— Мы затрымалі на польска-літоўскай мяжы 17 памагатых, якія спрабавалі перавесці замежнікаў далей у Германію. Усяго сёлета мы затрымалі 353 кантрабандысты, 158 з якіх трапілі ў часовы арышт.
За апошнія 7 тыдняў у аднаўленні памежнага кантролю ўдзельнічалі больш за 44 000 супрацоўнікаў Памежнай службы, паліцыі і салдат Войска Польскага. Пра гэтым, «сітуацыя на польска-нямецкай і польска-літоўскай мяжах спакойная», — заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервінскі.
— Цяпер усё вельмі спакойна, больш спакойна, чым некалькі тыдняў таму. Мы ўмацавалі польска-літоўскую мяжу ды перахопліваем больш нелегальных мігрантаў. У адказ на гэта лукашэнкаўскія службы вырашылі павялічыць ціск з боку беларускай мяжы.
Пры гэтым, канчатковага рашэння аб захаванні памежнага кантролю не прынята. Міністр унутраных спраў і адміністрацыі заявіў, што пытанне будзе вырашана ў сярэдзіне верасня.
— Ці мы пойдзем на падаўжэнне часовых праверак на межах з Літвой і Германіяй? Не хачу спекуляваць, рашэнне будзе прынятае на падставе канкрэтных дадзеных.
Польскі бок хоча пракансультавацца па гэтым пытанні з прадстаўнікамі ўрадаў Літвы і Латвіі, паведаміў намеснік міністра Чэслаў Мрочэк.
— Нам трэба працягваць супрацоўнічаць з Літвой і Латвіяй, таму што, калі складаней стала пераходзіць мяжу на нашым адрэзку, тады мігранты спрабуюць пераходзіць пра літоўскую ці латвійскую межы. Гэта азначае для нас неабходнасць супрацоўнічаць, таму мы рыхтуем сустрэчы з віцэ-міністрамі Літвы і Латвіі.
На дадзены момант, расце колькасць спроб незаконнага перасячэння польскай мяжы толькі з боку Беларусі, паведаміў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервінскі. Палітык дадаў, што на іншых напрамках сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. Пры гэтым урад Польшчы не прыняў рашэнне, ці будзе адменены ці працягнуты часовы кантроль на межах з Літвой і Германіяй.
Юры Ліхтаровіч